Яна ахоплівае 106 дзяржаваў, якія Злучаныя Штаты трактуюць, як “недэмакратычныя краіны" ці краіны, якія пераходзяць да дэмакратыі. Асобны разьдзел дакумэнту прысьвечаны Беларусі.
У справаздачы адзначаецца, што галоўная мэта палітыкі ЗША адносна Беларусі палягае ў тым, каб спрыяць ўсталяваньню дэмакратычнай , мірнай і заможнай краіны, якая паважала б правы чалавека і праўныя нормы. Урад ЗША разам з Эўразьвязам і іншымі міжнароднымі партнэрамі робіць захады супраць беларускіх урадоўцаў, адказных за парушэньні правоў чалавека, падаўленьне дэмакратыі і карупцыю. Адначасна ЗША падтрымлівае грамадзянскую супольнасьць Беларусі , у тым ліку незалежныя СМІ, праваабарончыя арганізацыі, незалежныя прафсаюзы і прадпрымальнікаў.
Летась у жніўні амэрыканскі ўрад пасьля кансультацый з Эўразьвязам увёў візавыя санкцыі супраць шырокага кола беларускіх ўрадоўцаў і кіраўнікоў дзяржаўных прадпрыемстваў, а таксама супраць іх сужэнцаў.
У лістападзе летась былі замарожаныя актывы беларускага дзяржаўнага канцэрну “Белнафтахім” і ягонага амэрыканскага філіялу. У сьнежні мінулага году прэзыдэнт ЗША Джордж Буш сустрэўся ў Авальным кабінэце з дэлегацыяй беларускай апазыцыі.
У справаздачы падкрэсьліваецца, што, каардынуючы свае высілкі з Эўразьвязам, ЗША дамагаліся вызваленьня ўсіх палітычных вязьняў у Беларусі. Да лютага гэтага году былі вызваленыя 5 з шасьці асобаў. прызнаных ў сьвеце палітычнымі зьняволенымі. Аднак за кратамі застаецца Аляксандар Казулін.
У дакумэнце таксама пералічваюцца праграмы дапамогі і спрыяньня грамадзянскай супольнасьці Беларусі: 50 грантаў на падтрымку незалежных выданьняў і Інтэрнэт-рэсурсаў, 14 правабарончых праектаў, спрыяньне працы незалежнага тэлеканала для Беларусі.