Лукашэнка неўязны яшчэ на год

Рада ЭЗ падоўжыла яшчэ на адзін год візавыя санкцыі аносна шэрагу чыноўнікаў Беларусі. Рашэньне было прынятае падчас паседжаньня ў Люксэмбургу.

Як паведамілі ў прэсавай службе Рады Эўразьвязу, падоўжаныя яшчэ на адзін год візавыя санкцыі адносна шэрагу чыноўнікаў Беларусі. У сьпісе знаходзяцца Аляксандар Лукашэнка і іншыя чыноўнікі, якія патрапілі ў сьпіс яшчэ з 2004 году. Ім зноў будзе абмежаваны ўезд на тэрыторыю краінаў Эўразьвязу.


Гэтае рашэньне было прынята прадстаўнікамі ўсіх эўрапейскіх краінаў, якія ўваходзяць у Раду ЭЗ.

Першапачатковы сьпіс беларускіх чыноўнікаў, якія, на думку ЭЗ, маюць дачыненьне да зьнікненьня ў Беларусі палітыкаў у 1999—2000 гадах, складаўся з шасьці чалавек — гэта міністар унутраных спраў Уладзімер Навумаў, сакратар Савету бясьпекі Віктар Шэйман, былы міністар унутраных спраў Юры Сівакоў і камандзір брыгады спэцназу ўнутраных войскаў МУС Дзьмітры Паўлічэнка. У сьнежні 2004 году, пасьля парлямэнцкіх выбараў і рэфэрэндуму, у сьпіс былі ўключаны кіраўнік ЦВК Лідзія Ярмошына і начальнік палка міліцыі спэцыяльнага прызначэньня Юры Падабед.

У красавіку 2006 году сьпіс быў пашыраны да 37 чалавек. У яго трапіў і прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка, адказны, як сьцьвярджае ЭЗ, за парушэньні правоў чалавека падчас прэзыдэнцкай кампаніі. Пазьней да рашэньня Эўразьвязу далучыліся яшчэ каля 10 краін, якія не ўваходзяць у ЭЗ.

23 кастрычніка 2006 году сьпіс пашырыўся яшчэ на чатыры чалавекі за кошт судзьдзі Маскоўскага суду Менску Аляксея Рыбакова і дзяржаўнага абвінаваўцы Сяргея Бортніка — за прысуд Аляксандру Казуліну, а таксама судзьдзі Цэнтральнага суду Менску Леаніда Ясіновіча і дзяржаўнага абвінаваўцы Андрэя Мігуна — за прысуд актывістам незарэгістраванай арганізацыі "Партнэрства".