Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Эфір 29-га жніўня.
Аляксандар Лукашэнка лічыць, што прызнаньне Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі павінна быць супольным рашэньнем саюзьнікаў Расеі па Дамове аб калектыўнай бясьпецы. Ці можна зрабіць выснову, што ў Беларусі нарэшце зьявілася дыпляматыя? Якія прагнозы наконт супольнага рашэньня АДКБ па гэтым пытаньні? Што Масква будзе рабіць зь Беларусьсю пасьля такога дыпляматычнага ўхіленьня ад прызнаньня Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі?
Удзельнікі: былы амбасадар Беларусі ў Нямеччыне Пятро Садоўскі зь Менску і дацэнт расейскай Вышэйшай школы эканомікі Андрэй Суздальцаў з Масквы.
У Беларусі зьявілася дыпляматыя?
Валер Карбалевіч: “Пасьля паездкі Лукашэнкі ў Сочы, сустрэчы беларускага лідэра з прэзыдэнтамі Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі здавалася, што пытаньне аб прызнаньні Беларусьсю гэтых рэспублік усьлед за Расеяй перадвырашана. Але атрымалася інакш. Пасланьне Лукашэнкі Мядзьведзеву па гэтым пытаньні з гледзішча дыпляматыі можна назваць элегантным. Кіраўнік Беларусі падтрымаў пазыцыю Расеі, выказаў гатоўнасьць прызнаць Паўднёвую Асэтыю і Абхазію ў якасьці незалежных дзяржаваў, але пры ўмове, што гэта зробяць сябры Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ).
Падобную тактыку Беларусь рэалізоўвала з самага пачатку каўкаскай вайны. Афіцыйны Менск паўтара тыдні трымаў паўзу, займаў пазыцыю нэўтралітэту, выказваў гуманітарную падтрымку Расеі, а не палітычную. І толькі падчас перамоваў з расейскім прэзыдэнтам Мядзьведзевым у Сочы Лукашэнка поўнасьцю падтрымаў пазыцыю Масквы. Можна выказаць здагадку: мусіць, не задарма.
Дык вось, калі глядзець на палітычную лінію Беларусі з пачаткам каўкаскай вайны, то можна зрабіць выснову, што ў Беларусі зьявілася тое, чаго раней не было: у Беларусі зьявілася дыпляматыя. Ці згодныя вы з такою высноваю?”
Пятро Садоўскі: “Як былы амбасадар, я амаль што пагадзіўся б з азначэньнем “элегантны” адносна гэтага кроку Менску. Тое ж можна сказаць і пра тую паўзу, якую вы адзначылі. І падчас сустрэчы Лукашэнкі зь Мядзьведзевым у Сочы публічнай заявы пра прызнаньне гэтых рэспублік не было. Гаварылася пра “прыгожыя” дзеяньні Расеі, якая папярэдзіла вайну.
Гэтае пасланьне трэба разглядаць у зьвязку з вызваленьнем трох палітвязьняў. Таксама Лукашэнка напусьціў вэрбальнага туману наконт выбараў. У тэлеперадачы “Панарама” паказалі гутарку гісторыкаў, якія разумна апавядалі пра гісторыю дачыненьняў Асэтыі, Расеі і Грузіі.
У выніку ламаецца стэрэатып пра Беларусь і Лукашэнку. (Дарэчы, сёньня я чуў па радыёстанцыі “Deutsсhe Welle”, што Беларусь прызнала незалежнасьць Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі. Таксама стэрэатып.) Беларуская дыпляматыя працуе. Можа, лорд Бэл падказаў”.
Суздальцаў: “Гэта зрабіла проста гнятлівае ўражаньне на расейскі палітычны кляс”
Андрэй Суздальцаў: “Для Расеі сытуацыя была цяжкай і крытычнай адразу пасьля пачатку вайны 8 жніўня. Беларусь маўчала. І гэта, дарэчы, адбілася на 600 тысячах беларусаў, якія жывуць і працуюць у Расеі.
Войска іншай краіны напала на расейскіх вайскоўцаў, пачалася вайна. Загінулі 64 расейскія вайскоўцы. А паміж Беларусьсю і Расеяй падпісана саюзная дамова. І з боку тых дзеячаў, якія доўга заяўлялі, што мы знаходзімся з Расеяй у адной дзяржаве, падтрымка павінна была зьявіцца аўтаматычна.
Але падтрымка Беларусі была атрымана пасьля скандалу, пасьля таго як незадаволеньне пазыцыяй саюзьніка выказалі ў расейскай Дзярждуме, выступіў расейскі амбасадар у Менску. Палітычная падтрымка з боку Беларусі зьявілася толькі 19 жніўня падчас сустрэчы ў Сочы двух прэзыдэнтаў.
На гэтай сустрэчы ў Сочы Лукашэнку папярэдзілі, што Расея пачынае працэс прызнаньня незалежнасьці Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі. І вось тут узьнікла тое, што вы называеце “беларускай дыпляматыяй”. Магчыма, з гледзішча Захаду гэта сапраўды дыпляматыя.
А вось як убачыла Расея дзеяньні бліжэйшага саюзьніка. Зьявіліся выступы беларускіх дэпутатаў: Гайдукевіча, Чаргінца. Найбольш скандальным атрымаўся выступ амбасадара Беларусі ў Расеі Даўгалёва. Ён даў інтэрвію расейскім мэдыям, што Беларусь прызнае гэтыя дзьве дзяржавы, бо мы ж саюзьнікі. А потым абверг гэтую пазыцыю для беларускіх мэдыяў. Гэта выклікала проста гнятлівае ўражаньне на расейскі палітычны кляс. Гэта не дыпляматыя, спадары”.
Садоўскі: “Адна заўвага. Пытаньне не такое простае. Вайну ў Чачэніі Расея назвала “аднаўленьнем канстытуцыйнага парадку”. А такія ж дзеяньні Грузіі называе агрэсіяй”.
Што вырашыць АДКБ?
Карбалевіч: “У сваім пасланьні Мядзьведзеву Лукашэнка паставіў прызнаньне Беларусьсю незалежнасьці Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі ў залежнасьць ад супольнага рашэньня сябраў АДКБ. Гэта ваенна-палітычны саюз на чале з Расеяй, то бок бліжэйшыя саюзьнікі Масквы. Але і Шанхайскую арганізацыю супрацоўніцтва дагэтуль таксама лічылі палітычным саюзам, у якім Расея дамінуе. Але ён не падтрымаў Расеі. Пакуль Масква знаходзіцца ў ізаляцыі, без саюзьнікаў. Якія вашы прагнозы наконт супольнага рашэньня АДКБ у пытаньні прызнаньня незалежнасьці Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі?”
Садоўскі: “У АДКБ, як і ў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, кожная краіна будзе імкнуцца схавацца за калектыўнае рашэньне. Бо адбываюцца вялікія перамены, калі ня новая геапалітычная карта малюецца. Таму ўсе захоўваюць асьцярожнасьць. У панядзелак зьявіцца рашэньне ЭЗ наконт санкцый супраць Расеі. Таму сябры АДКБ выкажуцца ў стылі, падобным да заявы Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, але падтрымка Расеі будзе больш выразная”.
Суздальцаў: “Адна справа, калі Расея ўступіла ў вайну, і ёй патрабавалася палітычная падтрымка саюзьнікаў паводле дамовы аб утварэньні саюзу. А наконт прызнаньня іншых дзяржаваў ніякіх дамоваў няма.
Таксама думаю, што нейкая салідарнасьць зь дзеяньнямі Расеі будзе выказана, але ня больш за тое. На гэта ёсьць прычыны. Усе чакаюць разьвязкі сутыкненьня паміж Расеяй і Захадам, самага жорсткага сутыкненьня з 90-х гадоў.
А АДКБ — вельмі слабая структура. Лічу, што спасылка Лукашэнкі на гэтую арганізацыю ня вельмі сур’ёзная. Думаю, таму ўсплыла гэтая структура, што яе саміт адбудзецца хутка. Але гэта адгаворка. Лічу, што Беларусь не прызнае незалежнасьці Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі”.
Што Масква будзе рабіць зь Беларусьсю?
Карбалевіч: “Расея была моцна зацікаўленая, каб Беларусь прызнала незалежнасьць Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі. Расейскі амбасадар выказаў гэта адкрытым тэкстам. Але вось пакуль не атрымалася. Што Масква будзе рабіць зь Беларусьсю? Пасьля доўгага маўчаньня Менску падчас каўкаскай вайны расейскія мэдыі назвалі Лукашэнку здраднікам. А што цяпер? Расея будзе ціснуць — або купляць Беларусь?”
Садоўскі: “Думаю, рукі ніхто выкручваць ня будзе. У міжнароднай палітыцы ёсьць прыклады, калі такія канфліктныя сытуацыі завісаюць надоўга. Вось Турцыя адна прызнае Паўночны Кіпр незалежнай дзяржавай шмат гадоў.
Будуць зацяжныя перамовы па пытаньнях, колькі што каштуе. Вось ЗША разьмяшчае ў Чэхіі і Польшчы элемэнты супрацьракетнай абароны. І тут дарэчы торг аб стварэньні адзінай супрацьпаветранай абароны Беларусі і Расеі. Гэта ж нешта каштуе. Плюс кошты на газ, на нафту. Але Лукашэнку шанцуе, гэтая сытуацыя для яго выгадная”.
Ці важная для Расеі пазыцыя Беларусі?
Суздальцаў: “Паўтараю, Расеі патрэбная была падтрымка 8 жніўня. Цяпер сытуацыя іншая. Думаю, 19 жніўня ў Сочы Лукашэнку запыталі па гэтым пытаньні, ён ухіліўся.
Наконт параўнаньня з Турцыяй. Але ж Турцыя не зьяўляецца суб’ектам сусьветнай палітыкі, а Расея зьяўляецца. Зразумела, сёньня падтрымка Расеі нейкай колькасьцю моцных дзяржаваў узроўню Казахстану для Масквы была б цікавай.
Падтрымка Беларусі для Расеі важная з гледзішча не замежнай, а ўнутранай палітыкі. З заклікам да Беларусі прызнаць незалежнасьць Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі выступаюць расейскія палітычныя сілы, арыентаваныя на Лукашэнку. Для іх такая стрыманая пазыцыя Менску — палітычная катастрофа.
Кіраўніцтва, палітычная кляса Расеі мабілізаваныя змагацца ў адзіноце, ісьці да канца. Зьвярніце ўвагу: Захад толькі пачынае пагражаць, Расея пачынае прэвэнтыўныя дзеяньні. Толькі пагразілі не прыняць Расею ў Сусьветную гандлёвую арганізацыю, — яна сама прыняла адпаведнае рашэньне. Толькі пагразілі эканамічнымі санкцыямі, — Расея зачыніла свой рынак для амэрыканскага харчаваньня.
Што тычыцца абаронных пытаньняў. Супрацьракетная абарона і супрацьпаветраная абарона працуюць у розных сфэрах. Дарэчы, адзіная супрацьпаветраная абарона існуе, толькі яна не кадыфікаваная.
У такой сытуацыі пазыцыя Беларусі для Расеі — чыньнік ня важны. Слова Лукашэнкі на міжнароднай арэне не каштуе нічога. Торгу ня будзе, за пустое месца ніхто таргавацца ня будзе. Проста гэты момант будзе ўлічаны, можа ў канцы году”.