Сёньня Цэнтральная выбарчая камісія пачынае разгляд скаргаў незарэгістраваных кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў чацьвёртага скліканьня. Акруговыя камісіі адмовілі ў рэгістрацыі 84 прэтэндэнтам на дэпутацкія мандаты. Колькі зь іх вырашылі абскардзіць гэтыя рашэньні? Чаму незарэгістраваныя кандыдаты падаюць свае скаргі?
Ужо вядома, што як найменей 50 прэтэндэнтаў на дэпутацкія мандаты падалі скаргі ў Цэнтральную выбарчую камісію. Кожны зь іх лічыць, што яго не зарэгістравалі наўмысна альбо акруговыя камісіі нешта наблыталі. Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік гаворыць: пасьля аналізу зваротаў адрынутых кандыдатаў у дэпутаты можна казаць пра пэўныя тэндэнцыі:
“Папярэдні аналіз гэтых скаргаў паказвае, што акруговыя камісіі ў асноўным прынялі абгрунтаваныя і ўзважаныя рашэньні аб адмове ў рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты. Але ёсьць і спрэчныя моманты. І я думаю, што па выніках разгляду гэтых скаргаў колькасьць кандыдатаў у дэпутаты павялічыцца? і канкурэнцыя некалькі ўзрасьце”.
Выглядае, самая балючая праблема – гэта праверка подпісаў, якія ставілі грамадзяне Беларусі за патэнцыйных прэтэндэнтаў. Выбарчае заканадаўства прадугледжвае, што акруговыя камісіі праглядаюць 20% на выбар любых подпісаў. І калі ўзьнікаюць праблемы, дык яны вывучаюць подпісы далей. Пра гэта ўсе ведаюць, і таму патэнцыйныя кандыдаты надзвычай уважліва праглядаюць сабраныя подпісы. Вось што гаворыць пра гэта намесьнік старшыні БНФ Вінцук Вячорка, якому акруговая камісія адмовіла ў рэгістрацыі:
“Я падаю скаргу на рашэньне акруговай выбарчай камісіі – не зарэгістраваць мяне. Таму што паводле таго рашэньня, копію якога я атрымаў, у мяне нібыта знойдзены нейкі працэнт несапраўдных подпісаў. Гэтага быць ня можа. Подпісы ўсе сапраўдныя, аўтэнтычныя.
Я не ўпершыню падаю на рэгістрацыю подпісы. І ніколі раней такіх праблемаў не было. Больш за тое, я падаў на рэгістрацыю далёка ня ўсе сабраныя подпісы, што зноў жа сьведчыць, што ў іх якасьці і аўтэнчынасьці я абсалютна ўпэўнены”.
Другая галоўная прычына, зьвязаная так ці інакш з маёмасьцю. У якасьці прыкладу можна зьвярнуцца да Ўладзімера Навасяда – дэпутата Палаты прадстаўнікоў папярэдняга скліканьня. Сёлета ён зноў спрабаваў абрацца дэпутатам:
“Акруговая камісія не зарэгістравала мяне дэпутатам на той падставе, што ў маёй жонкі ёсьць прыватызаваны кавалак зямлі пад забудову. Ён быў выдзелены маёй жонцы ў 1994 годзе.
Пасьля такога рашэньня я адразу паехаў на гістарычную радзіму, у Магілеўскі раён. Узяў там даведкі, што гэты кавалак зямлі мая жонка прадала яшчэ ў 1998 годзе. У мяне ёсьць даведка, што ў гэтым каапэратыве – “Каласок” (буду памятаць гэты назоў да пэнсіі), зямлі, якая належыць Навасяд Але Ўладзіміраўне і Навасяду Ўладзімеру Ўладзімеравічу, ад 1998 году няма.”