Незарэгістраваная арганізацыя “Малады Фронт” далучылася да кампаніі па байкоту выбараў у Палату прадстаўнікоў.
Як паведамляе прэсавая служба арганізацыі, “ Малады Фронт” заклікае беларусаў байкатаваць псэўдавыбары і прыходзіць у дзень галасаваньня на плошчу Каліноўскага, адзінае месца ў нашай краіне, дзе хлусьня ЦВК ня дзейнічае”.
Паводле арганізацыі, “будучыя "выбары" ўсё болей і болей нагадваць гульню аднаго актора. Да галасаваньня болей за чатыры месяцы, а старшыня ЦВК Беларусі, Лідзія Ярмошына, ужо заявіла аб тым, што не валодае паўнамоцтвамі ўвядзеньня прадстаўнікоў партыяў у выбарчыя камісіі. Улада не зьбіраецца лібералізаваць выбарчае заканадаўства і працэс галасаваньня".
«Удзел у такіх "выбарах" ёсьць ня толькі немэтазгоднаю, але і абсурднаю справаю, якая адно дапаможа легітымізаваць самаабвешчаны рэжым Лукашэнкі»,-- заявіў «Малады фронт».
Раней з заклікам да байкоту выбараў у Палату прадстаўнікоў выступілі прадстаўнікі «Хартыі- 97».