Злучаныя Штаты падтрымліваюць справу тых палітычных зьняволеных, якія выступаюць за дэмакратыю на Кубе, Беларусі, Іране і Паўночнай Карэі.
Пра гэта заявіў у чацьвер у Вашынгтоне прэзыдэнт ЗША Джордж Буш, выступаючы перад супрацоўнікамі Агенцтва ЗША ў справе міжнароднага разьвіцьця.
У сваёй прамове ён адзначыў, што днямі “падпісаў загад”, у якім “даручыў усім афіцыйным асобам, якія праходзяць службу ў недэмакратычных краінах, падтрымліваць рэгулярныя кантакты з палітычнымі дысыдэнтамі і дэмакратычнымі актывістамі".
Джордж Буш чарговым разам згадаў беларускага палітвязьня Аляксандра Казуліна. Яго дачка Вольга, каардынатарка грамадзкай камісіі “Свабоду Казуліну”, знаходзіцца цяпер з візытам у ЗША.
"Мы падтрымліваем Вольгу Казуліну. Яе бацька - Аляксандар Казулін - застаецца ў турме ў Беларусі за “злачынства”, якім зьяўляецца вылучэньне ўласнай кандыдатуры на пасаду прэзыдэнта”, заявіў кіраўнік Белага дому.
Джордж Буш падкрэсьліў, што “Амэрыка павінна заставацца лідэрам у справе абароны правоў чалавека”
Тым часам ва ўчорашнім інтэрвію радыёстанцыі Voice of America (Голас Амэрыкі) Вольга Казуліна адзначыла:
“Я хачу падкрэсьліць, што менавіта Амэрыка выбрала правільную, цьвёрдую і прынцыповую, пазыцыю ў дачыненьні да Лукашэнкі. Толькі эканамічныя санкцыі могуць запалохаць Лукашэнку, толькі з-за эканамічных санкцый ён неяк пачне мяняць сытуацыю ў Беларусі. Таму я спадзяюся, што майго бацьку хутка вызваляць… Вельмі хутка, я спадзяюся, гэта будзе пасьля парлямэнцкіх выбараў. І гэта будзе не таму, што Лукашэнка так захацеў, а таму, што на яго аказваюць ціск ЭЗ і ЗША”.