Cёньня ў сталічным клюбе “Графіці” адбылася прэзэнтацыя кніжнага выданьня п’есы “Народны альбом”.
П’еса была напісаная паводле аднайменнага музычнага праекту яшчэ ў 1999 годзе, ідэю падказаў рэжысэр Мікалай Пінігін, які так і не паставіў спэктаклю. Гэта зрабіў Уладзімер Колас зь ліцэістамі. І вось праз 9 гадоў п'еса сёлета выйшла у Беларусі асобнай кніжкаю.
Мастак і паэт Міхал Анемпадыстаў – аўтар тэкстаў песень, аўтар ілюстрацый і адзін з аўтараў (разам з музыкам Лявонам Вольскім) самой п’есы. Пакуль Лявон Вольскі “расьпяваўся” перад канцэртам, Міхал распавёў:
“П’еса была напісана 9 гадоў таму з той нагоды, што Мікалай Пінігін сапраўды прапанаваў нам зрабіць нешта такое па матывах “Народнага альбому” і паставіць у тэатры імя Янкі Купалы...
Карэспандэнтка: “Але зьехаў працаваць у Піцер і забыўся...”
Анемпадыстаў: “Не, ён не забыўся, у Піцер зьехаў пазьней. П’есу нават паставілі ў тэматычны плян тэатру, але потым зьнялі. У той самы год яна была выдадзеная ў Польшы. Была перакладзеная на польскую мову Міколам і Аленай Ваўрынюкамі. Выйшла кніга ў Беластоку з паралельнымі тэкстамі па-беларуску і па-польску. Так што для нас гэта ўжо перавыданьне. На жаль, у Беларусі толькі цяпер”.
Карэспандэнтка: “А вось ліцэісты паставілі спэктакль...”
Анемпадыстаў: “Што яны паставілі спэктакль – гэта тое, дзеля чаго яе варта было напісаць. Для нас гэта вельмі радасна і гонар”.
Карэспандэнтка: “А ёсьць спадзяваньні, што нейкі сур’ёзны тэатральны калектыў у Беларусі паставіць п’есу?”
Анемпадыстаў: “Натуральна, спадзяваньні заўсёды ёсьць”.
Паэт Андрэй Хадановіч ці то жартаўліва, ці то сур’ёзна заўважыў, што у Беларусі на сёньня ёсьць два народныя паэты. Калі б гэта залежала ад яго, зьявіліся б яшчэ два – Анемпадыстаў і Вольскі, адзначыўшы вельмі крэатыўнае суаўтарства. Вось што распавёў другі аўтар п’есы Лявон Вольскі:
“Гэта паказальнік такой тыповай беларускай сытуацыі – калі ў нас зьяўляецца я ня буду казаць пасьпяховы, а нейкі адэкватны, скажам так, адэкватны культурны праект, яго найперш заўважаюць недзе за мяжой спачатку, а тут намагаюцца неяк не заўважаць. Пасьля выхаду “Народнага альбому” “Gazeta Wyborcza” адразу напісала, што гэта падзея году ня толькі ў Беларусі, але і ў Польшчы. У нас гэта і блізка не заўважыў ніхто з афіцыйных крытыкаў. Гэта ня страшна, гэта паказальнік таго, што ў нас грамадзтва падзеленае на афіцыйнае грамадзтва, якое жыве паводле сваіх законаў, і альтэрнатыўнае грамадзтва, якое жыве таксама па сваіх”.
Карэспандэнтка: “Некаторыя ўдзельнікі “Народнага альбому” далёка, некаторыя – у іншых праектах. Ці магчыма сабраць усіх разам?”
Вольскі: “Пэрыядычна мы зьбіраемся. Мы зьбіраліся на 10-годзьдзе ўзімку. Для ўсіх удзельнікаў гэта даволі сур’ёзны праект, зь якога пачаліся першыя сур’ёзныя праекты для музыкаў. Гэта вельмі распрыгоніла людзей, яны потым пачалі займацца даволі цікавымі музычнымі рэчамі”.
Карэспандэнтка: “А ёсьць такія тэатральныя калектывы ў Беларусі, якім бы вы даверылі сыграць п’есу?”
Вольскі: “Зараз вельмі шмат цікавых выканаўцаў, і ёсьць выбітныя рэжысэры. Я думаю, спакойна можа Купалаўскі тэатар заняцца. Я, пабыўшы на “Пінскай шляхце”, магу сказаць, што з гэтым матэрыялам можна, напэўна, яшчэ лепей зрабіць”.