Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Даішнікі” ўсё лета будуць прыкідвацца “сваімі”


Супрацоўнікі Дзяржаўтаінспэкцыі пачынаюць пераўвасабляцца ў “мірных грамадзянаў”. Пакуль што экспэрымэнт праводзіцца ў Менску: да канца лета ў пятніцы, суботы і нядзелі пад выглядам кіроўцаў цывільных аўтамабіляў супрацоўнікі ДАІ будуць езьдзіць па горадзе і лавіць парушальнікаў хуткаснага рэжыму.

Фармальна неабходнасьць “маскаваньня” тлумачыцца несуцяшальнай статыстыкай аварыйнасьці, якую трэба выпраўляць на месцы. Аўтаспэцыялісты кажуць, што такім чынам ДАІ толькі справакуе новую хвалю незадавальненьня на свой адрас, прычым ня меншую, чым у выпадку са скандальнымі “жывымі шчытамі”.

Жорсткія санкцыі ў выглядзе неадэкватных сваімі памерамі штрафаў, рэальная пэрспэктыва трапіць у “жывы шчыт”, рэгулярнае падаражэньне цэнаў на паліва... У пераліку гэтых рэаліяў кіроўцам цяпер трэба мець на ўвазе новую. Як паведамілі ў ДАІ ўпраўленьня ўнутраных справаў Менгарвыканкаму, для лякалізацыі правапарушальнікаў супрацоўнікі ДАІ на выходныя перасаджваюцца на цывільныя аўтамабілі:
На цывільных аўтамабілях будуць сачыць за хуткасным рэжымам


“На аўтамабілях цывільнага выкананьня будуць сачыць за хуткасным рэжымам у Менску. То бок у нас у Дзяржаўтаінспэкцыі існуе графік. У выходныя будзем ажыцьцяўляць больш строгі кантроль за выкананьнем хуткасных рэжымаў, і супрацоўнікі ў грамадзянскіх аўтамабілях будуць несьці службу. Гэта распараджэньне па Менску, перадусім у сувязі з аварыйнасьцю. Так што на працягу ўсіх трох месяцаў будзе дзейнічаць менавіта такое распараджэньне”.

Кіраўнік зьліквідаванай Асацыяцыі кіроўцаў і ўладальнікаў аўтатранспарту Алег Маркевіч перакананы, што такім чынам супрацоўнікі ДАІ парушаюць свае ж унутраныя інструкцыі:

“Мяркуйце самі: нейкі чалавек сядзіць у цывільнай машыне ў форме, падобнай да даішнай. А вы ж ведаеце, цяпер кожны можа апрануць гэтую камізэльку – яна прадаецца ў любой будаўнічай краме. Гэта па-першае. Па другое, толькі ў апэратыўных мэтах дазволена выкарыстоўваць цывільныя аўтамабілі. А так аўтамабілі павінны быць з расфарбоўкай, узаконеныя і г.д. Тады кіроўца прынамсі ведае, хто яго спыняе. У іншым выпадку яму яшчэ будуць інкрымінаваць сьвядомае неспыненьне на патрабаваньне і г.д., што, як правіла, толькі ўскладняе справу. Што казаць, калі ім у начны час нават забаронена спыняць машыны без запаленых сьветлавых маячкоў”.

Прафэсійны аўтагоншчык, да нядаўняга часу кіраўнік Беларускай аўтамабільнай фэдэрацыі Анатоль Шаўчэнка кажа, што супрацоўнікі ДАІ не на тым сканцэнтраваныя. На яго думку, каб улады пайшлі насустрач ягоным даўнім ініцыятывам пабудаваць спэцыяльныя трасы для ахвотных падвысіць узровень кіраваньня, то ад гэтага станоўчы эфэкт быў бы куды больш відавочны:

“Я пісаў нават прэзыдэнту. Адносна таго, што будаўніцтва трасы проста жыцьцёва неабходнае. Таму што за гэтым стаяць рэальныя чалавечыя жыцьці. Калі пяць новых чалавек на год прыедуць, то гэта ўжо посьпех. Вось цяпер прапагандуецца праграма “мінус 100” – тое, што мы колісь з ДАІ рабілі, дапамагалі ім шмат. У пэўным сэнсе гэта мной і было ініцыявана, калі мы пяць гадоў таму пачалі ладзіць акцыю “Спартоўцы за бясьпеку дарожнага руху”, падчас якой дэманстравалі прыёмы нестандартнага кіраваньня – з тым, каб чалавек меў магчымасьць выжыць на дарозе. Але гэтая праграма, на жаль, нікуды далей так і не кранулася. Пра што мы і пісалі, аналізавалі: і людзі гінуць, і статыстыка зусім не суцяшальная. Тэма вельмі сур’ёзная”.

У сваю чаргу Алег Маркевіч кажа, што пасьля гучнага скандалу з арганізацыяй “жывых шчытоў”, калі супрацоўнікі ДАІ перагароджвалі дарогу прыватнымі машынамі з кіроўцамі і пасажырамі і такім чынам спынялі п’яных парушальнікаў, новыя, небясспрэчныя ініцыятывы наўрад ці будуць мець разуменьне ў грамадзтва:
У Навумава проста гарыць шэрсьць, каб вызначыцца...


“Пасьля таго выпадку зь Менцюком, з “жывым шчытом” міліцыя расьпісалася ў сваёй прафэсійнай непрыдатнасьці ці частковай прафэсійнай непрыдатнасьці – гэта як мінімум. Хоць на ДАІ ў нас адводзіцца вельмі шмат сродкаў. Найнавейшыя машыны толькі зьяўляюцца – новы “Опэль Астра”, новая турбаваная “Шкода Актавія”, – яны ў іх ужо ёсьць, толькі працуйце. Але ж працаваць ня хочацца, трэба караць. У Навумава проста гарыць шэрсьць, каб у нечым вызначыцца. Ён ужо хоча канфіскоўваць аўтамабілі, незалежна ад таго, каму яны належаць. Але аднымі рэпрэсіўнымі мэтадамі пытаньні ніколі ня вырашыш”.

На ўзмоцнены варыянт нясеньня службы кожныя выходныя пераводзіцца Дзяржаўтаінспэкцыя па ўсёй краіне. Аўтарызыкантаў ловяць з залучэньнем усіх сілаў – як фіксацыяй хуткасьці зь верталётаў, так і з прыватных аўтамабіляў. Пасьля выходных справы парушальнікаў разглядаюцца сотнямі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG