Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ліцэісты вярнуліся ў Беларусь і выправіліся на вакацыі


Ігар Карней, Менск Пасьля завяршэньня летняй навучальнай сэсіі ў Польшчы сёньня ўначы ў Беларусь вярнуліся навучэнцы Нацыянальнага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа.

Паўтара месяца ліцэісты 1-4 курсаў мелі магчымасьць паўнавартаснага навучаньня ў курортным мястэчку Закапанэ, у партовым Гданьску, а таксама ў сталіцы Варшаве. Пры гэтым навучальны працэс разбаўляўся экскурсійнымі праграмамі, паходамі ў горы і адпачынкам на Балтыйскім моры.

Пры канцы двухтыднёвага знаходжаньня ў кожным з гарадоў ліцэйская трупа паказвала польскім гледачам свой знакавы спэктакль “Народны альбом” паводле Міхала Анемпадыстава і Лявона Вольскага. А ў кастрычніку “Народны альбом” ліцэісты прадставяць на фэстывалі нацыянальных мяншыняў Гданьску.

Нагадаем, што ў 2003 годзе зь ініцыятывы Міністэрства адукацыі ліцэй быў закрыты, аднак адміністрацыя ліцэю прыняла рашэньне не распускаць пэдагагічны калектыў і паспрабаваць наладзіць навучальны працэс фактычна ў падпольлі. Ад таго часу самі ліцэісты сваю альма-матэр называюць няйначай як “партызанская школа”.

Да 1 кастрычніка ў ліцэістаў будуць вакацыі. Як паведаміў дырэктар ліцэю Ўладзімер Колас карэспандэнту Радыё Свабода, восеньская сэсія, магчыма, адбудзецца ў Літве. Гэтаксама вядуцца перамовы наконт будучых сэсіяў у Францыі і Нямеччыне. Разам з тым, улады Варшавы і Гданьску ўжо пацьвердзілі, што гатовыя фінансаваць сэсію Нацыянальнага гуманітарнага ліцэю ўлетку 2008 году.

Цягам апошніх двух гадоў папулярнасьць ліцэю зноў аднавілася. Сёлета паводле вынікаў іспытаў залічана тры дзесяткі новых навучэнцаў, а пры канцы жніўня плянуецца дадатковы набор.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG