Сёньня суд Пухавіцкага раёну разглядаў справы настаўніц з пасёлку Дружны Насты Паповай і Тацяны Дыльковай.
Насьце Паповай пакараньне яшчэ не прызначылі, а Тацяну Дылькову аштрафавалі на 350 тысячаў рублёў.
Настаўнікі ўдзельнічалі ў несанкцыянаваным мітынгу жыхароў пасёлку, якія пратэставалі супраць будаўніцтва ў гэтай мясцовасьці заводу ядахімікатаў расейскай кампаніі “Аўгуст-Бел”.
На самым пачатку судовага паседжаньня Наста Папова заявіла аб сваёй невінаватасьці і запатрабавала, каб у судзе яе абараняў адвакат. Хадайніцтва было задаволена, суд перанесены на 11 чэрвеня. Яна паведаміла:
«Мы мелі права выказаць сваё слова. Заявіць сваё «НЕ!». Не жадаю, каб было будаўніцтва гэтага заводу, так як даводзіцца жыць у Дружным. Не дай Бог, каб нешта там здарылася. Не пазьбегнуць бяды».
Тацяна Дылькова кажа, што не адмовілася ад працягу суду, каб гэтую справу завершыць найхутчэй. Яе зьвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мітынгу, ў парушэньні грамадзкага парадку. А пакараньнем стаў штраф памерам 350 тысячаў рублёў. Вінаватай Тацьцяна сябе ня лічыць:
“Канечне, усё гэта было не прыемна, але я не лічу, што людзі ня мелі права выйсьці. Мелі. І на гэты момант нават палёгка нейкая, бо сталася нешта пэўнае. Больш спакойна”.
Адзін з актывістаў ініцыятыўнай групы супраць будаўніцтва хімзаводу Сяргей Абразоўскі, які прысутнічаў на судзе, кажа, што гэта быў чарговы паказальны працэс над іншадумцамі:
“Гэты суд, каб паказаць, што, маўляў, мы можам асудзіць любога. Стаяла тры тысячы чалавек – суд не разьбіраецца, а прызначае, што вінаватымі будуць вось гэтыя дзьве дзяўчыны”.
Наста Папова І Тацьцяна Дылькова яшчэ нядаўна працавалі ў сярэдняй школе №1 пасёлку Дружны сацыяльнымі пэдагогамі. У раённым аддзеле адукацыі іх прымусілі напісаць заявы на звальненьне паводле ўласнага жаданьня.
За ўдзел у несанкцыянаваных мітынгах ў пасёлках Сьвіслач і Дружны Сяргей Абразоўскі быў двойчы пакаранымі буйнымі штрафамі. Папярэджаньне пракуратуры атрымала яшчэ адна ўдзельніца, Тацяна Рысевец.
Будаўніцтва заводу па вытворчасьці пэстыцыдаў распачынае расейская прыватная кампанія “Аўгуст-Бел”. Супраць будаўніцтва заводу пратэстуюць жыхары пасёлку Дружны, Сьвіслач, Рудзенск, Дукора і іншых паселішчаў. Яны зьвярталіся з заявамі пратэсту ў Канстутыцыйны суд, пракуратуру, урад краіны і да Аляксандра Лукашэнкі. Зараз людзі зьбіраюць подпісы пад зваротам у ААН і АБСЭ.