На мінулым тыдні Савет міністраў выдаў пастанову, паводле якой у Беларусі да канца 2010 году мае быць прыватызавана 519 дзяржаўных прадпрыемстваў. Раней найбольш масавая прыватызацыя ў Беларусі адбылася ў 1994 годзе, калі форму ўласнасьці зьмянілі 596 прадпрыемстваў.
Сярод прадпрыемстваў, які будуць цяпер акцыянавацца, няшмат такіх, якія можна назваць "сямейным срэбрам" беларускай эканомікі. Але да іх несумненна можна аднесьці Менскі завод рухавікоў, БелАЗ, МАЗ, Наваполацкае і Гомельскае прадпрыемствы пра транспарціроўцы нафты "Дружба".
Дзяржава, аднак, не намерана траціць кантроль над акцыянаванымі прадпрыемствамі. „На першапачатковым этапе інвэстарам будуць прапанаваныя пакеты акцый да 25 адсоткаў ад статутнага фонду,” — працытавала агенцтва БелТА Ірыну Баркоўскую зь Дзяржаўнага камітэту ў справах маёмасьці. Баркоўская сказала, што дзяржава пакіне сабе 75 адсоткаў плюс адну акцыю ў прыватызаваных прадпрыемствах, каб быць ўпэўненай "у добрасумленных намерах інвэстара працаваць на беларускую эканоміку". "Некаторыя дырэктары нашых заводаў баяцца, што расейскі капітал прыйдзе і ўсё выкупіць," — дадала яна.
Эканаміст Леанід Злотнікаў, камэнтуючы для агенцтва БелаПАН зацьверджаны ўрадам трохгадовы плян прыватызацыі дзяржаўных прадпрыемстваў, сказаў, што такое акцыянаваньне можа і не закрануць самой сыстэмы беларускай эканомікі. "Прыватызацыя можа азначаць максымальнае захаваньне ранейшай каманднай сыстэмы і спосаб прыцягненьня дадатковых інвэстыцый... Гэта ня тая прыватызацыя, якая спараджае рынкавую эканоміку, свабоднае прадпрымальніцтва, капіталістычную гаспадарку, адкрыты рынак,” — сказаў Злотнікаў.