“Спачатку ставіліся да яго дужа добра, потым ужо хто як”

Антаніна Быкава – удава малодшага брата знакамітага пісьменьніка. Яна згадвае, як выходзіла замуж за свайго Мікалая, і тады пазнаёмілася з Васілём Быкавым.
Сёньня гэтая 70-гадовая спадарыня працуе наглядчыцай у мэмарыяльным музэі-сядзібе – сустракае наведнікаў, прымае іх у быкаўскай хаце, адбудаванай у 2004 годзе паводле старых фотаздымкаў, і дзеліцца сваімі ўспамінамі пра Быкава – чалавека, якога лічаць сумленьнем беларускай нацыі, і зь якім зьвязаў яе асабісты лёс.

“Як я замуж выходзіла ў 1967 годзе, дык ён прыяжджаў, і тут я зь ім і пазнаёмілася. Тады ў яго непрыемнасьці былі – ён у кнізе не пахваліў генералаў, а пахваліў простых салдатаў. Я пасьля чытала гэтую кнігу... А тады яму якраз папала, што праўду напісаў! Хто ж праўду любіць... Але ж пасьля ўсталявалася ўсё ў яго, і стаў такім ужо знакамітым пісьменьнікам!

Спачатку ставіліся да яго дужа добра, усё Васіль ды Васіль. А потым ужо хто як. Гэта з-за БНФ было. Адны ў вочы добра кажуць, а так – асуджаюць. Цяпер, я вам скажу, як адкрыўся гэты музэй, дык тут усё на маіх вачох. Асабліва летам шмат народу бывае. Узімку дык крыху зацішна. Сыны ягоныя тут яшчэ не былі, але сёлета ўлетку абяцалі прыехаць. Абяцалі!”



Чытаем Быкава. Увесь чэрвень, кожны дзень, на хвалях Свабоды будуць гучаць быкаўскія радкі. Іх будуць чытаць розныя людзі – і блізкія сябры пісьменьніка.