Цэнтралізаванае тэставаньне пачалося зь беларускай мовы

12 чэрвеня ў абітурыентаў пачалося цэнтралізаванае тэставаньне. Яно пройдзе па 14 прадметах і будзе доўжыцца да 28 чэрвеня. Кожны абітурыент павінен здаць тры тэсты на выбар. Першым іспытам стала беларуская мова, якую сёлета абралі 70 тысяч выпускнікоў школ (у мінулым годзе было 87 тысяч).
У вучэбныя карпусы ВНУ пускалі толькі абітурыентаў з зарэгістраваным пропускам, пашпартам і асадкай. У будынкі, дзе праводзіліся тэсты, уваход нават для супрацоўнікаў закрыты да 15:30. Тэставыя заданьні ўскрывалі ў аўдыторыі ў прысутнасьці чальцоў камісіі. На тое, каб выканаць заданьне па беларускай мове, адводзіцца дзьве гадзіны. Так што распытаць пра тэст можна было толькі саміх абітурыентаў, калі яны выходзілі з будынку:

Карэспандэнтка: “Чаму вы абралі менавіта беларускую мову?”

Дзяўчына: “Гэта наша дзяржаўная мова, і нам лягчэй на ёй пісаць”.

Хлопец: “Патрыёт”.

Другі хлопец: “Гэта мая родная мова, і мне лягчэй пісаць па ёй тэст”.

Дзяўчына: “Я думаю, яна лягчэйшая за рускую”.

Карэспандэнтка: “А дзе вы яе вывучалі?”

Дзяўчына: “У гімназіі, зь першай клясы, павышаны ўзровень. Таму я лічу, што яна лягчэйшая для мяне. І правілы больш даступныя і зразумелыя”.

Карэспандэнтка: “А зараз заданьні былі складаныя?”

Юнак: “Для мяне — не”.

Дзяўчына: “Былі цяжкія заданьні. Мне спадабалася заданьне № 29, трэба было расставіць коскі, але сказы былі вельмі складаныя”.

Хлопец: “Канечне, заданьні былі цяжкія, больш на лёгіку”.

Дзяўчына: “Былі і больш складаныя, і больш лёгкія, але ўвогуле, я лічу, тэст рашаецца”.

Карэспандэнтка: “А якія былі цікавыя для вас пытаньні, нейкія закавыкі былі?

Дзяўчына: “Так, былі, асабліва ў “В” частцы, заданьні на фразэалягізмы. Трэба было скласьці фразэалягізм са словамі, але словы былі вельмі падобныя, таму трэба было падумаць. Я напісала “Хто яго ведае” — там было са значэньнем “мабыць” (“наверное”). Я думаю, гэта правільна”.

Хлопец: “Для мяне самыя складаныя былі знакі прыпынку. Думаю, будуць у мяне памылкі”.

***

Сябры камісій, якія знаходзіліся на тэставаньні, ніякіх камэнтароў ці інтэрвію не даюць. Радыё Свабода ўдалося задаць некалькі пытаньняў намесьніку старшыні арганізацыйнай камісіі па цэнтралізаваным тэставаньні Белдзяржунівэрсытэта Вячаславу Малафееву:

“Ці былі сёньня эксцэсы, можа, каго выставілі сёньня за дзьверы?”

“Пакуль у нас інфармацыі няма, што кагосьці выдалілі. На жаль, раніцай зноў зьявіліся абітурыенты бяз пашпарта. Крыўдна, але мы ня можам прапусьціць ні зь якім іншым дакумэнтам”.

Карэспандэнтка: “Ці цяжкія былі заданьні?”

“На гэтае пытаньне сёньня ніхто не адкажа, таму што здаюць беларускую мову, а ў аўдыторыях знаходзяцца выкладчыкі не гуманітарных, а дакладных, прыродазнаўчых факультэтаў. То бок тут няма адмыслоўцаў. А выкладчыкі прыродазнаўчых факультэтаў карыстаюцца ў асноўным расейскай мовай”.

Пра вынікі тэставаньня можна даведацца толькі праз два тыдні: альбо па месцы здачы тэстаў — там будуць вывешаныя сьпісы, альбо праз інтэрнэт, альбо замовіўшы такую паслугу праз СМС.