На мінулым тыдні грузінскі міністар рэінтэграцыі Тэмур Якабашвілі даў эксклюзіўнае інтэрвію выканаўчаму рэдактару Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода Джону О’Салівану на тэму вываду расейскіх войскаў з Грузіі і праблемы рэінтэграцыі сэпаратысцкіх рэгіёнаў Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі. Прапануем урыўкі з гэтай размовы.
Джон О’Саліван: "Як вы разумееце цяперашнюю сытуацыю — расейцы выводзяць войскі ці не? А калі выводзяць, дык куды менавіта?"
Тэмур Якабашвілі: "Расея пачынае паказваць, што яна выводзіць войскі — але яна таксама пачынае ўпарта маніпуляваць гэтым вывадам. Яна маніпулюе і выдумлівае гэтак званыя „буфэрныя зоны”, маніпулюе геаграфічнымі тлумачэньнямі, маніпулюе моўнымі інтэрпрэтацыямі падпісаных пагадненьняў. Ведаеце, малое ашуканства тут, малое ашуканства там. Расейскі бок спадзяецца, што Захад застанецца сьляпы і глухі да гэтых пытаньняў, а мы спадзяемся, што Захад ня будзе сьляпы і глухі".
О'Саліван: "З таго, што кажаце, вынікае, што расейцы не датрымліваюцца умоваў спыненьня агню, якія яны падпісалі. А ці існуе нейкі рэальны спосаб, у які вы, або нехта іншы, прыкладам Захад, мог бы прымусіць іх прытрымлівацца ўмоваў перамір’я?"
Якабашвілі: "Дазвольце мне адказаць вам проста з мосту. Я ня бачу магчымасьці вайсковага ціску на Расею, але існуе магчымасьць палітычнага ціску на Расею, магчымасьць паказаць ёй палітычную цану недатрыманьня дамовы. Расейцы цяпер спрабуюць ашукаць ня толькі грузінаў, расейцы спрабуюць ашукаць увесь астатні сьвет. І я думаю, што астатні сьвет, асабліва Захад і асабліва тыя, хто дапамог ўсталяваць гэтае перамір’е, мусяць быць вельмі настойлівымі і вельмі непахіснымі адносна таго, што Расея павінна прытрымлівацца падпісаных пагадненьняў".
О’Саліван: "Ці членства Грузіі ў НАТА зьмяніла б сытуацыю? Калі б Грузія была членам альянсу, то ці справы пайшлі б па-іншаму?"
Якабашвілі: "Калі б мы былі членам НАТА, Расея ніколі не асьмелілася б зрабіць тое, што зрабіла. Калі б мы мелі нават Плян дасягненьня членства, Расея ніколі не асьмелілася б зрабіць тое, што зрабіла. Але яны ўспрынялі разрыў паміж эўрапейцамі — паміж „новымі” эўрапейцамі і „старымі” эўрапейцамі — як зялёнае сьвятло для пераходу цераз чырвоную лінію".
О’Саліван: "Цяпер мы маем сытуацыю, калі грузінская тэрыторыя апынулася ў руках Расеі. Калі Грузія ў нейкім моманце ў будучыні ўступіць у НАТА, дык і так ня будзе сапраўднай магчымасьці, каб НАТА выдаліла расейцаў шляхам нейкай вайсковай апэрацыі. У які спосаб НАТА або Эўразьвяз можа ўзьдзейнічаць на расейцаў?"
Якабашвілі: "Мне здаецца, што трэба перадусім мець на ўвазе палітычныя і эканамічныя меры. Большасьць расейскіх алігархаў, большасьць расейскіх службовых асобаў — у некаторых выпадках гэта адны і тыя ж асобы — маюць сваю маёмасьць на Захадзе. Значыць, калі ўжыць моцны выраз — вы трымаеце іх за яйцы — і хопіць толькі лёгка сьціснуць".
О’Саліван: Вы — міністар рэінтэграцыі. Ваша заданьне — пастарацца вярнуць Абхазію і Паўднёвую Асэтыю ў склад Грузіі дэ факта, у якой яны знаходзяцца дэ юрэ. Ці вы ў змозе зрабіць нешта дзеля гэтага ў нейкай абазначанай будучыні?
Якабашвілі: Так, нават на працягу свайго жыцьця, нават на працягу часткі гэтага жыцьця, бо цяпер сьвет бачыць, якая ў нас рэальнасьць. Цяпер усе, як думаю, ужо разумеюць, што мы не змагаемся з сэпаратызмам і сэпаратыстамі. Мы ваююем супраць падпарадкаваньня Расеі і супраць акупацыі Расеяй, калі малыя народы зьяўляюцца ўсяго разьменнымі грашмі ў палітычнай гульні. Я павінен падкрэсьліць, што мы знайшлі супольную мову з асэтынскімі сэпаратыстамі, і яны былі на нашым баку. Яны будавалі вёскі, яны будавалі школы, шпіталі, тэатры і спартовыя аб’екты — з нашай дапамогай. Але ў таго другога боку — гэтак званага сэпаратысцкага боку — 80 адсоткаў ураду складаюць расейцы з Расеі, з кагэбэшным мінулым. Міністар абароны, міністар унутраных справаў, міністар бясьпекі, міністар таго, міністар сяго. Пра што размова? Гэта вельмі дзіўная форма сэпаратызму. Мы павінны адрозьніваць іх ад, скажам, баскійскіх сэпаратыстаў, ірляндзкіх сэпаратыстаў ці квэбэцкіх сэпаратыстаў. У нашым выпадку Расея выкарыстоўвае малыя нацыянальныя меншасьці як прыладу маніпуляцыі супраць грузінскай дзяржавы. Гэта акупацыя зь вельмі складаным мэханізмам.