“Лепш слухаць Пуціна, чым Мядзьведзева”

Адбылася першая двухбаковая сустрэча кіраўнікоў Беларусі і Расеі Аляксандра Лукашэнкі і Дзьмітрыя Мядзьведзева. Пад час перамоваў закраналіся пытаньні беларуска-расейскіх стасункаў. Як адмыслоўцы ацэньваюць вынікі візыту?
Абодва кіраўнікі заявілі, што дэнансаваць саюзную дамову не зьбіраюцца. Паводле Дзьмітрыя Мядзьведзева, так званая саюзная дзяржава існуе, але яе трэба напаўняць рэальным зьместам. Аляксандар Лукашэнка заявіў, маўляў, сёньня адзіная дзяржава “створана палітычна і юрыдычна”. А Расея і Беларусь “ніколі ня будуць жыць асобна адна ад адной”.
Палітоляг Андрэй Фёдараў мяркуе, што гэта рытуальныя словы:
“Пакуль Мядзьведзеў яшчэ не зьяўляецца такім паўнавартасным прэзыдэнтам Расеі. Галоўную ролю іграе Пуцін. І працягваецца зьнешняя палітыка Расеі такая ж, якой яна і была. І адносна Беларусі, пакуль Мядзьведзеў ня стане сапраўдным прэзыдэнтам, будзе працягвацца палітыка, якая была пад час пуцінскага кіраваньня. Лепш слухаць, што будзе казаць і, галоўнае, што будзе рабіць Пуцін у якасьці прэм’ер-міністра як Расеі, так і саюзнай дзяржавы”.
Пры завяршэньні сваіх прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў Пуцін казаў пра тое, што Расея гатова пайсьці ў стварэньні так званай саюзнай дзяржавы так далёка, як гэтага хочуць беларускія партнэры. Паводле Пуціна, першачарговай мэтай ставілася ўвядзеньне расейскага рубля ў якасьці адзінай валюты.
Намесьнік дзяржаўнага сакратара саюзнай дзяржавы Васіль Хрол адмовіўся камэнтаваць дамоўленасьці ў Брэсцкай крэпасьці.
Ці магчыма, што бакі прасунуліся ў пытаньні адзінай валюты?
“Хаця эканамічны стан Беларусі й пагаршаецца, але яшчэ не дайшоў да той рысы, калі Расея магла б нешта патрабаваць, – кажа Андрэй Фёдараў. – Не насьпела гэта сытуацыя. Мы бачым, у якім кірунку яны жадаюць весьці: гэта, фактычна, эканамічнае паглынаньне, а потым прыйдзе і да палітычнага. Мне падаецца, гэтая сустрэча нічога новага ў гэтым сэнсе не дадала”.
Кіраўнік расейскага Інстытута праблем глябалізацыі Міхаіл Дзялягін не выключае, што пад час перамоваў гаварылася пра ўмовы, маштабы і сфэры інвэстыцый у Беларусь расейскага капіталу. Таксама закраналіся балючыя тэмы: кошт расейскіх энэрганосьбітаў, транзыт і маштабы вайсковага супрацоўніцтва. А што да адзінай валюты, то яе ўвесьці зьбіраліся яшчэ ў 2005 годзе. Афіцыйны Менск да гэтага кроку пакуль не гатовы:
“Гэта не атрымалася па вельмі празаічных прычынах. Першае, калі гэта валюта будзе ўводзіцца, то гэта будзе расейскі рубель. Адпаведна беларускае кіраўніцтва аддае вялізную частку сваёй улады Расеі. Я дапускаю, што нават ня ставілася пытаньне пра тое, што атрымае беларускае кіраўніцтва, эліта за такую сур’ёзную перадачу ўладных паўнамоцтваў.
Па другое, Расея праводзіць крайне неадэкватную грашова-фінансавую палітыку. Як беларусы могуць спадзявацца, што расейскае кіраўніцтва будзе іх паважаць, калі расейскае кіраўніцтва сваёй эканамічнай палітыкай паказвае, што не паважае ўласную краіну. Людзі імкнуцца далучыцца да прывабных краінаў, а да непрывабных, няхай нават блізкіх, яны далучацца ня хочуць”.