Перамовы беларускага МЗС з барысаўскай школьніцай ў Пэталуме не ўдаліся. Таня Казыра адмовілася скарыстацца зваротным квітком ў Менск, тэрмін якога заканчваўся ў нядзелю.
ВІДЭА на ангельскай мове
Адмыслова накіраваны ў ЗША пасол па асобых даручэньнях Павал Шыдлоўскі назваў рашэньне Казыры “няправільным”. 16-ці гадовая дзяўчынка паведаміла каліфарнійскім журналістам пра прапановы беларускага ўраду ў выпадку яе вяртаньня на радзіму.
Паводле Тані Казыры, абяцаньні беларускіх чыноўнікаў выглядалі шчодрымі. Вось некаторыя зь іх.
“Па-першае, гэта рамонт нашага дому, кажа Таня. Па-другое, я змагу вучыцца ў каледжы. Таксама, мяне заўсёды будзе ахоўваць міліцыя”.
“У Беларусі маё жыцьцё побач з бацькам-алькаголікам, які да таго ж ужывае наркотыкі, сапраўды жудаснае”, працягвае дзяўчынка.
Нагадаем, што фактычныя тата і маці Тані былі пазбаўленыя бацькоўскіх правоў, калі яна была зусім маленькай. Дзевяць гадоў таму, упершыню трапіўшы ў Пэталуму, дзяўчынка пачала называць “мамай” і”татам” Дэбру і Мануэля Запатаў. Іх траіх дзяцей яна лічыць братамі і сястрой.
“Я люблю маю сям’ю, а мая сям’я любіць мяне”, гаворыць Таня пра Запатаў.
Амэрыканская маці Дэбра ставіцца скептычна да таго, што Тане - адзінай з тысяч адпачываўшых у ЗША беларускіх дзяцей - адказныя чыноўнікі зь Менску зрабілі столькі прыгожых абяцаньняў. Яна не выключае, што вяртаньне дзяўчынкі ў Беларусь можа быць небясьпечным.
“Я маю некаторыя падозраньні адносна такой колькасьці прапаноў да аднаго дзіцяці. Я баюся за небясьпеку дзяўчынкі”, кажа Дэбра Запата.
Пасол па асобых даручэньнях Павал Шыдлоўскі, які паводле ягоных слоў, “прыехаў у Пэталуму ў інтарэсах дзяўчынкі”, з тым, каб Таня зрабіла “ўдумлівы і дарослы выбар” называе рашэньне застацца ў ЗША “няправільным”. Зь гледзішча беларускай дыпляматыі, гэта рэальная пагроза для будучыні чарнобыльскай праграмы ў ЗША. Дзякуючы ёй Амэрыку штогод наведваюць 1.400 беларускіх дзяцей.
“Мы спадзяёмся, что Taцяна і сям’я Запатаў зразумеюць сытуацыю, разгледзяць нашы прапановы і прымуць адзінае рацыянальнае рашэньне ў гэтай сытуацыі - адаслаць Таню назад”, сказаў беларускі дыплямат.
Адразу пасьля падзеяў 5 жніўня, калі Таня Казыра адмовілася разам з астатняй групай беларускіх дзяцей вяртацца дадому, афіцыйны Менск заявіў: маўляў, сваё рашэньне дзяўчынка прыняла пад ціскам амэрыканскай сям’і. Было агучана, што гэтага не хацела ні сама дзяўчынка, ні яе 68 гадовая бабуля - апякунка Надзея Новік.
Барысаўская школьніца, аднак, абвергла гэтыя сьцьвярджэньні. Адвакат іміграцыйных уладаў Крыстафэр Кероскі, якога наняла для дзяўчынкі сям’я Запатаў, заявіў, што бабуля ў часе тэлефоннай размовы афіцыйна блаславіла рашэньне ўнучкі.
Згодна з рашэньнем Дзярждэпартамэнту ЗША, Таня Казыра застаецца ў Пэталуме да 25 сьнежня , то бок да сканчэньня тэрміна яе турыстычнай візы. Просьба Казыры аб працягу знаходжаньня ў ЗША будзе разглядацца.
Паводле Запатаў, пакуль Таня можа толькі размаўляць па-ангельску і цяпер ёй трэба ўдасканальваць мову: вучыцца пісаць і чытаць. Гэтыя заняткі будуць праводзіцца дома. Турыстычная віза не дазваляе наведваць школу.
“Мы вывучаем ўсе юрыдычныя варыянты. Мы будзем дапамагаць нашай дачцэ, як бы цяжка гэта не было”, гавораць Мануэль і Дэбра Запаты.