Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. Эфір 23 ліпеня 2008 году
Многія нашы слухачы ў сваіх лістах на “Свабоду” па-ранейшаму абмяркоўваюць прычыны і наступствы выбуху 4 ліпеня ў Менску. Нагадаю, гэты выбух, ад якога пацярпелі больш як 50 гледачоў наладжаных уладамі сьвяткаваньняў, пацягнуў за сабой значныя кадравыя зьмены ў атачэньні Аляксандра Лукашэнкі і арышты актывістаў апазыцыі. Апазыцыянэры пасьля дзесяці сутак затрыманьня былі вызвалены без прад’яўленьня абвінавачаньняў.
Пачну сёньняшнюю размову зь ліста на гэтую тэму, дасланага нашым даўнім слухачом і аўтарам Васілём Валошкам з пасёлку Радашкавічы Маладэчанскага раёну. Ён піша:
“Пакуль што я далёкі ад думкі, што гэты выбух падрыхтавалі ўлады. Але выгаду ад наступстваў маюць менавіта яны. Па-першае, гэта дало ім падставу правесьці чарговую “зачыстку” перад выбарамі, запалохаць апазыцыю. Ну, а другое — наш народ заўсёды шкадуе таго, на каго робяць замах. Недарэмна ж у свой час прагучаў загадкавы стрэл пад Лёзна па машыне, у якой ехаў кандыдат у прэзыдэнты Лукашэнка.
Цяпер людзі разважаюць так: на сьвяце ў Менску на Лукашэнку, можа, і не замахваліся, але ж на ягоных прыхільнікаў, якія прыйшлі на гэта масавае гуляньне, — дакладна.
Ну, а заявы і дзеяньні міліцыі пасьля выбуху ня маюць патрэбы ў камэнтарах. Толькі вельмі абмежаваны чалавек ня бачыць, на каго гэтыя заявы і дзеяньні паказваюць”.
Далей у сваім лісьце Васіль Валошка выказваецца наконт нядаўняй адстаўкі сакратара Рады бясьпекі і даўняга паплечніка Аляксандра Лукашэнкі — Віктара Шэймана. Яшчэ адна цытата зь ліста слухача:
“Упэўнены, што згоду на гэтую адстаўку даў сам Шэйман. Толькі ён, адзіны з былых паплечнікаў Лукашэнкі, заўсёды застаецца ў фаворы — што б ні здаралася. Згадайце, як пасьля арышту палкоўніка Паўлічэнкі Лукашэнка выгнаў трох сілавікоў (сакратара Рады бясьпекі, кіраўнікоў пракуратуры і КДБ). Пры гэтым на ўсю краіну абазваў іх самымі крыўднымі словамі. Але на наступную раніцу Шэйман атрымаў яшчэ вышэйшую пасаду. Астатнія ж зьніклі бязь сьледу. Дый пазьней Шэйман толькі атрымліваў падвышэньні па службе. Адна пасада кіраўніка выбарчага штабу Лукашэнкі сьведчыць сама за сябе. Пра высновы гаварыць ня буду — баюся. А пакуль, думаю, Шэйман рыхтуецца да больш спакойнай, але ня менш прэстыжнай пасады. Лічу, што Лукашэнка баіцца толькі аднаго чалавека — Шэймана”, —
— напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Васіль Валошка з пасёлку Радашкавічы Маладэчанскага раёну.
Думаю, спадар Валошка, многія з вашымі высновамі не пагодзяцца. Тыя асобы з блізкага атачэньня Аляксандра Лукашэнкі, якія сапраўды ўяўлялі рэальную небясьпеку для ягонай аднаасобнай улады, вельмі хутка страцілі і пасады, і ўплыў. А некаторыя і зьніклі бясьсьледна.
Што да магчымасьці далейшага кар’ернага росту Віктара Шэймана, то цяжка назваць пасаду, якая пасьля займаных ім папярэдніх уладных вяршыняў не выглядала б службовым паніжэньнем. Хіба што месца сьпікера Палаты прадстаўнікоў?
На тэму начнога выбуху ў Менску, які прагучаў 4 ліпеня, выказваецца і наш слухач Міхаіл Іваноў з Магілёва. У сваім лісьце ён піша:
“Па Радыё Свабода пачуў, што ў сувязі з выбухам у Менску былі арыштаваны больш як 50 чалавек. Прычым уся віна многіх толькі ў тым, што яны прыходзілі на месца выбуху альбо былі ў ліку соцень тысяч гледачоў, што прыйшлі ў тую ноч на плошчу. І мне прыпомніўся анэкдот часоў Сталіна. Неяк пасьля нарады правадыр выклікаўБерыю і кажа:
— У мяне люлька зьнікла. Напэўна, нехта ўкраў. Трэба праверыць падазроных.
Люльку празь нейкі час знайшла прыбіральшчыца — тая закацілася за канапу. І тут прыходзіць Берыя ды кажа:
— Іосіф Вісарыёнавіч, сьледзтва ідзе пасьпяхова, некалькі чалавек ужо прызналіся ў крадзяжы.
Ці ня будзе так і зь менскім выбухам?” —
— напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Міхаіл Іваноў з Магілёва.
Для аўтарытарных рэжымаў, сапраўды, уласьцівы такі тып, так бы мовіць, “расьсьледаваньняў”. І згадаць тут можна ня толькі сталінскую дыктатуру, калі паводле абсурдных абвінавачаньняў былі асуджаны і пакараны мільёны людзей. У значна мякчэйшыя брэжнеўскія часы менавіта ў Беларусі, расьсьледуючы ў 70—80-я гады гучныя сэрыйныя забойствы (так званую “віцебскую справу”), да таго як выкрылі сапраўднага забойцу — Генадзя Міхасевіча, — за ягоныя злачынствы паводле сфальшаваных абвінавачаньняў асудзілі 14 чалавек. Адзін зь бязьвінна асуджаных быў расстраляны, другі спрабаваў скончыць жыцьцё самагубствам, трэці адседзеў у турме 10 год, чацьверты пасьля шасьцігадовага зьняволеньня цалкам асьлеп... Усе гэтыя людзі прызналіся ў тым, чаго не рабілі — пад катаваньнямі і псыхалягічным ціскам. Майстры такіх прыёмаў у савецкіх карных органах не пераводзіліся з часу Яжова і Берыі.
Вы слухаеце праграму “Паштовая скрынка 111” — агляд лістоў на “Свабоду”. З вамі Валянцін Жданко.
Пошук вінаватых у выбуху адбываецца ў Беларусі ў той час, калі пачынаецца выбарчая кампанія. На 28 верасьня ў краіне прызначаны першы тур галасаваньня на выбарах у Палату прадстаўнікоў. Некаторыя нашы слухачы чакаюць ад гэтай кампаніі істотных зьменаў. Вось як разважае наконт гэтага Сяргей Мацко зь Менску. Ён піша:
“Асабіста я прадбачу, што наступная Палата прадстаўнікоў будзе не такая, як папярэдняя. Аляксандру Рыгоравічу, відаць, і самому надакучыла, што парлямэнт у Беларусі цалкам “падкаблучны”, што дэпутаты баяцца нават слова сказаць насуперак Адміністрацыі прэзыдэнта. Ну і, вядома, з такой Палатай прадстаўнікоў нікуды ў Эўропу нас ня прымуць. Таму, думаю, будзе дазволена прапусьціць невялікую апазыцыйную фракцыю — чалавек 5—7. Вядома, ніякіх “агалцелых” апазыцыянэраў не дапусьцяць: Лябедзька і Вячорка дэпутатамі ня стануць. А вось вальнадумства ў пэўных межах могуць дазволіць — напрыклад, пусьцяць некалькі параўнальна ляяльных палітыкаў кшталту Вольгі Абрамавай, якія дазваляюць сабе асьцярожна крытыкаваць уладу і галасаваць у некаторых пытаньнях супраць асноўнай масы.
А калі ў Палаце прадстаўнікоў зьявіцца няхай і прыкормленая, але апазыцыя — дык якія перашкоды застануцца дзеля таго, каб прызнаць рэжым Лукашэнкі на Захадзе?”, —
— напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Сяргей Мацко зь Менску.
Міжнародныя арганізацыі (у прыватнасьці, АБСЭ) будуць назіраць за выбарчай кампаніяй на ўсіх яе этапах, пачынаючы з вылучэньня кандыдатаў. Дасьведчаных кваліфікаваных экспэртаў, якія працавалі на выбарах у многіх аўтарытарных дзяржавах сьвету, наўрад ці ўдасца ўвесьці ў зман, прызначыўшы дэпутатамі некалькі псэўдаапазыцыянэраў.
Што да пачатку дыялёгу з Захадам, то беларускую ўладу шмат разоў інфармавалі пра яго ўмовы. Найпершыя зь іх — вызваленьне палітвязьняў і свабодныя дэмакратычныя выбары.
Наш слухач Іван Вакаян зь Нясьвіжа, які цікавіцца ваеннай гісторыяй, абураны тым, як улады прапагандуюць міт пра ролю ў мінулай вайне так званай “Лініі Сталіна”. Ён піша:
“Сапраўдная лінія Сталіна была на Волзе, ля сьцен Сталінграду. Але гэта быў ужо не 1941 год, калі савецкія войскі імкліва ўцякалі па беларускай тэрыторыі і фактычна ніяк не выкарыстоўвалі ўмацаваньні пад Менскам. Які патрыятызм можна прывіць нашым грамадзянам падманнай паказухай? Ці, можа, гэта — проста бізнэс, і ня мае значэньня, якім чынам і за кошт чаго здабываць грошы? А потым уздыхаем і абураемся, якую моладзь выхавалі...
У што ператварылася наша тэлебачаньне? Суцэльная рэкляма заляжалых пральных парашкоў, зубной пасты, амаладжальных лясьёнаў для маладых дзяўчат ды жаночых пракладак... І па ўсіх каналах разьдзімаецца культ піўнога алькагалізму.
Памятаю, як у 80-я гады мінулага стагодзьдзя савецкая прапаганда распавядала пра амэрыканскае тэлебачаньне: маўляў, там на экранах — суцэльныя забойствы, гвалт з чалавека і г.д. Цяпер з адчаем прыходжу да высновы, што мы ў гэтым ужо дагналі ЗША. Страляніна, забойствы, гвалт — усё гэта на экране дзяржаўнага беларускага тэлебачаньня. Вось дзе, таварышы беларускія чыноўнікі, трэба шукаць корань зла, які і прывёў да выбуху 4 ліпеня, падчас сьвяткаваньня ў Менску Дня незалежнасьці. З чаго я раблю выснову, што ідэалягічная праца ў рэспубліцы вельмі і вельмі запушчана, калі не сказаць, што яе ўвогуле няма”, —
— напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Іван Вакаян зь Нясьвіжа.
Рэгуляваць рэкляму на тэлебачаньні і абмяжоўваць публічны паказ сцэнаў гвалту павінны ўсё ж не ідэалягічныя чыноўнікі, спадар Вакаян, а дакладныя і строгія законы. Прыкладна так, як гэта робіцца ў Амэрыцы ды іншых прававых дзяржавах. Тое, што паведамляла пра заходнія мэдыі савецкая прапаганда, мае з рэчаіснасьцю гэтак жа мала агульнага, як і навіны савецкага тэлебачаньня — з рэальнымі падзеямі, якія адбываліся ў Савецкім Саюзе і сьвеце.
Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.
Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю.
Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
наш народ заўсёды шкадуе таго, на каго робяць замах. Недарэмна ж у свой час прагучаў загадкавы стрэл пад Лёзна па машыне, у якой ехаў кандыдат у прэзыдэнты Лукашэнка
“Пакуль што я далёкі ад думкі, што гэты выбух падрыхтавалі ўлады. Але выгаду ад наступстваў маюць менавіта яны. Па-першае, гэта дало ім падставу правесьці чарговую “зачыстку” перад выбарамі, запалохаць апазыцыю. Ну, а другое — наш народ заўсёды шкадуе таго, на каго робяць замах. Недарэмна ж у свой час прагучаў загадкавы стрэл пад Лёзна па машыне, у якой ехаў кандыдат у прэзыдэнты Лукашэнка.
Цяпер людзі разважаюць так: на сьвяце ў Менску на Лукашэнку, можа, і не замахваліся, але ж на ягоных прыхільнікаў, якія прыйшлі на гэта масавае гуляньне, — дакладна.
Ну, а заявы і дзеяньні міліцыі пасьля выбуху ня маюць патрэбы ў камэнтарах. Толькі вельмі абмежаваны чалавек ня бачыць, на каго гэтыя заявы і дзеяньні паказваюць”.
Далей у сваім лісьце Васіль Валошка выказваецца наконт нядаўняй адстаўкі сакратара Рады бясьпекі і даўняга паплечніка Аляксандра Лукашэнкі — Віктара Шэймана. Яшчэ адна цытата зь ліста слухача:
“Упэўнены, што згоду на гэтую адстаўку даў сам Шэйман. Толькі ён, адзіны з былых паплечнікаў Лукашэнкі, заўсёды застаецца ў фаворы — што б ні здаралася. Згадайце, як пасьля арышту палкоўніка Паўлічэнкі Лукашэнка выгнаў трох сілавікоў (сакратара Рады бясьпекі, кіраўнікоў пракуратуры і КДБ). Пры гэтым на ўсю краіну абазваў іх самымі крыўднымі словамі. Але на наступную раніцу Шэйман атрымаў яшчэ вышэйшую пасаду. Астатнія ж зьніклі бязь сьледу. Дый пазьней Шэйман толькі атрымліваў падвышэньні па службе. Адна пасада кіраўніка выбарчага штабу Лукашэнкі сьведчыць сама за сябе. Пра высновы гаварыць ня буду — баюся. А пакуль, думаю, Шэйман рыхтуецца да больш спакойнай, але ня менш прэстыжнай пасады. Лічу, што Лукашэнка баіцца толькі аднаго чалавека — Шэймана”, —
— напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Васіль Валошка з пасёлку Радашкавічы Маладэчанскага раёну.
Думаю, спадар Валошка, многія з вашымі высновамі не пагодзяцца. Тыя асобы з блізкага атачэньня Аляксандра Лукашэнкі, якія сапраўды ўяўлялі рэальную небясьпеку для ягонай аднаасобнай улады, вельмі хутка страцілі і пасады, і ўплыў. А некаторыя і зьніклі бясьсьледна.
Што да магчымасьці далейшага кар’ернага росту Віктара Шэймана, то цяжка назваць пасаду, якая пасьля займаных ім папярэдніх уладных вяршыняў не выглядала б службовым паніжэньнем. Хіба што месца сьпікера Палаты прадстаўнікоў?
На тэму начнога выбуху ў Менску, які прагучаў 4 ліпеня, выказваецца і наш слухач Міхаіл Іваноў з Магілёва. У сваім лісьце ён піша:
“Па Радыё Свабода пачуў, што ў сувязі з выбухам у Менску былі арыштаваны больш як 50 чалавек. Прычым уся віна многіх толькі ў тым, што яны прыходзілі на месца выбуху альбо былі ў ліку соцень тысяч гледачоў, што прыйшлі ў тую ноч на плошчу. І мне прыпомніўся анэкдот часоў Сталіна. Неяк пасьля нарады правадыр выклікаўБерыю і кажа:
— У мяне люлька зьнікла. Напэўна, нехта ўкраў. Трэба праверыць падазроных.
Люльку празь нейкі час знайшла прыбіральшчыца — тая закацілася за канапу. І тут прыходзіць Берыя ды кажа:
— Іосіф Вісарыёнавіч, сьледзтва ідзе пасьпяхова, некалькі чалавек ужо прызналіся ў крадзяжы.
Ці ня будзе так і зь менскім выбухам?” —
— напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Міхаіл Іваноў з Магілёва.
Для аўтарытарных рэжымаў, сапраўды, уласьцівы такі тып, так бы мовіць, “расьсьледаваньняў”. І згадаць тут можна ня толькі сталінскую дыктатуру, калі паводле абсурдных абвінавачаньняў былі асуджаны і пакараны мільёны людзей. У значна мякчэйшыя брэжнеўскія часы менавіта ў Беларусі, расьсьледуючы ў 70—80-я гады гучныя сэрыйныя забойствы (так званую “віцебскую справу”), да таго як выкрылі сапраўднага забойцу — Генадзя Міхасевіча, — за ягоныя злачынствы паводле сфальшаваных абвінавачаньняў асудзілі 14 чалавек. Адзін зь бязьвінна асуджаных быў расстраляны, другі спрабаваў скончыць жыцьцё самагубствам, трэці адседзеў у турме 10 год, чацьверты пасьля шасьцігадовага зьняволеньня цалкам асьлеп... Усе гэтыя людзі прызналіся ў тым, чаго не рабілі — пад катаваньнямі і псыхалягічным ціскам. Майстры такіх прыёмаў у савецкіх карных органах не пераводзіліся з часу Яжова і Берыі.
Вы слухаеце праграму “Паштовая скрынка 111” — агляд лістоў на “Свабоду”. З вамі Валянцін Жданко.
Пошук вінаватых у выбуху адбываецца ў Беларусі ў той час, калі пачынаецца выбарчая кампанія. На 28 верасьня ў краіне прызначаны першы тур галасаваньня на выбарах у Палату прадстаўнікоў. Некаторыя нашы слухачы чакаюць ад гэтай кампаніі істотных зьменаў. Вось як разважае наконт гэтага Сяргей Мацко зь Менску. Ён піша:
Аляксандру Рыгоравічу, відаць, і самому надакучыла, што парлямэнт у Беларусі цалкам “падкаблучны”, што дэпутаты баяцца нават слова сказаць насуперак Адміністрацыі прэзыдэнта