Прадпрымальнікі здолелі давесьці ўраду, што гэтая норма можа выклікаць крах тысяч прадпрыемстваў і вяртаньня да часоў дэфіцыту. Аднак канчатковага рашэньня Мінэканомікі пакуль няма.
Пастанова Мінэканомікі № 179 выйшла 3 верасьня і павінна была б увайсьці у сілу праз 10 дзён. Яна тычыцца значнага сэгмэнту спажывецкага рынку: імпарт займае каля 15 працэнтаў гандлю харчовымі таварамі і каля 30 — нехарчовымі. Пасьля шматлікіх зваротаў прадпрымальніцкіх саюзаў і перамоваў ведамства вырашыла адкарэктаваць свой нарматыўны акт. Гэта пацьвердзіла прадстаўніца Мінэканомікі Беларусі Натальля Пацейка са спасылкай на намесьніка міністра Ўладзімера Адашкевіча:
“Пытаньне ў прапрацоўцы... Апошняй інфармацыі пакуль няма, Адашкевіч сказаў, што арыенціровачна ў чацьвер мы дамо інфармацыю”.
Матывы, якія агучыла Мінэканомікі пры прыняцьці гэтай пастановы, наступныя: абараніць беларускіх вытворцаў ад экспансіі тавараў з-за мяжы і абмежаваць рост цэнаў. Ёсьць і трэці матыў — зьнізіць адмоўнае сальда зьнешняга гандлю, якое набыло пагражальныя памеры — каля трох мільярдаў даляраў.
179-я пастанова Мінэканомікі сталася сапраўдным шокам для прадпрымальнікаў. Паводле старшыні Саюзу юрыдычных асобаў Віктара Маргелава, яна закранула тысячы сярэдніх і дробных прадпрыемстваў, тысячы індывідуальных прадпрымальнікаў і працаўнікоў гандлю. Прычым ня проста закранула, а паставіла пад пагрозу існаваньне іхняга бізнэсу. Апрача таго, беларусы адразу адчулі б дэфіцыт якасных імпартных тавараў, а краіны-пастаўшчыкі імпарту маглі б зрабіць аналягічныя захады адносна экспарту на іхнюю тэрыторыю беларускіх тавараў. Кіраўнік гандлёва-эканамічнай місіі Ўкраіны Пятро Лайшаў паведаміў “Свабодзе”, што гэтая пастанова ўжо вывучаецца ва ўкраінскім урадзе.
Уладальніца менскага прадпрыемства, якое гандлюе замежнай вопраткай і пасьцельнай бялізнай, Кацярына
Пастанова Мінэканомікі - дывэрсіяй агульнадзяржаўнага маштабу ...
“У мяне самой дзьве крамкі. І я палічыла: 10 тысяч даляраў у мяне, дапусьцім, будзе закупка, хай мая дазволеная надбаўка з маімі затратамі будзе 5100, дык у мяне арэнда на дзьве крамы толькі 3400. Плюс падаткі — гэта 4200. Дзьве сястры працуюць у мяне (я маю сямейны бізнэс), ім трэба заплаціць мінімум па 400 даляраў. Мне самой застаецца 100 даляраў на ўтрыманьне маёй сям'і”.
Паводле Кацярыны Чыжык, мінімальная гандлёвая надбаўка на яе тавары, якая давала б магчымасьць разьвіваць бізнэс, складае ня 30, а 70 працэнтаў.
Удзельнік перамоваў у Мінэканомікі, старшыня Саюзу юрыдычных асобаў Рэспубліканскай канфэдэрацыі прадпрымальніцтва Віктар Маргелаў сьведчыць, што ўрадавы бок успрыняў аргумэнты бізнэсу і пагадзіўся ня толькі аблегчыць гэтую пастанову, але і зьмяніць падыходы — цяпер абмяркоўваецца так званая схема “20+30”. Размова йдзе пра тое, што з гэтай гандлёвай надбаўкі будуць выведзеныя транспартныя і мытныя плацяжы, працэнты па крэдыце ды іншыя выдаткі.
“Потым зьверху можна яшчэ да гэтых выдаткаў дадаць 20 адсоткаў валавога даходу, зь якога ты ўжо плаціш сваім супрацоўнікам, ды іншае. А потым яшчэ зьверху 30 працэнтаў гандлёвай надбаўкі ўнутры краіны”.
Віктар Маргелаў мяркуе, што большасьць бізнэсоўцаў такія парамэтры працы задаволяць. На некаторыя віды тавараў, такія, як золата, парфума, гандлёвая надбаўка рэгулявацца наагул ня будзе. Праблемы застануцца хіба для тых імпартэраў, якія прадаюць дарагія тавары, што чакаюць свайго пакупніка месяцамі. Але гэта ўжо невялікі сэгмэнт рынку, і пры гэтым урадавы бок шукае, як дапамагчы і ім захаваць свой бізнэс.
Ганаровы старшыня Беларускага саюзу прадпрымальнікаў Аляксандар Патупа мяркуе, што сытуацыя з пастановай нумар 179 паказала заганнасьць практыкі закрытага прыняцьця нарматыўных актаў.
“Мы ўвесь час заклікалі і заклікаем улады: ды паказвайце свае праекты! Але ўладзе часьцей за ўсё гэта вельмі нязручна рабіць, таму што ніякіх абгрунтаваньняў няма. Ёсьць нейкае валявое рашэньне: вось стукнула ў галаву камусьці зь міністраў, прабіў наверсе, і йдзе справа. Гэта жудасна. З-за гэтага дзяржава і краіна ў цэлым нясе вялізныя страты”.