Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Настаўніц з Дружнага звольнілі, а цяпер судзяць


Сёньня ў судзе Пухавіцкага раёну Менску распачаліся слуханьні адносна былых настаўніц з пасёлку Дружны Насты Паповай і Тацяны Дыльковай. Яны былі ўдзельніцамі несанкцыянаванага мітынгу жыхароў пасёлку, якія пратэставалі супраць будаўніцтва ў гэтай мясцовасьці заводу ядахімікатаў. Судзіць іх зьбіраюцца, не паведамляючы пра сутнасьць правапарушэньня.

На самым пачатку судовага паседжаньня Наста Папова заявіла аб сваёй невінаватасьці і запатрабавала, каб у судзе яе абараняў адвакат. Хадайніцтва было задаволена. Суд перанесены на 11 чэрвеня.

Наста Папова яшчэ нядаўна працавала ў сярэдняй школе №1 пасёлку Дружны сацыяльным пэдагогам. На мітынг пратэсту 25 красавіка разам з каляжанкай Тацьцянай Дыльковай яна прыйшла ў адгазьніку. Дзяўчына мяркуе, што гэта і стала падставай для судовага разьбіральніцтва, бо ў позьве пра сутнасьць правапарушэньня нічога не паведамляецца:

“Працоўны дзень у нас да 17 гадзінаў, і мы пэдагогі да гэтага часу. Пасьля 17-й гадзіны – мы такія грамадзяне, як і яны ўсе. І мы прыйшлі, каб выказаць свой пратэст супраць будаўніцтва гэтага заводу. Бо нам тут жыць, нараджаць і гадаваць сваіх дзяцей”.

Сёньня абедзьве настаўніцы ўжо не працуюць у школе. Іх вымусілі напісаць заявы па ўласным жаданьні, – расказаў Свабодзе кіраўнік ініцыятыўнай групы, якая выступае супраць будаўніцтва заводу, Сяргей Абразоўскі:

“Іх выклікалі ў аблано, там зь імі размаўлялі, запалохалі, і яны падалі заявы на звальненьне. Настаўнікі спачуваюць ім, тэлефануюць, але дапамагчы ня могуць...”

За ўдзел у гэтым жа мітынгу інжынэру ЦЭЦ-5 Тацьцяне Рысевец пракуратура Пухавіцкага раёну вынесла афіцыйнае папярэджаньне. Сёньня яна абскарджвае гэта ў пракуратуры Менскай вобласьці і вось як камэнтуе дзеяньні чыноўнікаў:

“Ім дадзеная каманда зламаць людзей, бо яны баяцца выбараў і нават ужо адкрыта запытваюць: хто будзе балятавацца і куды. А па-другое, гэты прыклад грамадзянскай актыўнасьці для іх, пэўна, ня надта станоўчы”.

Паводле Тацьцяны Рысевец, улады таксама ціснуць на жыхароў Дружнага, якія паставілі свае подпісы пад зваротам у ААН, АБСЭ і да кіраўніка краны. Тым ня менш, людзі не намераныя адступацца, кажа адна з актывістак ініцыятыўнай групы Алена Будкоўская:

“Я, да прыкладу, стаяла тры дні, і людзі ўвесь час падыходзяць, падыходзяць і падыходзяць. Шмат па кватэрах, па лецішчах зьбіраем, бо людзі папрасілі. Мы ўпэўненыя, што мы пераможам, і мы будзем ісьці да канца – гэта сто адсоткаў”.

Генэральная пракуратура вынесла папярэджаньне расейскай прыватнай кампаніі “Аўгуст-Бел” за парушэньні дзейнага заканадаўства падчас падрыхтоўкі будаўніцтва заводу. Аднак актывісты ініцыятыўнай групы заяўляюць, што тое ня цягне за сабой ніякай адказнасьці для “Аўгуст-Белу” і тым больш не забараняе будаўніцтва хімічнай вытворчасьці. Таму яны зьвярнуліся ў Генэральную пракуратуру паўторна.

Супраць будаўніцтва заводу пратэстуюць жыхары пасёлкаў Дружны, Сьвіслач, Рудзенск, Дукора й іншых паселішчаў. Яны зьвярталіся з заявамі пратэсту ў Канстытуцыйны суд, пракуратуру, урад краіны і да Аляксандра Лукашэнкі. Цяпер зьбіраюць подпісы пад зваротам у ААН і АБСЭ.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG