За апошнія 25 гадоў толькі ў Менску ад 220 архітэктурных помнікаў, якія складалі аснову гісторыка-культурнай спадчыны, у больш-менш некранутым выглядзе засталіся чатыры дзясяткі.
Каля дзьвюх сотняў бясцэнных сьведчаньняў беларускай гісторыі страчаныя беззваротна ці перабудаваныя да непазнавальнасьці. Чаму палітычна актыўная частка грамадзтва ня лічыць абарону старасьветчыны сваёй прыярытэтнай задачай?
Чаму сярод палітычных лёзунгаў апазыцыі адсутнічаюць заклікі бараніць гістарычную спадчыну, якую цяпер павальна зьнішчаюць у розных рэгіёнах Беларусі? Гісторык, адзін зь лідэраў беларускай сацыял-дэмакратыі Аляксей Кароль лічыць, што прычынай таму -- традыцыйна пасіўнае стаўленьне беларусаў да праблемы:
“Палітыка на зьнішчэньне гістарычных помнікаў была і, па-сутнасьці, захавалася зараз. Невялікі перапынак прыпаў на “разгул” кебічаўскай дэмакратыі, калі ўплыў грамадзкасьці быў найбольш моцны і пэўным чынам хоць зьвярнулі ўвагу на захаваньне гэтых помнікаў. У беларускім грамадзтве, на жаль, заўсёды былі пасіўныя, раўнадушныя адносіны да зьнішчэньня помнікаў. Гэта ніколі не выклікала масавых пратэстаў, якія паўплывалі б на зьмену такой палітыкі. Магчыма, гэтым можна патлумачыць пасіўную пазыцыю сучасных апазыцыйных палітыкаў, якія ня бачаць актуальнасьці ў гэтым лёзунгу, каб заваяваць сымпатыі электарату. Але гэта памылка. За лёзунгамі сацыяльнага дабрабыту паўстаюць лёзунгі дабрабыту духоўнага”.
Карэспандэнт: “Дык якойсьці актыўнасьці чакаць можна?”
“Думаю, так. Як толькі зьявіцца крытыка з боку СМІ, апазыцыйныя палітыкі зьвернуць на гэта ўвагу. Таму добра, што “Свабода” ўздымае гэтую тэму”.
Архітэктар Уладзімер Папруга цягам некалькіх гадоў намагаўся выправіць сытуацыю на пасадзе Галоўнага дзяржаўнага інспэктара аховы гісторыка-культурнай спадчыны Менгарвыканкаму. Аднак рэалізаваць задумы не ўдалося – занадта магутнае лобі, мала зацікаўленае ў захаваньні гістарычнай спадчыны, але якое актыўна перасьледуе камэрцыйныя інтарэсы. Пры гэтым роля вышэйшага кіраўніцтва краіны ў гэтым працэсе таксама не апошняя:
“Бянтэжыць нелягічнасьць паводзінаў cучаснай кіруючай адміністрацыі. Я не кажу нават на ўзроўні краіны, а кажу пра Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт. Вялікім шокам ёсьць менавіта нелягічнасьць працы адміністрацыі, перадусім Менгарвыканкаму. І мне падаецца, што Аляксандар Рыгоравіч будзе выглядаць у гэтай складанцы папросту крайнім. Я абсалютна перакананы: ледзьве не 90% усяго гэтага “балагана” яму было падсунута на акцэптацыю. І ўжо пасьля ўдзельнікі працэсу пачалі прыкрывацца нібыта з “гары”, зьверху, ад самой адміністрацыі прэзыдэнта вось гэтым імпульсам на будаўніцтва ўсяго таго, што на сёньняшні дзень незаконна на гэтай тэрыторыі будуецца”.
Адзін з найбольш актыўных палітыкаў у дэмакратычным асяродку Павал Севярынец перакананы, што агульнымі намаганьнямі абараніць яшчэ ацалелыя помнікі можна. Аднак бракуе галоўнага – каардынацыі высілкаў. Да таго, як паказвае практыка, большая частка грамадзтва хоць і абураная працэсам разбурэньня, але далей кухні гэтае абурэньне не выносіць:
“Калі задацца мэтай, то спыніць працэс можна. Мы ў Віцебску падобную кампанію рабілі, калі перад “Славянскім базарам” разбуралі падмуркі Пятніцкай царквы на плошчы Свабоды. Дык вось, магу вам сказаць: на распаўсюджаныя 30 тысячаў улётак прыйшлі 50 чалавек. То бок, можна сказаць таксама, што для людзей гэта зараз ня вельмі актуальна. Тым ня меней, людзі сабраліся, адбылося набажэнства і працы хуценька згарнулі. Па Гародні сытуацыя больш складаная. Там шмат хто прыкладаў намаганьні, але, на жаль, не дайшло да інфармаваньня ўсіх жыхароў Гародні. Але, па вялікаму рахунку, калі паставіць сабе за мэту, выніку дасягнуць можна. Гаворка толькі пра моц ціску. Аднак пакуль нават у самых важных момантах, на жаль, мы ня можам скаардынаваць высілкі на столькі, каб гэта зрабіць”.
Менск узору канца мінулага і пачатку новага стагодзьдзя – гэта дзьве вялікія розьніцы. На месцы старых гістарычных будынкаў у цэнтры павальна зьяўляюцца навабуды, якія гарадзкія ўлады пазыцыянуюць “асучасьненымі спадкаемцамі” зруйнаваных помнікаў. Перабудаваная Няміга, новыя будынкі паўсталі на вуліцах Герцэна, Гандлёвай, Кірыла і Мятоды, лякальна зьнішчаюцца дамы на Рэвалюцыйнай, Камсамольскай, Калектарнай. На факты ў лепшым выпадку рэагуюць некаторыя СМІ ды купка апантаных гісторыкаў. Старшыня Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч перакананы: у такой сытуацыі зацікаўленым структурам не складана культываваць “колавую паруку”, калі ў працэсе руйнаваньня помнікаў сытуацыю паварочваюць так, як ім гэта патрэбна:
“Любы будынак можна пры нармалёвым комплексе рэстаўрацыйных працаў. Да таго ж, яны зносяцца ня проста так, а пад гэта падводзяцца пэўныя экспэртныя заключэньні. Аднак вы ж ведаеце, у нашых умовах экспэртнае заключэньне якое трэба, такое могуць і напісаць. Таму што ўсе службы паміж сабой павязаныя. Што экспэртыза, што Менгарвыканкам – усё гэта як гаворыцца, адзіны мэханізм”.