Як выглядае і чым жыве сёньняшні Віетнам? Што там ведаюць пра Беларусь? Уражаньні ад Ханоя беларуса Станіслава Івашкевіча.
Маё першае ўражаньне ад Ханоя – вуліцы, завешаныя чырвонымі плякатамі з партрэтамі Хо Шы Міна і сучасных лідэраў ды камуністычнымі лёзунгамі. Яны пацешна глядзяцца сярод нэонавых рэклямаў дарагіх буцікаў і КФЦ: парадаксальнае спалучэньне камунізму з капіталізмам.
Віетнам і Беларусь
Сярод маіх знаёмых віетнамцаў – людзей адукаваных – вельмі шмат хто, пачуўшы слова "Беларусь" – тут жа адрэагуе: "Мінск". У асноўным, праўда, гэта старэйшае пакаленьне: многія зь іх вучыліся ў Менску альбо былі там праездам, вандруючы па СССР за часамі халоднай вайны.
Але практычна кожны ведае савецкую марку матацыклу "Мінск". Віетнамскі байкерскі клюб называецца «Мінск», і я не паверыў вачам, калі ў турыстычным бюро мне прапанавалі пакатацца на матацыкле «Мінск» у якасьці менавіта віетнамскай адметнасьці.
Калі віетнамцы распытваюць мяне пра Беларусь, то знаходзяць вельмі шмат падабенстваў. Афіцыйная дактрына партыі зараз так і называецца: «рынкавы сацыялізм». Яны вельмі сьмяяліся, калі я сьцьвярджаў, што гэта Лукашэнка выдумаў такі тэрмін…
Апазыцыя
У Віетнаме па-ранейшаму татальны палітычны кантроль партыі. Я пытаўся пра апазыцыю – мне адказалі, што існуюць строга закансьпіраваныя дысыдэнты, якіх віетнамская прэса называе «рэакцыйнымі тэрарыстамі», але пра іх шараговы віетнамец можа даведацца толькі калі газэты напішуць пра іх арышт.
Калі я спрабаваў распытваць пра апазыцыю, то бачыў, як правіла, нэгатыўна-недаверлівыя адносіны да яе. Мае знаёмыя віетнамцы патлумачылі, што гэта ідзе яшчэ ад ваенных часоў, калі праамэрыканскія прапагандысты разглядаліся як пятая калёна, здраднікі і адназначныя ворагі. Але наогул большасьць віетнамцаў з тых, каго я сустракаў – надзвычай апалітычныя. З альтэрнатыўных мэдыяў старэйшае пакаленьне падпольна слухае Radio Free Asia на кароткіх хвалях.
Бізнэс
У тых бізнэсоўцаў, з кім я размаўляў, эканамічная палітыка ўраду выклікае сымпатыі. Зь іншага боку, яны наракалі, што ў грамадзтве – збольшага сярод сельскіх жыхароў, але і ня толькі – расьце падтрымка "старой гвардыі", якая выступае супраць лібэралізацыі і за вяртаньне да прынцыпаў Хо Шы Міна (бясспрэчны нацыянальны ідал).
Засьцярогі кансэрватараў – што зь лібэралізацыяй і глябалізацыяй Віетнам згубіць нацыянальную і культурную адметнасьць, традыцыі будуць забытыя, а замест гэтага прыйдуць «бязладзьдзе, тэрарызм і парнаграфія».
Эканамічная палітыка ідзе па шляху лібэралізацыі паводле кітайскай мадэлі. У галоўных гарадах існуе даволі буйная сярэдняя кляса, якая вельмі хутка расьце – як правіла, моладзь, прафэсіяналы зь міжнародных кампаніяў.
Ханой і Сайгон застаўленыя люксуснымі буцікамі: Louis Vuitton, Cartier, Rolex, Vertu... Супэрдарагая па віетнамскіх мерках сетка кавярняў Highlands coffee пастаянна запоўненая.
Мае знаёмыя бізнэсоўцы распавядалі, што эўрапейскі інвэстар сустракае паўсюль добразычлівы прыём – і сярод калег па бізнэсу, і сярод дзяржаўных чыноўнікаў. Бюракратычная валакіта – велізарная, але кожны, хто захоча, знаходзіць шляхі яе абыходу пры дапамозе ня вельмі вялікіх «бакшышаў». Хоць дзяржава і гатовая шмат на што глядзець скрозь пальцы, калі праект прыцягвае інвэстыцыі ў краіну, з другога боку, па кітайскім прыкладзе нядаўна было ўведзенае сьмяротнае пакараньне дзяржаўным чыноўнікам за карупцыю, так што вялікія хабары тут баяцца і браць, і даваць.