5 верасьня на менскім стадыёне “Трактар” пройдзе адборачны матч моладзевага чэмпіянату Эўропы па футболе паміж зборнымі Грузіі і Расеі. У сувязі з расейска-грузінскім канфліктам УЭФА перанесла гэтую гульню з Масквы на нэўтральнае поле. На думку прадстаўніка грузінскай дыяспары ў Менску Ўладзіміра Хачырашвілі, Беларусь стала для Грузіі нэўтральным полем і ў значна шырэйшым сэнсе, калі мець на ўвазе канфлікт Тбілісі і Масквы:
“Таму што пакуль Беларусь ні тым, ні другім ні шкоды, ні карысьці не прынесла”.
Грузінская дыяспара ў Беларусі нешматлікая і не аб’яднаная ў нейкае грамадзка-культурнае таварыства, распавядае яе прадстаўнік Уладзімер Хачырашвілі. Гэта пераважна людзі, якія прыехалі ў савецкія часы і ўжо даўно інтэграваліся. Але ўсе яны цяпер хвалююцца за радзіму, за сваякоў, кажа спадар Хачырашвілі:
“Я спрабаваў датэлефанавацца да свайго брата Гурамі, які ў Горы жыве,—нічога не атрымалася. Што зь ім — ня ведаю. Я спрабаваў зьвязацца са сваёй сястрой Натэлай. Яна выкладае ў асэтынскім сяле на поўнач ад Горы, і таксама не атрымаў ніякай інфармацыі...”
Апошнім часам Расея недвухсэнсоўна дае зразумець, што хацела б дамагчыся ад Беларусі больш сур’ёзнай падтрымкі ў сваім канфлікце з Грузіяй, і, у прыватнасьці, прызнаньня незалежнасьці Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі. Афіцыйны Менск лавіруе. А.Лукашэнка спаслаўся на неабходнасьць разгледзець гэтую праблему ў калектыўных органах СНД. Ужо 5 верасьня чакаецца абмеркаваньне пытаньня ў рамках АДКБ — абарончай структуры краін-сябраў Садружнасьці.
Грузія, у адрозьненьне ад Расеі, не зьбіраецца актыўна ўплываць на пазыцыю Беларусі і іншых былых калег па СНД, кажа старшыня Камітэту міжнародных спраў у парлямэнце Грузіі Лаша Жванія:
Калі тэрытарыяльная цэласнасьць Грузіі застанецца пад пытаньнем, то гэта ставіць пад пытаньне і тэрытарыяльную цэласнасьць іншых краін у рэгіёне
Пры гэтым спадар Жванія прызнаў, што апошнім часам з афіцыйнага беларускага боку не было зваротаў да грузінскага кіраўніцтва.
“Не былі ў кантакце, на жаль, беларускія калегі не тэлефанавалі нам. Калі ж зьвернуцца, мы абмяркуем зь імі ўсе пытаньні. Мы абсалютна адкрытыя, як мы адказалі на вашае тэлефанаваньне, так мы адказваем на тэлефанаваньні нашых калег”.
Адсутнасьць беларуска-грузінскіх кантактаў на афіцыйным узроўні ў пэўнай ступені кампэнсуюць сустрэчы, якія праводзілі ў Тбілісі прадстаўнікі беларускай апазыцыі. Лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька апошні раз пабываў у Тбілісі ў 2005 годзе. Тады ён сустракаўся з прэм’ерам, сьпікерам парлямэнту, міністрамі і дэпутатамі. Ён мяркуе, што грузінска-беларускія адносіны маюць пэрспэктывы і ў палітыцы, і ў эканоміцы, што ў грузінаў ёсьць варты вывучэньня досьвед эканамічных і сацыяльных пераўтварэньняў. Але беларускае кіраўніцтва, азіраючыся на Маскву, гэтыя адносіны не разьвівае.
Спадар Лябедзька перакананы, што з пункту гледжаньня нацыянальных беларускіх інтарэсаў Менску добра цяпер застацца як мінімум нэўтральным у дачыненьні да грузінска-расейскага супрацьстаяньня:
“Трэба прымаць пад увагу, што сёньня, калі мы дапамагаем ствараць нейкія прэцэдэнты, то потым самі можам стаць часткай гэтага прэцэдэнту. Таму тут з нацыянальных інтарэсаў і зь неабходнасьці паляпшаць адносіны на заходнім накірунку Лукашэнка спрабуе не заняць нічыйго боку. Ці атрымаецца, ці не — паглядзім. Сытуацыя няпростая”.
з нацыянальных інтарэсаў і зь неабходнасьці паляпшаць адносіны на заходнім накірунку Лукашэнка спрабуе не заняць нічыйго боку
Ці стане 2008 год сапраўды прарывам у беларуска-грузінскіх дачыненьнях, будзе ясна пазьней, калі Беларусь канчаткова адрэагуе на балючую для Грузіі праблему прызнаньня ці непрызнаньня незалежнасьці сэпаратысцкіх рэспублік Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі.