Р.Гейтс: Адносіны ЗША і Расеі могуць пагоршыцца "на гады"

Міністар абароны ЗША Робэрт Гейтс заявіў, што амэрыканска-расейскія адносіны могуць пагоршыцца "на гады на наперад", калі Расея ня зьменіць сваёй "агрэсіўнай пазыцыі" ў адносінах да Грузіі.

На прэсавай канфэрэнцыі ў Пэнтагоне Гейтс сказаў, што дзеяньні Масквы ў Грузіі прывялі да сур'ёзных наступстваў у галіне бясьпекі і што ўсе адносіны з Расеяй будуць перагледжаныя.

Гейтс, аднак, дадаў, што ЗША ня маюць жаданьня вяртацца ў часы Халоднай вайны. Ён таксама сказаў, што амэрыканскі вайсковы пэрсанал у Грузіі будзе займацца толькі гуманітарнымі пытаньнямі і што няма патрэбы ў амэрыканскай вайсковай сіле ў цяперашнім канфлікце.

Дзяржсакратар ЗША нактроўваецца ў Тбілісі. Джордж Буш заявіў, што візыт Райс “гэта падтрымка Грузіі”. У Грузію і Паўднёвую Асэтыю прыбывае замежная гуманітарная дапамога.

Кантроль над Горы перададзены Грузіі

Расейскія ваенныя перадалі кантрольнад горадам Горы праваабарончым органам Грузіі, – заявіў прадстаўнік міністэрства абароны Расеі Вячаслаў Барысаў. Ён сказаў, што расейскія войскі цалкам пакінуць раён праз два-тры дні.

Ці сыдуць расейскія войскі з Горы і Поці?


Міністэрства ўнутраных спраў Грузіі сёньня паведаміла, што расейскія войскі сыходзяць з гарадоў Горы і Поці на грузінскай тэрыторыі. Аднак праз некалькі гадзін грузінскае міністэрства замежных спраў паведаміла, што расейскія войскі спынілі выхад з Горы і вярнуліся ў Поці.

Эўразьвяз прыняў плян мірнага ўрэгуляваньня

Міністры замежных спраў краін Эўразьвязу прынялі ў сераду плян урэгуляваньня канфлікту, прапанаваны Францыяй і ўзгоднены з Расеяй і Грузіяй. Прынятая на паседжаньні кіраўнікоў МЗС пастанова пацьвярджае падтрымку прынцыпаў сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці Грузіі. У дакумэнце няма ніякай крытыкі Расеі, на якой настойвалі кіраўнікі МЗС Польшчы, Літвы, Латвіі і Эстоніі, а таксама Вялікай Брытаніі
.

ЗША і Расея -- узаемныя закіды

Прэзыдэнт ЗША Джордж Буш у сераду заклікаў Расею вывесьці свае войскі з Грузіі. Ён падкрэсьліў, што трэба паважаць сувэрэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасьць Грузіі. Міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў у адказ назваў грузінскае кіраўніцтва "спэцыяльным праектам ЗША".


Бакі падлічваюць страты

Страты асабовага складу расейскай вайсковай групоўкі ў часе баявых дзеяньняў на Каўказе склалі 74 загіблых, 171 паранены, 19 чалавек зьніклі бяз зьвестак,-- паведаміў намесьнік начальніка Генштабу РФ гэнерал-палкоўнік Анатоль Нагавіцын.

Страты грузінскага боку за час вайсковых дзеяньняў у Паўднёвай Асэтыі – 175 загіблых, паведаміў міністар аховы здароўя гэтай краіны Сандро Квіташвілі.

“Канчатковых дадзеных па забітых і параненых няма, бо мы ня можам пакуль увайсьці ў грузінскія паселішчы ў Цхінвальскім рэгіёне, якія кантралююцца расейскімі войскамі”,-- цытуе міністра Інтэрфакс.

Расейскіх войскаў у Грузіі ўсё больш?

Высокапастаўленыя прадстаўнікі адміністрацыі прэзыдэнта ЗША паведамілі тэлеканалу CNN, што Расея перакінула ў зону канфлікту дадатковыя войскі.

Паводле дадзеных амэрыканскіх мэдыяў, у рэгіёне знаходзіцца болей за 15 тысячаў расейскіх вайскоўцаў. Паведамляецца, што ў першыя дні канфлікту мяжу Грузіі перайшлі 8-10 тысячаў вайскоўцаў. Яшчэ некалькі тысяч былі перакінутыя пасьля таго, як прэзыдэнт Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў заявіў па сканчэньне вайсковай фазы апэрацыі.

Ніно Бурджанадзэ, былая сьпікерка грузінскага парлямэнту і адна зь верагодных прэтэндэнтак на пасаду прэзыдэнта Грузіі, лічыць, што Расея праводзіць не апэрацыю па змушэньню да міру, а анэксію Грузіі. “Гэта апэрацыя па пакараньню Грузіі”, -- заявіла яна ў інтэрвію газэце "Время новостей".

Інтэграцыя Расеі ў міжнародныя арганізацыі пастаўленая пад пагрозу расейскімі дзеяньнямі ў Грузіі, заявіла Дзяржсакратар ЗША Кандаліза Райс.

Брытанскі міністар замежных спраў Дэйвід Мілібэнд рэзка скрытыкаваў Расею: “Гэта абуральная агрэсія Расеі, расейскага войска за межамі Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі, агрэсія супраць самой Грузіі... Вельмі важна даць зразумець, што мы ўсё згодныя з тым, што такія дзеяньні ня могуць быць спосабам рэалізацыі зьнешняй палітыкі ў 21-м стагодзьдзі”,-- сказаў міністар.

ЗША запатрабавалі правесьці сустрэчу міністраў замежных спраў краін НАТО для абмеркаваньня сытуацыі ў Грузіі.

Прэзыдэнт Украіны Віктар Юшчанка падпісаў указ, паводле якога камандаваньне расейскага Чарнаморскага флёту павінна атрымліваць у Міністэрстве абароны Ўкраіны дазвол на любыя перасоўваньні па-за зонай дысьлякацыі за 10 дзён да іх пачатку. Нагадаем, што караблі Чарнаморскага флёту Расеі бралі ўдзел у баявых апэрацыях супраць Грузіі. У адказ прадстаўнік МЗС Расеі расцаніў указ Юшчанкі як “несур’ёзны” і “палітычна матываваны”.

ДЫСКУСІЯ НА СВАБОДЗЕ

С.Гайдукевіч: “Ня трэба перадзёргіваць!”

Пра пазыцыю Беларусі ў расейска-грузінскім канфлікце гаворыць былы спэцпрадстаўнік міністра замежных спраў, кіраўнік Лібэральна-дэмакратычнай партыі, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Гайдукевіч.


Ю.Беленькі: “Расея не задумваецца, што паводзіць сябе неадэкватна”


Камэнтуючы афіцыйную пазыцыю Беларусі ў расейска-грузінскім канфлікце, адзін з кіраўнікоў “Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ” Юрась Беленькі зьвяртае ўвагу на заяву расейскага амбасадара Аляксандра Сурыкава.


М.Марыніч: “Пазыцыі ў беларускага ўладара няма”

Пазыцыю афіцыйнага Менску ў расейска-грузінскім канфлікце камэнтуе былы міністар замежна-эканамічных сувязяў, былы дэпутат беларускага парлямэнту і амбасадар Беларусі ў Латвіі Міхаіл Марыніч:

“Пазыцыі ў беларускага ўладара няма. Ён прамаўчаў. Пра якую пазыцыю тут можна казаць? Гэта марыянэткавая пазыцыя. У дадзеным выпадку Беларусь не павяла сябе годна ў дачыненьні да свайго саюзьніка”.


Дэпутатка Натальля Аўдзеева: "Мая пэрсанальная думка абсалютна супадае з пазыцыяй афіцыйных уладаў нашай дзяржавы"

І дадаць мне да гэта абсалютна няма чаго. Я ўсімі сваімі думкамі зь мірнымі людзьмі, якія, на “жаль, былі ўцягнутыя грузінскімі ўладамі ў страшную сытуацыю, якую можна назваць вайной. Цьвёрдая пазыцыя Расеі паўзьдзейнічала на тое, што вайна не працягнулася”.

Пра гэта завіла дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Натальля Аўдзеева, адказваючы на пытаньне на колькі правільная пазыцыя афіцыйнага Менску ў расейска-грузінскім канфлікце.

Грузія перагледзіць адносіны з Беларусьсю

Усё дамовы паміж Грузіяй і Беларусьсю ў рамках СНД у сувязі з выхадам Грузіі з СНД будуць пераведзеныя ў фармат двухбаковых адносін.