Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Няма патрэбы думаць: усё за цябе ўжо вырашылі...”


Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. Эфір 19 ліпеня 2008 году


Значную частку нашай пошты апошніх дзён па-ранейшаму складаюць лісты, аўтары якіх разважаюць аб прычынах і наступствах выбуху 4 ліпеня ў Менску. Нагадаю, гэты выбух, ад якога пацярпелі больш як 50 гледачоў наладжаных уладамі сьвяткаваньняў, пацягнуў за сабой буйныя кадравыя перастаноўкі на вяршыні ўлады, арышты актывістаў апазыцыі і істотна паўплываў на пачатак выбарчай кампаніі.

Пачну сёньняшнюю размову зь ліста на гэту тэму, дасланага нашым даўнім слухачом і аўтарам Алесем Марціновічам з Баранавічаў. Ён піша:

“Можа здарыцца, што гэтыя падзеі і запусьцяць працэс, які потым скалане рэжым. Аднак, хутчэй за ўсё, будзе іншае. У выніку абвесьцяць: ворагі спрабавалі сарваць усенародную трыюмфальную ўрачыстасьць на чале з Бацькам-правадыром. У адным з апошніх круглых сталоў вы добра аналізавалі апошнія працэсы ў грамадзтве адносна такіх шоў. Абываталю патрэбна масавае гульбішча, а ўладзе — тло і прыправа для новастваранай нацыянальнай ідэі.

Такія масавыя і шумныя сьвяткаваньні пад піва і гарэлку заўсёды больш глыбінна і падсьвядома замацоўваюць важныя нацыянальныя рысы і памкненьні. Яны фіксуюць значнасьць гэтай даты як агульнанацыянальнага знакавага пункту. Рэальна і асобна ад Масквы беларусы пражылі колькі-небудзь значны адрэзак часу толькі пры Лукашэнку. Гэтага і хапіла, каб закласьці традыцыю. Зразумела, што гэтая ўрачыстасьць можа быць зьвязана толькі з чырвона-зялёным сьцягам.

Іншымі словамі — вось яны, беларусы, такімі і ёсьць. Новая ідэалёгія цалкам адбылася на грунце рамантызацыі Лукашэнкам пэрыяду СССР, выгнаньня Гітлера назад ад Смаленска да Берасьця празь Менск. А ВКЛ сёньня — па сутнасьці тое самае, што Старажытны Егіпет. Незалежнай краіне ўжо няма патрэбы напружвацца дзеля пошуку новай дзяржаўна-нацыянальнай ідэалёгіі: Лукашэнка знайшоў яе за 14 год. Далей дзяржава будзе самаўзмацняцца”,
— гэтак лічыць Алесь Марціновіч з Баранавічаў.

Сапраўды, гэтыя 14 год ня выкрасьліш з гісторыі: яны пакінулі значны сьлед у грамадзтве. Улада мае ўсе магчымасьці, каб замацоўваць у грамадзкай сьвядомасьці сваё бачаньне гісторыі, сваё ўяўленьне пра нацыянальныя каштоўнасьці, сымбалі, сьвяты, урачыстасьці. Але наўрад ці магчыма, спадар Марціновіч, пераканаць усіх беларусаў (і асабліва інтэлігенцыю), што гісторыя іх дзяржавы пачалася ў 1944 ці 1994 годзе, што дзеля прагрэсу ім трэба адмовіцца ад беларускай мовы і што адзіна вартымі дзяржаўнымі сымбалямі павінны быць тыя, што прыдумалі некалькі чалавек у траўні 1995 году на падставе сымбаляў савецкіх, камуністычных.

...Памятаю, як напрыканцы 80-х гадоў у суседняй Літве (тады яшчэ — Літоўскай ССР) можна было назіраць нязвыклае відовішча. Над райкамамі партыі, райвыканкамамі, іншымі дзяржаўнымі будынкамі адначасова луналі два сьцягі: адзін савецкі (чырвоны, з вузкімі зялёнай і белай палоскамі), другі — нацыянальны сьцяг незалежнай Літвы (чырвона-зялёна-жоўты). Гэта ж можна было бачыць і ў іншых тагачасных рэспубліках савецкай Прыбалтыкі. Думаю, нешта падобнае наканавана перажыць у будучыні і Беларусі.

Пра тое, наколькі складана ва ўмовах сёньняшняй беларускай вёскі публічна дэманстраваць сваю актыўную грамадзянскую пазыцыю, разважае ў новым лісьце на “Свабоду” Валянціна Сакаловіч зь вёскі Бакшты Івейскага раёну. Cлухачка піша:

“Наш абываталь вельмі любіць клеіць ярлыкі. Калі ў цябе ўласная думка пра якую-небудзь важную асобу ці падзею, і калі гэтая думка не супадае з афіцыйнай — дык ты ўжо апазыцыя, БНФ. А значыць, ваюеш супраць Лукашэнкі.

За што ў нас многія так любяць Лукашэнку? За тое, што пры такім рэжыме ня трэба думаць. Усё за цябе ўжо вырашылі. Твая справа — выконваць.

А я так жыць ня ўмею. Не магу жыць на беларускія даходы — на гэтыя вартыя жалю сьмешныя падачкі. Дый тых яшчэ трэба дамагацца, выпрошваць. Часам думаю: напэўна, гэтыя людзі заўсёды былі прыгоннымі. Працавалі за ежу ў калгасным ярме. Народ вымірае, жывучы на мізэрныя даходы. А цэны — жахлівыя.

Жывем у хлусьні. Наўкол — касыя позіркі, крывыя ўсьмешкі. Хоць, дзякуй Богу, ёсьць і выключэньні.

А яшчэ я разумею, што ня трэба баяцца. І адзін у полі — воін”,
— напісала ў сваім лісьце на “Свабоду” Валянціна Сакаловіч зь вёскі Бакшты Івейскага раёну.

Спадарыня Сакаловіч, мяркуючы па яе папярэдніх лістах, — чалавек прынцыповы, бескампрамісны і цьвёрды. Такім сёньня ўсюды няпроста, а ва ўмовах вёскі, дзе людзі вельмі залежаць ад мясцовай адміністрацыі, бо цяжка знайсьці і лёгка страціць працу — асабліва.

Наш даўні слухач і аўтар Анатоль Жэрдзеў з Гомеля разважае пра тое, ці запатрабаваныя ў беларускім грамадзтве дэмакратычныя каштоўнасьці. Ён піша:

“Лідэры дэмакратаў ужо каторы раз націскаюць на стартэр, абвяшчаючы пачатак рэвалюцыі, і ня бачаць, што паліва ў баках няма. Пад палівам я разумею волю беларусаў да дэмакратыі. Гэтае паліва трэба зьбіраць па кроплі, ачышчаць ад бруду варожай прапаганды — і толькі пасьля гэтага спадзявацца на посьпех. Нашы лідэры ці ня ўмеюць, ці ня хочуць займацца такой “драбязой”.

...Незалежнасьці Рэспублікі Беларусь хутка ўжо 20 год. За гэты час вырасла і сфармавалася новае пакаленьне, але і яно мае цьмянае ўяўленьне пра тое, што такое дэмакратыя і як яна рэалізуецца ў дзяржаве. Чалавек не павінен чакаць, што правы зваляцца яму як дар зь нябёсаў. А рэалізаваныя яны будуць толькі тады, калі большасьць людзей будуць нецярпімымі да беззаконьня, хто б яго ні зазнаваў. Гэтага не тлумачаць у школе. Пра гэта маўчаць прыкормленыя і падкаблучныя мэдыі. Але гэтаму не аддаюць увагі і так званыя “незалежныя” СМІ”.


Далей у сваім лісьце Анатоль Жэрдзеў у якасьці прыкладу выказвае прэтэнзіі да перадачы “Паштовая скрынка 111”. Яшчэ адна цытата зь ліста:

“У адным з аглядаў пошты прагучаў ліст слухача, які сьцьвярджаў, што прэзыдэнт ня мае магчымасьці ведаць, што робіцца на ўсёй тэрыторыі Беларусі. Такі заганны погляд уласьцівы многім людзям. Патрэбна ўсяляк выкрываць гэту заганнасьць. Трэба тлумачыць, колькі ў адміністрацыі прэзыдэнта супрацоўнікаў у розных пытаньнях, колькі міністраў, губэрнатараў. Усе яны абавязаны своечасова інфармаваць прэзыдэнта пра ўсе праблемы. Апроч таго, ёсьць спэцслужбы, якія павінны назіраць за дзейнасьцю дзяржстуктураў і дапамагаць своечасова чысьціць машыну дзяржкіраваньня ад сьмецьця. А ўрэшце, і сам прэзыдэнт абавязаны хоць зрэдку асабіста правяраць сваіх падначаленых. Але нічога падобнага ў той перадачы не прагучала”, — напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Анатоль Жэрдзеў з Гомеля.

У нашай пошце, сапраўды, нямала лістоў, аўтары якіх апэлююць да “Свабоды” як да апошняй інстанцыі, наракаючы на тое, што інакш немагчыма данесьці да прэзыдэнта сваю бяду. Як правіла, гэта людзі, якія на працягу многіх гадоў абіваюць парогі чыноўніцкіх кабінэтаў і вядуць зацяжную перапіску зь дзясяткамі розных дзяржаўных устаноў. Яны лепш за іншых інфармаваныя пра тое, колькі розных супрацоўнікаў адказваюць за працу са скаргамі і ў Адміністрацыі прэзыдэнта, і ва ўрадзе, і ў разнастайных міністэрствах і выканкамах. Больш за тое, са значнай часткай гэтых чыноўнікаў яны знаёмыя асабіста. Але, паколькі ў ніводным з кабінэтаў на бок скаржніка чыноўнікі ня сталі, ён дамагаецца разгляду сваёй справы ў той інстанцыі, якую лічыць адзінай крыніцай справядлівасьці і правасудзьдзя — у прэзыдэнта. І гэта, сапраўды, красамоўна сьведчыць і пра ўзровень прававой культуры грамадзтва, і пра рэальную сытуацыю з падзелам улады ў беларускай дзяржаве.

Наш даўні сябар Кастусь Сырэль з Вушачаў свой новы ліст напісаў пад уражаньнем ад нядаўняга прызнаньня прэзыдэнта Лукашэнкі пра тое, што той мае пазашлюбнага сына, маці якога — неназваная доктарка. Кіраўнік дзяржавы ў гэтай сувязі шмат казаў пра сваю любоў да дзяцей. Слухач зацікавіўся пытаньнем: а ці падзяляюць гэтую любоў дзяржаўныя тэлеканалы Беларусі? Колькі эфірнага часу яны аддаюць дзіцячым праграмам? І вось што атрымалася на падставе аналізу тыднёвай ліпеньскай тэлепраграмы. Цытую ліст Кастуся Сырэля:

“Узяў я стандартны пакет зь пяці праграм, які глядзіць большасьць насельніцтва краіны: БТ, ОНТ, СТВ, РТР, “Лад”. Усяго вяшчаньня па гэтых праграмах за 7—13 ліпеня я налічыў больш за 720 гадзін на тыдзень. А вось перадач для дзяцей у мяне атрымалася толькі 13 гадзін 20 хвілін.

Але, напрыклад, сэрыял “Добры дзень, Мікі Маўс” (тэлеканал “Лад”) пачынаецца ў 6:40 (150 хвілін на тыдзень), да таго ж паўтараецца днём. Фільм “Сын палка” (БТ) — у 6:20 у нядзелю (130 хвілін). Фільм “Прыгоды Бураціна” выпуску 1975 году (СТВ) — у суботу і нядзелю ў 7:30 і 8:00 (170 хвілін).

Вы ўяўляеце сабе дзяцей, якія ўлетку на канікулах прачынаюцца ў нядзелю раніцай у 6:20 ці нават у 7:30, каб глядзець нешта там па тэлевізары? Я — не ўяўляю. Таму я бязьлітасна выкрасьліў 450 хвілін гэтага, так бы мовіць, дзіцячага вяшчаньня.

У выніку ў мяне атрымалася толькі 6 гадзін 10 хвілін пераважна мульцікаў. Гэта ў параўнаньні з 720 гадзінамі меней за 1%. Ды яшчэ трэба паглядзець, што там за мульцікі. Можа, іх і глядзець ня варта. Тады можна сьмела казаць, што тэлевяшчаньня для дзяцей у нас наагул няма.

Вось вам і ўся любоў да дзетак…”
— такую выснову зрабіў у сваім лісьце на “Свабоду” наш слухач Кастусь Сырэль з Вушачаў.

У буйных беларускіх гарадах у кабэльных сетках зьявілася некалькі расейскіх ці перакладзеных на расейскую мову заходніх дзіцячых тэлеканалаў. А калі казаць пра беларускамоўныя дзіцячыя тэлепраграмы, то іх, сапраўды, практычна няма. На расейскую мову пераведзены нават тыя нямногія дзіцячыя перадачы, якія выходзілі на БТ яшчэ ў савецкі час. Беларускамоўнай засталася хіба што “Калыханка”. Але і ў ёй цяпер паказваюць толькі расейскамоўныя мультфільмы.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG