Як доўга будзе працягвацца канфлікт Беларусі і ЗША?

Чаму афіцыйны Менск пайшоў на эскаляцыю канфлікту? Як можна ацаніць дыпляматычную лінію ЗША ў гэтай крызыснай сытуацыі? Да якой мяжы абвастрэньня дачыненьняў могуць дайсьці бакі?

Удзельнікі: былы супрацоўнік Міністэрства замежных спраў Беларусі Карэн Акопаў і дырэктар Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў, зарэгістраванага ў Літве, Віталь Сіліцкі.


Чаму афіцыйны Менск пайшоў на эскаляцыю канфлікту?


Валер Карбалевіч: “Ад пачатку сакавіка афіцыйны Менск пасьлядоўна вядзе лінію на эскаляцыю напружанасьці ў беларуска-амэрыканскіх дачыненьнях. Спачатку запатрабавалі ад’езду зь Беларусі амбасадаркі ЗША. Потым ва ўльтыматыўным парадку змусілі скараціць колькасьць супрацоўнікаў амэрыканскай амбасады ўдвая. Здавалася б, дастаткова для папярэджаньня супраць новых санкцыяў, дэманстрацыі сілы, помсты за тыя ж санкцыі, атрыманьня маральнага задавальненьня. Але вось жа беларускім уладам падалося гэтага мала. Яны зрабілі новы крок — запатрабавалі скараціць штат амэрыканскай амбасады да пяці чалавек, абвясьцілі астатніх дыпляматаў пэрсонамі нон-грата. Якія матывы такіх дзеяньняў беларускіх уладаў? Справа тут у палітыцы ці ў псыхалёгіі?”

Карэн Акопаў: “Тут уплывае і палітыка і псыхалёгія. Галоўная палітычная мэта, якую ставяць беларускія ўлады, — гэта закрыць пытаньне пра палітычных вязьняў. І дзеля гэтага Лукашэнка гатовы ісьці на беспрэцэдэнтныя крокі ў дыпляматычных дачыненьнях паміж дзяржавамі.

Падаецца, што Менск ня ўлічвае магчымасьці адэкватнай рэакцыі ЗША. Закрыць пытаньне пра палітычных вязьняў ня ўдасца, яно будзе ўвесь час стаяць на міжнародным парадку дня.

А разрыў дыпляматычных дачыненьняў, думаецца, найперш не на карысьць беларускага боку. ЗША гэта вытрымаюць, у іх было шмат такіх выпадкаў”.


Віталь Сіліцкі: “Узімку на Захадзе востра стаяла пытаньне: размаўляць зь Беларусьсю мэтадам ціску ці мэтадам торгу? Лукашэнка імкнецца паказаць, што мэтадам ціску зь ім размаўляць безвынікова. І сапраўды, пытаньне палітычных вязьняў цяпер ключавое.

Цяпер у Лукашэнкі зьявілася магчымасьць мінімізаваць ціск малым коштам. З гэтага канфлікту Лукашэнка змог атрымаць максымальныя здабыткі. Па-першае, эканамічныя санкцыі не прынесьлі плёну, бо баржы зь беларускім каліем плывуць па Місісіпі.

Па-другое, намаганьні дзеля экспарту дэмакратыі ў Беларусь значна зьнівэляваліся, бо дзейнасьць амэрыканскай амбасады фактычна дэзарганізаваная.

Па-трэцяе, Лукашэнка загнаў у кут Маскву. Я зьвязваю наўпрост вайну Менску з амбасадай ЗША і нізкія цэны на газ.

Акрамя таго, канфлікт паказаў, што ЗША іх амбасада ў Менску больш патрэбная, чым Менску — ягоная амбасада ў Вашынгтоне. І беларускі бок выкарыстаў гэта. І нават хуткая зьмена пазыцый ЗША адносна Беларусі 1 траўня пацьвярджае гэта. Таму Менск зразумеў, што можна ціснуць да апошняга”.


Пазыцыя ЗША ў канфлікце

Карбалевіч: “Як можна ацаніць дыпляматычную лінію ЗША ў гэтай крызыснай сытуацыі? Спачатку яны саступалі ціску беларускіх уладаў, скарачалі колькасьць пэрсаналу сваёй амбасады, потым адмовіліся. Спачатку прынялі рашэньне зачыніць амбасаду, потым перадумалі”.

Акопаў: “Самае галоўнае, што не падабаецца беларускаму кіраўніцтву ў палітыцы ЗША — стаўленьне да правоў чалавека. Пры вырашэньні гэтага пытаньня ўсе астатнія праблемы лёгка здымуцца.

Беларускія афіцыйныя асобы апошнім часам выказваюць імкненьне прыцягнуць у краіну замежныя інвэстыцыі. Калі зачыніцца амбасада ЗША ў Менску, то буйныя фірмы сюды ня прыйдуць.

Лёгіку дзеяньняў ЗША я разумею так. Пасьля абвяшчэньня 10 дыпляматаў пэрсонамі нон-грата ў Вашынгтоне было прынятае рашэньне зачыніць сваю амбасаду ў Менску. І вось пасьля гэтага, як я выснаваў з той ляканічнай інфармацыі, якая зьявілася, з ініцыятывы беларускага боку адбылася сустрэча нашых дыпляматаў у Дзярждэпартамэнце ЗША. У выніку яе Злучаныя Штаты адклалі рашэньне пра тое, каб зачыніць сваю амбасаду.

То бок менавіта беларускі бок зрабіў крок насустрач, паспрабаваў залагодзіць сытуацыю. Відаць, ён быў не гатовы да такой рэзкай рэакцыі ЗША. Учора на прэсавай канфэрэнцыі ў Вашынгтоне прадстаўнік Дзярждэпартамэнту адзначыў: “мы цяпер разглядаем шырокае кола захадаў у адказ на дзеяньні Беларусі”. Ён не выключаў зачыненьня амбасады ў Менску, але адмовіў магчымасьць разрыву дыпляматычных стасункаў паміж краінамі.

Відавочна, будзе скарачацца рэалізацыя амэрыканскіх гуманітарных праектаў у Беларусі. Дапамога ЗША паводле аб’ёмаў непараўнальная з дапамогаю ні Эўропы, ні ААН, ні дабрачынных фондаў. Вось мэдычны цэнтар у Гомелі, дапамога ў лекаваньні ВІЧ-інфікаваных і інш.”


“ЗША пакуль прайграюць гэтую гульню”

Сіліцкі: “Адмова ЗША падпарадкавацца патрабаваньню Менску аб скарачэньні колькасьці супрацоўнікаў амбасады да пяці чалавек тлумачыцца, па-першае, справай гонару. Па другое, у гэтым быў элемэнт блефу. Па Менску ўжо месяц хадзілі чуткі, што ў выпадку новага ціску ЗША зачыняць сваю амбасаду. Таму нечаканым гэтае першапачатковае рашэньне Вашынгтону для Менску не было. Але гэтымі чуткамі беларускі бок ня быў напужаны. Думаю, 1 траўня ў Вашынгтону не было яснасьці, што рабіць зь Беларусьсю. Таму і такія супярэчлівыя рашэньні.

ЗША выявіліся негатовымі да таго, што беларускі бок пачаў дзейнічаць тымі ж мэтадамі, як падчас “каналізацыйнага скандалу” 1998 году, калі амбасадараў выкінулі з Драздоў. ЗША пакуль прайграюць гэтую гульню па ўсіх пунктах.

Гэтая гульня пачалася напрыканцы мінулага году. ЗША ўвялі эканамічныя санкцыі ў лістападзе. Але яны былі, па-першае, абвешчаны напярэдадні, па-другое, было дадзена тры месяцы, каб знайсьці спосабы мінімізаваць наступствы санкцый.

Відаць, была дамова паміж Беларусьсю і ЗША, што Казулін будзе вызвалены. Але яна была парушаная. Першапачатковы сэнс гэтых санкцыяў быў ня ў тым, каб пакараць беларускія ўлады, а каб падштурхнуць іх да лібэралізацыі.

І рашэньне пра санкцыі прымалася на той падставе, што беларускія ўлады вымушаныя абставінамі, наперш праблемамі ў беларуска-расейскіх дачыненьнях, да дыялёгу з Захадам.

Але за гэтыя 3—4 месяцы шмат што зьмянілася. Палепшыліся адносіны Беларусі і Расеі. Наколькі я разумею, у Маскве было прынятае рашэньне падтрымліваць Лукашэнку надалей. І да беларускага лідэра вярнулася ўпэўненасьць. Ён вырашыў, што пра заходнія інвэстыцыі можна ня парыцца. Але гэтых зьменаў у матывацыі беларускіх уладаў ЗША проста не заўважылі. Вось такая мая вэрсія падзеяў”.


Якія пэрспэктывы разьвіцьця канфлікту?

Карбалевіч: “Як далёка ў абвастрэньні дачыненьняў могуць зайсьці абодва бакі? Хто больш зацікаўлены ў існаваньні амбасадаў?”

Акопаў: “У гэтым павінны быць зацікаўленыя абодва бакі. Вельмі спрэчны тэзіс, што ЗША страцяць больш ад закрыцьця амбасады. Найперш таму, што беларусаў у ЗША нашмат больш, чым амэрыканцаў у Беларусі. Беларускія грамадзяне будуць вымушаныя ехаць па амэрыканскія візы ў іншыя краіны.

Праўда, у выпадку ўзаемнага зачыненьня амбасадаў у беларускага боку застаецца акно ў выглядзе прадстаўніцтва Беларусі ў ААН. Але для выкананьня нармальных дыпляматычных функцыяў гэтага недастаткова”.

Сіліцкі: “Цяпер можа адбывацца дробны фол, напрыклад, у выглядзе шпіёнскага скандалу, ліквідацыі амэрыканскіх дабрачынных арганізацый у Беларусі. Вось у беларускай турме сядзіць амэрыканскі адвакат Зэльцэр як закладнік.

Думаю, на разрыў дыпляматычных адносінаў ня пойдзе ні беларускі, ні амэрыканскі бок. “Белнафтахім” будзе гандляваць у ЗША празь іншыя кампаніі. Сытуацыя будзе замарожаная да той пары, пакуль ня будзе вызвалены Казулін. Ці пакуль ня зьявяцца нейкія новыя абставіны”.