Заўтра ў Маскве зьбіраецца саміт Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бясьпецы, статут якой быў падпісаны ў 2002 годзе Армэніяй, Беларусьсью, Казахстанам, Кіргізстанам, Расеяй і Таджыкістанам. У 2006 годзе да арганізацыі далучыўся Ўзбэкістан.
Паводле статуту, дзяржавы адмаўляюцца ўжываць сілу ў адносінах адна да адной, і ад уступленьня ў іншыя вайсковыя саюзы. Агрэсія супраць адной з гэтых дзяржаў трактуецца як агрэсія супраць усіх.
Нагадаем, што прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка 28 жніўня заклікаў разгледзець пытаньне аб незалежнасьці Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі як раз на саміце Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бясьпецы.
Шанцы прызнаньня незалежнасьці Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі гэтай арганізацыяй ацэньвае аглядальнік нашага радыё Ян Максімюк:
Калі глядзець на арганізацыю ў цэлым, дык шанцы невялікія, амаль нулявыя
Можна таксама прагназаваць, што і Казахстан, які Аляксандар Салжаніцын прапанаваў уключыць у новы „расейскі саюз” разам зь Беларусьсю і Ўкраінай, таксама будзе супраць такога прызнаньня, каб не выклікаць дэманаў расейскага сэпаратызму ў сябе. Нагадаем, у 17-мільённым Казахстане чатыры з паловаю мільёны расейцаў.
Сёньня няпярэдадні саміту ў Маскве міністры замежных справаў краінаў-удзельніцаў Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бясьпецы у сумеснай заяве выказалі падтрымку актыўнай ролі Расейскай Фэдэрацыі ва ўсталяваньні міру і супрацоўніцтва на Каўказе. Аднак ад заявы пра прызнаньне незалежнасьці Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі ўстрымаліся. Гэта і ёсьць, па-мойму, адказ на галоўнае пытаньне, якое на саміце будзе абмяркоўвацца заўтра.
Такім чынам Аляксандар Лукашэнка, калі прапанаваў прыняць „кансалідаваную пазыцыю” па Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі на саміце гэтай арганізацыі, разьлічваў якраз на тое, што „кансалідаванага” рашэньня ня будзе.
Захад не гатовы паміраць ані за Цхінвалі, ані за Горы, але ў стане ацаніць супрацьстаяньне малой суседняй дзяржавы Маскве
Хутчэй за ўсё — так. Але Масква можа даціснуць Лукашэнку, так бы мовіць, адзін на адзін, калі зноў стане пытаньне аплаты за расейскі газ. Так што варта пачакаць да зімы, каб пераканацца, якую цану Лукашэнка гатовы заплаціць за сваё непадпарадкаваньне Маскве. А, можа, нехта да таго часу яму запрапануе, што гэтую цану заплаціць за яго?
Гэткая думка прыходзіць, калі чытаеш паведамленьні, што ЗША даюць Грузіі дапамогу 1 мільярд даляраў. Тым часам Міжнародны валютны фонд прапануе Тбілісі пазыку ў 750 мільёнаў даляраў. Захад не гатовы паміраць ані за Цхінвалі, ані за Горы, але ў стане ацаніць супрацьстаяньне малой суседняй дзяржавы Маскве”.