Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У чым асаблівасьці сёлетняга цэнтралізаванага тэставаньня?


Іна Студзінская, Менск На цэнтралізаванае тэставаньне, якое праводзіцца ў буйных гарадах Беларусі, і паводле вынікаў якога можна паступіць у навучальныя ўстановы, запісаліся больш за 200 тысяч чалавек. Цэнтралізаванае тэставаньне праводзіцца ў Беларусі вось ужо трэці год запар. Многія выкладчыкі скептычна ставяцца да такога.

З 200 тысяч абітурыентаў студэнтамі стануць толькі 30 тысяч

Сёлета тэставаньне пройдзе з 12 па 28 чэрвеня па 14 прадметах. Зарэгістравалася больш за 200 тысяч чалавек (летась – 170 тысяч). Павялічылася і колькасьць ВНУ, якія набіраюць студэнтаў толькі па вынікаў тэставаньня (цяпер іх 43 з 53-х). Выключэньне – некаторыя спэцыялізаваныя ВНУ: Акадэмія мастацтваў, Акадэмія музыкі, Акадэмія МУС, Вайсковая акадэмія, Гомельскі інжынэрны інстытут Міністэрства надзвычайных сытуацыяў.

Абітурыенты маюць права прайсьці толькі тры тэсты: абавязкова па беларускай альбо расейскай мовам і па двух іншых профільных прадметах па выбару.

Максымальная колькасьць балаў – 100. Нездавальняючай адзнакай для ўсіх прадметаў прызнаецца з 1 да 14 балаў уключна, з такім баламі дакумэнты ў ВНУ не прымуць.

3 гады таму цэнтралізаваная тэставаньня было ўведзенае з ініцыятывы Міністэрства адукацыі. Мэта – аб''ектыўна ацаніць веды.

Аб’ектыўнасьць, веды альбо ўдача, шанцаваньне?

Меркаваньне выкладчыцы матэматыкі Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту інфарматыкі і радыёэлектронікі Людмілы Майсені:

“Я толькі кажу пра матэматыку, і гэта ідэя мне імпануе. Таму што тое, як здаваліся экзамэны пры паступленьні ў ВНУ, мы з вамі праходзілі. Там многае залежала ад капрызаў, настрою выкладчыка. Але ідэя патрабуе, безумоўна, яшчэ шліфоўкі. Але ёсьць нюансы, якія не падабаюцца. Тыя, хто паступае на матэматычны факультэт, павінны ўмець аказваць тэарэмы. То бок сыстэма яшчэ не адладжаная. А сама ідэя нядрэнная”.

Настаўнік матэматыкі Івянецкай сярэдняй школы Іван Вальчэўскі думае інакш:

“Тэставаньне – гэта сыстэма ўгадваньня адказаў. Нават тыя, хто паступае на матэматычныя спэцыяльнасьці, угадаў некалькі адказаў – паступіў. А потым веды аказваюцца тупіковыя”.

Тэст па гісторыі – “халява для троечніка і зубрылы”

Летась я размаўляла адразу пасьля пісьмовага тэсту па гісторыі Беларусі з выпускнікамі ліцэю БДУ. Яны назвалі тэст “халявай для троечніка і зубрылы”. Трэба было выбраць адзін правільны адказ з трох. Ацэньвалася не ўменьне мысьліць, разважаць, аналізаваць, а тое, як чалавек “вызубрыў” падручнік з датамі. Так казалі ўдзельнікі леташняга цэнтралізаванага тэставаньня.

Па камэнтар мы зьвярнуліся да выкладчыка філязофіі Магілёўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Куляшова Аляксея Бацюкова:

“Тут вельмі складаная сацыяльная сытуацыя, калі вельмі шмат пагрозаў, і ад іх адным шчытом не абаронісься. Ёсьць, канешне, праблема хабарніцтва, залічэньня студэнтаў па сваяцкіх сувязях... А з другога боку, чалавек вельмі творчы, які мае свае, спэцыфічныя, але надта карысныя і для прафэсіі, і для сваёй спэцыялізацыі, і наагул, для грамадзтва веды, якасьці – такі чалавек ня пройдзе”.

Асабліва наракаюць на тэставаньне па гуманітарных дысцыплінах, дзе чалавек павінен ўмець разважаць, аналізаваць. Распавядае Людміла Майсеня:

“Учора давала інтэрвію загадчыца катэдры ангельскай мовы БДУ. Яна казала, што дзеці тэсты прайшлі, а яны “нямыя”! Размоўнай мовы няма, а іх вучыць на факультэце міжнародных адносінаў. Па факту мовы ў іх няма, таму што “натаскваньне” пастаўлена на тэсты, а не на размоўную мову, якая неабходна”.

Кур’ёзы тэставаньня

Летась у Менскі мэдунівэрсытэт паступіў юнак, у якога ў школьным атэстаце па біялёгіі стаяла двойка. На тэставаньні ён атрымаў 84 балы. Па рускай мове ў атэстаце ў яго было 3 балы, а на тэставаньні – 88. Адзін малады чалавек на ўсе пытаньні выбраў другі варыянт адказу з трох, і атрымаў па гісторыі Беларусі даволі высокі бал, зь якім яго прынялі ў ВНУ. А вось з 98 баламі па ангельскай мове хлопец з Воршы не паступіў на бюджэтнае аддзяленьне Лінгвістычнага ўнівэрсытэту, толькі на платнае...

Праблема ў тым, кажуць чыноўнікі Міністэрства адукацыі ў інтэрвію "Свабодзе", што на гуманітарныя факультэты БДУ, Эканамічнага, Лінгвістычнага ўнівэрсытэту было столкі жадаючых паступіць, што не ратавалі нават самыя высокія балы на тэставаньні.

Новае пакаленьне выбірае фізыку і матэматыку

Сёлета сытуацыя зьмянілася, кажа супрацоўнік Рэспубліканскага інстытуту кантролю ведаў Міністэрства адукацыі:

“Сёлета ёсьць станоўчыя зрухі. Калі раней абітурыенты аддавалі абсалютную перавагу юрыдычным спэцыяльнасьцям, эканамічным, то зараз пачынае павялічвацца колькасьць абітурыентаў, зацікаўленых у атрыманьні фізыка-матэматычнай адукацыі”.

За правядзеньнем тэставаньня сёлета будзе пільна сачыць Камітэт дзяржкантролю.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG