Пастанова № 179 зьмененая. Прадпрыемцы задаволеныя

Міністэрства эканомікі пасьля звароту прадпрымальніцкіх саюзаў перагледзела сваю пастанову № 179, якая абмяжоўвала гандлёвую надбаўку на імпартныя тавары 30 працэнтамі. У выніку перамоваў бакі сышліся на формуле надбаўкі “30+30”.
Удзельнік перамоваў у Мінэканомікі, старшыня Саюзу юрыдычных асобаў Рэспубліканскай канфэдэрацыі прадпрымальніцтва Віктар Маргелаў сьведчыць, што ўчора была падпісаная новая пастанова, якая фактычна вярнула ранейшы парадак, які існаваў да зьяўленьня пастановы Мінэканомікі № 179.

Цяпер імпартэры могуць налічваць на тавары 30 працэнтаў надбаўкі, а яшчэ 30 працэнтаў да іх кошту могуць дадаваць пры продажы ў гандлі ўраздроб.

У гэтыя сумы не ўваходзяць транспартныя, мытныя і іншыя выдаткі.

Віктар Маргелаў сьведчыць, што прадпрымальнікі ў цэлым задаволеныя:

“Гэта кампраміс, гэта важнае і патрэбнае рашэньне. Жыцьцё такое, што мы шмат чым не задаволеныя, але трэба ўсё паступова вырашаць, і галоўнае, каб не пагоршыць сытуацыі. Таму мы задаволеныя, што мы хаця б вярнуліся да той сытуацыі, якая была”.