Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці пойдзе апазыцыя на байкот выбараў?


Каардынатар “Хартыі’97” Зьміцер Бандарэнка заклікаў дэмакратычныя сілы да спыненьня дыялёгу з уладамі і байкоту парлямэнцкіх выбараў. Як ставяцца да гэтай ініцыятывы прадстаўнікі дэмакратычных сілаў?



Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька сказаў, што адказ на пытаньне адносна байкоту выбараў быў сфармуляваны яшчэ ў выніку дыскусіі ў 2007 годзе.


“Высьветлілася, што ўсё ж такі больш аргумэнтаў на карысьць удзелу, а не байкоту выбарчай кампаніі. Я быў удзельнікам кампаніі байкоту 2000 году, але трэба прызнаць, што з таго часу адбыліся пэўныя зьмены. Тады галасы фальшаваліся, яны прыпісваліся. А зараз, у 2008 годзе, іх проста ніхто ня будзе лічыць. І незалежна ад таго, якая колькасьць будзе рэальна браць удзел, і лічбы ўдзелу, і вынікі галасаваньня будуць такія, якія будуць прапісаныя ў “чырвоным доме”.

Паводле спадара Лябедзькі, падчас кампаніі важна данесьці да людзей, што ў Беларусі няма выбараў і няма парлямэнту.

“Мы павінны змабілізаваць людзей на тое, каб яны былі гатовыя ўсё ж выйсьці на вуліцу і адстойваць сваё права на выбар і на выбары. І мы не павінны ў гэтай сытуацыі выключаць магчымасьці зьняцьця ўсіх сваіх людзей з адзінага сьпісу за некалькі дзён да галасаваньня”.


Лідэр незарэгістраванага руху “За свабоду” Аляксандар Мілінкевіч сказаў, што ўдзел варта браць нават у недэмакратычных выбарах.

“Форма байкоту важная і адпрацаваная ў сьвеце. Але ў нас яна малаэфэктыўная, бо пра гэта мала хто даведаецца, што мы рабілі байкот, і ня прыйдуць на выбары толькі актывісты. Я лічу, што трэба ісьці на выбары, выкарыстаць магчымасьці выступаў на радыё і тэлебачаньні, трэба ісьці да людзей. Потым заўсёды можна сказаць, і з самага пачатку, што выбары недэмакратычныя, ня могуць быць прызнаныя. Але сесьці і нічога не рабіць — я скептычна стаўлюся да такой пазыцыі”.


Лідэр незарэгістраванага “Маладога фронту” Зьміцер Дашкевіч заявіў, што перад парлямэнцкай кампаніяй вельмі важна патрабаваць ад улады празрыстага выбарчага працэсу:

“Калі ўлада не пажадае яго забясьпечыць, выбары трэба байкатаваць. Варта толькі абмяркоўваць тыя ці іншыя формы байкоту. Але ўдзельнічаць, вядома, у навязаным зьверху сцэнары вельмі небясьпечна. Тут трэба ўсім дэмакратычным сілам выпрацоўваць фармат байкоту. Ёсьць некалькі варыянтаў: альбо кандыдаты ад дэмсілаў балятуюцца, ідуць на выбары, праводзяць агітацыйную кампанію і за некалькі дзён, пры ўмове невыкананьня ўладай дэмакратызацыі выбарчага працэсу, гэтыя кандыдаты здымаюцца. Альбо варыянт поўнай адмовы ад удзелу ў кампаніі”.

Прэсавы сакратар КХП-БНФ Валеры Буйвал сказаў, што ягоная партыя ня будзе браць удзелу ў выбарах.

“Наша пазыцыя адназначная падчас усіх гэтых выбарчых спэктакляў, наладжаных рэжымам. Мы заклікаем людзей ня ўдзельнічаць у гэтых антыдэмакратычных шоў. Будзем заклікаць да поўнага, абсалютнага байкоту любых выбараў, абвешчаных гэтым рэжымам, і на гэты раз. Пры антыбеларускім рэжыме ня можа быць дэмакратычных выбараў, а ў недэмакратычных выбарах няма сэнсу ўдзельнічаць”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG