“11 маіх калег пакінулі краіну 3 траўня. Зараз мы аналізуем тут і ў Вашынгтоне тое, як мы зможам выконваць нашыя задачы. Сапраўды, мы меней зможам рабіць, калі ў нас засталося 4 дыплямата з 35. Але я ўпэўнены, што мы эфэктыўна зможам прадстаўляць інтарэсы і палітыку ЗША ў Беларусі”, - заявіў Свабодзе спадар Мур.
Карэспандэнт: “Ціск беларускіх уладаў на амбасаду з патрабаваньнем скарачэньня штату адбываецца другі месяц, вы цягам гэта часу бывалі ў розных рэгіёнах краіны. Ці адчулі вы падтрымку з боку звычайных грамадзян Беларусі?”
Гаворачы пра дыктатуру ў Беларусі трэба сказаць, што найбольш страх – страх дыктатара
Джонатан Мур: “У агульным сэнсе так, я сапраўды адчуваю падтрымку беларускіх людзей. Людзі Беларусі шмат перажылі: дзьве сусьветныя вайны, савецкія рэпрэсіі. На жаль, цяпер яны перажываюць рэпрэсіі ад уласнага ўраду. Але яны ведаюць праўду, і рэжым гэтага баіцца, не жадае, каб беларусы ведалі праўду. Менавіта таму яны пераўтварылі дзяржаўнае тэлебачаньне ў прапагандысцкую машыну. Але кантроль дзяржавы над СМІ зьнікне, гэтаксама як і дзяржаўны кантроль эканомікі. Гаворачы пра дыктатуру ў Беларусі трэба сказаць, што найбольшы страх – страх дыктатара. Дыктатар баіцца, каб людзі не даведаліся праўды. У гэтых абставінах людзям складана выказваць адкрытую падтрымку амбасады. Але мы адчулі такую падтрымку. Нават унутры ўладаў ёсьць шмат людзей, якія разумеюць, што няма прэцэдэнтаў і апраўданьня крокам, зробленым супраць амбасады”.
Карэспандэнт: “Канфлікт пачаўся з таго, што ЗША вельмі шчыра выказалі сваю пазыцыю наконт вызваленьня палітычных вязьняў, і частка зь іх была вызваленая. Але Аляксандар Казулін вызвалены ня быў. Ці ідуць на гэты момант нейкія кансультацыі наконт лёсу Аляксандра Казуліна і іншых палітвязьняў — або беларускія ўлады сапраўды закрылі гэтую тэму?”
Джонатан Мур: “Цяпер на гэтую тэму няма дыялёгу. Мы выказалі сваю пазыцыю ясна: палітвязьняў не павінна быць увогуле. Некаторых вызвалілі, але застаўся А.Казулін і зьявіліся два новыя палітвязьні: Андрэй Кім і Сяргей Парсюкевіч. Такім чынам, недастаткова вызваленьня аднаго зь іх, патрэбна вызваленьне ўсіх трох. Але я ня чуў зь беларускага боку ніякіх прапановаў наконт гатовасьці зрабіць патрэбны крок”.
Карэспандэнт: “Амбасада ЗША выступіла з заклікам аб выратаваньні жыцьця грамадзяніна ЗША Эмануіла Зэльцэра, які знаходзіцца ў турме КДБ, нейкі час ён нібыта быў у шпіталі? Што вядома цяпер пра стан ягонага здароўя і стан расьледаваньня ягонай справы?”
Яго, чалавека, які ніколі ня быў у Беларусі раней арыштавалі як толькі ён выйшаў з самалёта
Джонатан Мур: “Нам удалося наведаць Эмануіла Зэльцэра толькі два разы. Мы заклікалі вызваліць яго на гуманнай аснове з-за кепскага стану ягонага здароўя. Гэта тэма, якая вельмі непакоіць нашую амбасаду і ЗША. Нягледзячы на тое, што мы маглі яго бачыць, мы дагэтуль не ведаем, у чым яго абвінавачваюць. Гэта вельмі палохаючы знак для ўсіх амэрыканскіх грамадзянаў. Наколькі мы ведаем, яго, чалавека, які ніколі ня быў у Беларусі раней арыштавалі як толькі ён выйшаў з самалёта. Ёсьць шмат іншых амэрыканцаў, якія хацелі б наведаць Беларусь, могуць адмовіцца ад гэтага з-за таго што адбылося са спадаром Зэльцэрам. Мы маем толькі аднаго консула ў амбасадзе, але гэтая справа – тое, чым яна займаецца ў першую чаргу”.
Карэспандэнт: “Інфармацыя пра ягоную шпіталізацыю не пацьвярджаецца вамі?”
Джонатан Мур: “Мы не можам пацьвердзіць, дзе ён знаходзіцца ў нейкі пэўны час, бо ўлады не даюць нам поўнай інфармацыі”.
Ці знойдзеце вы надалей магчымасьць наведваць суды над апазыцыяй? (3,1MB)
Джонатан Мур: “Мы будзем абавязаныя ацэньваць такія выпадкі, калі яны будуць здарацца. На жаль, улады даюць болей і болей магчымасьцяў, каб прысутнічаць на палітычных працэсах. Калі нават прадстаўнікі ЗША не будуць прысутнічаць на іх, гэта будуць рабіць дыпляматы з Эўрапейскага зьвязу і АБСЭ. Але пакуль існуе амбасада ЗША ў Беларусі, мы будзем прадстаўляць палітыку нашай дзяржавы”.
“Ці працягваецца дыялёг зь беларускімі ўладамі наконт урэгуляваньня дыпляматычнага канфлікту?” (9,4MB)
Джонатан Мур: “Нашая амбасада ў Менску заўжды гатовая сустрэцца зь беларускімі ўладамі. Мы маем вельмі рэгулярныя сустрэчы ў МЗС. Я і мае калегі можам сустракацца і зь іншымі прадстаўнікамі ўладаў. Я не магу назваць гэта дыялёгам, гэта частка нашай дыпляматычнай працы з абмеркаваньнем сытуацыі. Нармальны дыялёг не ўключае ў сябе патрабаваньне пакінуць краіну”.
Карэспандэнт: “Дыпляматычны канфлікт узьнік пасьля таго, як ЗША ўвялі санкцыі супраць “Белнафтахіму”. Санкцыі былі зьвязаныя менавіта з патрабаваньнем вызваліць палітвязьняў. Беларускія ўлады ўспрынялі гэтыя санкцыі вельмі балюча. Ці валодаеце вы папярэднімі ацэнкамі стратаў ад санкцыяў ЗША супраць канцэрну “Белнафтахім”? Раней дзяржаўныя СМІ ў прапагандысцкім пляне казалі, што яны мізэрныя”.
Джонатан Мур: “Гэта вельмі цікавае пытаньне. Залежна ад таго, хто зь беларускіх уладаў гаворыць, ацэнкі стратаў падаюцца як вялікія альбо як вельмі малыя. Я адзначаў раней, што рост цэн на газ з 1 студзеня 2007 году паўплываў на беларускую эканоміку нашмат больш, чым гэтыя санкцыі. Мы не спрабуем дамагчыся вялікага эканамічнага ўплыву на Беларусь. Санкцыі зьвязаныя з сытуацыяй у галіне правоў чалавека. Яны былі ўведзеныя пасьля сфальшаваных выбараў 2006 году як ЗША, гэтак і Эўразьвязам. І калі сытуацыя з правамі чалавека пагоршылася, мы пашырылі нашыя санкцыі. А паколькі “Белнафтахім” знаходзіцца пад непасрэдным кантролем адміністрацыі прэзыдэнта, ён стаў адпаведнай мішэньню. Адміністрацыя прэзыдэнта можа выкарыстоўваць прыбыткі ад дзейнасьці “Белнафтахіму”, каб ажыцьцяўляць рэпрэсіі супраць народу Беларусі”.
Карэспандэнт: “І гэтыя санкцыі могуць быць яшчэ пашыраныя?”
Джонатан Мур: “Я не зьдзіўлюся, калі санкцыі будуць пашыраныя. Гэтае рашэньне прымаецца ў Вашынгтоне. “Белнафтахім” — вялікі канглямэрат кампаніяў. Але я ня думаю пра эканамічны эфэкт, больш важны — псыхалягічны. Некаторыя робяць памылку, думаючы, што санкцыі прывязаныя да нашай амбасады. Санкцыі могуць быць незалежна ад таго, ёсьць тут амбасада ці няма. Насамрэч, калі беларускія ўлады занепакоеныя санкцыямі, яны павінны мець болей сваіх дыпляматаў у Вашынгтоне, а не скарачаць іх лік. У Беларусі ўлады вельмі ўскладняюць нашую працу па выказваньні поглядаў нашага ўраду. Але ЗША ніколі ня ўводзілі ніякіх абмежаваньняў адносна працы беларускіх дыпляматаў у Вашынгтоне. Яны могуць езьдзіць па ўсёй краіне і даносіць сваю інфармацыю”.
Карэспандэнт: “Звычайнаму чалавеку, грамадзяніну Беларусі было б цікава пачуць адказ на пытаньне: на што магла б разьлічваць Беларусь, калі б адносіны з ЗША былі прыязнымі?”
Джонатан Мур: “Ад пачатку незалежнасьці Беларусі ЗША паставілі ў гэтую краіну гуманітарнай дапамогі на 270 мільёнаў даляраў. Сёлета мы таксама пастаўлялі такую дапамогу, не зважаючы на палітычную сытуацыю. Было шмат праграмаў абмену, мы хочам пашырыць іх, калі зможам. Мы маем праграмы разьвіцьця 12 амэрыканскіх куткоў па ўсёй Беларусі, цяпер закрытых уладамі. Калі выправіцца сытуацыя з эканамічным кліматам, прыватныя амэрыканскія бізнэсоўцы былі б зацікаўленыя інвэставаць у Беларусь. Але без эканамічных рэформаў мала хто захоча рызыкаваць сваімі грашыма ў гэтай краіне — нібы ў музэі дзяржаўнага кантролю над эканомікай. Беларусь будзе гатовая да інвэстыцыяў, толькі калі тут памяняюцца ўмовы”.
Карэспандэнт: “Дазвольце, спадар Мур, некалькі прыватных пытаньняў. Раскажыце пра сябе: адкуль вы, дзе працавалі? Што вам падабаецца ў Беларусі?”
Джонатан Мур: “ Я зь сям’ёй знаходжуся ў Беларусі зь ліпеня 2006 году. Я вырас ля Чыкага ў штаце Ілінойс. І вельмі рады знаходзіцца ў Беларусі. У часе сваіх паездак па Беларусі, у тым ліку цягам апошніх двух тыдняў, я адчуваю вялікую гасьціннасьць беларускага народу. Я вельмі цаню гэтую гасьціннасьць і адкрытасьць беларусаў, цаню іх здольнасьць самастойна ацэньваць сытуацыю. Як дыплямат я празь некаторы час пакіну Беларусь і буду накіраваны на іншую пасаду. Але пакуль я зь сям’ёй і трыма калегамі застаюся ў Менску і спадзяюся неўзабаве аднавіць паездкі па гарадах Беларусі. Мне вельмі падабаюцца Гродна і Магілёў”.
Карэспандэнт: “Вы так сказалі, як быццам пытаньне пра ваш ад’езд ужо вырашанае...”
Джонатан Мур: “Чакаецца, што я зьеду ў наступным годзе. Нашыя прызначэньні разьлічаныя на тры гады, а я адбыў амаль два”.
Карэспандэнт: “Скажыце, калі ласка, дзе вы яшчэ служылі дыпляматам? Ці не маглі б параўнаць, дзе было складаней?”
Джонатан Мур: “Калі я пачаў сваю кар’еру, маё першае прызначэньне было ў Бялград на пачатку 1990-х. Пазьней я працаваў у югаслаўскім аддзеле Дзярждэпартамэнту. Большая частка маёй працы тычылася мірнага працэсу ў Босьніі і сытуацыі ў Косава. Я вельмі ганаруся тым, што нам удалося дамагчыся міру ў Босьніі.
Праз чатыры гады працы ў былой Югаславіі я прыбыў у ваш рэгіён. Чатыры гады я працаваў у амэрыканскай амбасадзе ў Вільні. Было вельмі цікава сачыць, як гэтая краіна, суседка Беларусі і шмат у чым да яе падобная, дасягнула вялікага прагрэсу. Пасьля рэформаў, зробленых у Літве ў пляне дэмакратызацыі і эканамічнага разьвіцьця, гэтая краіна заняла сваё месца ў Эўрапейскім зьвязе. Беларусы, якія маюць высокі ўзровень адукацыі, высокі інтэлектуальны ўзровень, маглі б дамагчыся такога ж посьпеху, як літоўцы.
Пасьля Літвы год я быў у Кангрэсе ЗША, працаваў на сьпікера Палаты прадстаўнікоў. Потым два гады я быў намесьнікам загадчыка аддзела Дзярждэпартамэнту, які займаўся Расеяй. Гэта быў вельмі цікавы час, які нагадвае мне тое, што адбываецца цяпер. Гэта быў час, калі прэзыдэнтамі сталі Джордж Буш і Ўладзімір Пуцін. Нашыя адносіны з Расеяй вельмі складаныя, але і тады, і цяпер сытуацыя ў Беларусі была часткай нашых двухбаковых перамоваў з Масквой.
Аднак пасьля двух гадоў такой працы я захацеў паспрабаваць нешта іншае. Я скарыстаў магчымасьць заняць пасаду намесьніка кіраўніка амбасады ЗША ў Намібіі. Дарэчы, я там знайшоў выпадкова людзей, якія мелі свае карані ў Беларусі і Літве. Значная наша ўвага ў Намібіі аддавалася СНІДу — там гэта вялікая праблема. Тым ня меней, гэта прыгожая краіна і вельмі моцная дэмакратыя.
У Намібіі я даведаўся, што зьявілася вольная пасада намесьніка амбасадара ў Беларусі, і пасьля году ў Стэнфардзкім унівэрсытэце ў 2006 годзе я прыехаў у Беларусь”.
Карэспандэнт: “Дык у Намібіі дэмакратыі больш, чым у Беларусі?”
Джонатан Мур: “Абсалютна”.
Карэспандэнт: “Ці вучыце вы беларускую мову, як адзін з вашых папярэднікаў Джордж Крол? Што ўжо можаце сказаць?”
Джонатан Мур: “Няшмат: добрай раніцы, добры дзень, вельмі прыемна, да пабачэньня. Я размаўляю па-беларуску, толькі мне вельмі цяжка. Магу толькі сказаць: “Вельмі цікава працаваць у амбасадзе Злучаных Штатаў Амэрыкі ў Менску. Вялікі дзякуй вам і слухачам!”