Суд у справе “жывога шчыта”: працяг заўтра <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />

У судзе Менскага раёну і гораду Заслаўе пачаўся судовы працэс над супрацоўнікамі ДАІ, якія падазраюцца ў стварэньні “жывога шчыта” з прыватных аўтамабіляў дзеля затрыманьня парушальніка.
Гэта стварыла пагрозу бясьпецы ні ў чым не вінаватых людзей і прывяло да калецтваў і матэрыяльных стратаў. Абвінавачаныя сваёй віны не прызнаюць і кажуць, што дзейнічалі адпаведна інструкцыі.

Судзіць маёра міліцыі Генадзя Дарагакупца і ягонага падначаленага, старшага лейтэнанта Аляксея Ліхтаровіча судзьдзя Ірына Майко. Ёй належыць вызначыць, ці вінаватыя міліцыянты ў службовым злоўжываньні, з-за якога ўзьнікла пагроза жыцьцю людзей і пацярпела іх здароўе. Максымальнае пакараньне за гэта — 3 гады зьняволеньня.

Пачаўся працэс з інцыдэнту — у залю не змаглі зайсьці ўсе ахвотныя журналісты, паколькі большасьць месцаў была занятая яшчэ да таго, як пачалі пускаць прэсу. Адвакатка пацярпелых Вера Страмкоўская заявіла пратэст і хадайнічала, каб працэс здымалі на відэа. Судзьдзя хадайніцтва адхіліла.

Надышла чарга адвакату абвінавачаных Васілю Тулякову падаваць хадайніцтва. Ён папрасіў далучыць да абвінавачаных таксама кіроўцу Рамана Менцюка, якога міліцыя 2 сакавіка спрабавала спыніць “жывым шчытом”. Вядома, што Раман Мянцюк уцёк і знаходзіцца ў вышуку. Судзьдзя Ірына Майко не задаволіла і гэтага хадайніцтва і перайшла да апытаньня пацярпелых.

Сёньня выступілі ўсе пяць чалавек, прызнаных у справе пацярпелымі. Гэта Юры Пашкевіч, яго жонка Марыя Вярбіцкая, якая прадстаўляе таксама трохгадовую дачку, Алена Калпакова, Аляксей Берасьнеў і Канстанцін Белагубцаў. Збольшага іх паказаньні зьвяліся да наступнага: супрацоўнікі ДАІ спынілі іх аўтамабілі, не назваліся, не патлумачылі сваіх мэтаў, а загадалі стаць у шэраг і не дазволілі выйсьці. Нібыта гэтак і ўзьнікла заслона, вядомая як “жывы шчыт”. Пацярпелы Канстанцін Белагубцаў абураўся:

“Мяне нават за чалавека не палічылі. Проста кінулі на зьбіцьцё. Маглі ж проста выставіць свае аўтамабілі, каб спыніць. А яны паставілі пад рызыку нас усіх, не палічылі нас за жывых людзей”.

Усе пацярпелыя заявілі, што на аўтамабілі ДАІ на месцы здарэньня не было адмысловай сыгналізацыі, якая прымушае спыніцца, а спынялі іх супрацоўнікі ДАІ жэстамі ды паласатым жэзлам. Рабіў гэта, паводле пацярпелых Берасьнева і Белагубцава, міліцыянт Ліхтаровіч. Астатнія сказалі, што “твараў міліцыянтаў не запомнілі”.

Абвінавачаныя віны сваёй не прызналі цалкам. А як яны тлумачаць здарэньне?

Маёр міліцыі Генадзь Дарагакупец паведаміў іншую вэрсію: што атрымаў загад не “рабіць заслону”, а толькі “стрымаць рух транспарту”, каб прымусіць спыніцца нецьвярозага кіроўцу, які ехаў са Слуцку на вялікай хуткасьці. Дзеля гэтага ён і ягоны падначалены Аляксей Ліхтаровіч выехалі зь Менску на Слуцкую шашу і нібыта ўключылі “чырвона-блакітныя пробліскавыя маячкі”, якія сыгналізуюць спыніцца ўсім аўтамабілям.

Далей, паводле міліцыянта, ён выйшаў са свайго аўтамабіля, убачыў, што набліжаюцца 4 іншыя аўтамабілі, а іх наганяюць яшчэ два. Аўтамабілі пачалі спыняцца, але раптам — аварыя. “Мы проста не пасьпелі нічога зрабіць, а да таго дзейнічалі паводле інструкцыі”, — заявіў супрацоўнік ДАІ. Аднак на пытаньні адваката маёр Дарагакупец даваў супярэчлівыя адказы.

“Ці спыніліся аўтамабілі? Пачалі спыняцца. Магчыма, які спыніўся, а магчыма, і не. Я ня памятаю і дакладна ня бачыў”.

Пацярпелы Юры Пашкевіч, калі ачуняў пасьля аварыі і выйшаў з аўтамабіля, зьняў месца здарэньня на відэа праз тэлефон. На гэтых здымках відаць, што сыгналізацыя на аўтамабілі ДАІ не працавала. “Я яе неўзабаве пасьля аварыі адключыў. Каб не шумела”, — патлумачыў суду маёр міліцыі Дарагакупец, які працуе ў ДАІ з 1993 году.

Працэс працягнецца заўтра, 20 чэрвеня. Павінны выступіць сьведкі, якія бачылі падзеі 2 сакавіка на шашы Мікашэвічы-Менск.

Ня ўсіх журналістаў прапусьцілі ў суд

Адвакат Васіль Тулякоў з падабароннымі: Генадзем Дарагакупцам і Аляксеем Ліхтаровічам




У судзе


Пацярпелыя