Радашкавічы Маладэчанскага раёну

Эфір 1 красавіка.

Калісьці мястэчка Радашкавічы можна было назваць трэцім пасьля Менску і Вільні нацыянальным цэнтрам. Пералік людзей, якія жылі тут і працавалі, зусім не местачковы. Тарашкевіч, Уласаў, Рак-Міхайлоўскі, Ядвігін Ш. Ці памятаюць тут Тарашкевіча? Ці жыве ў сёньняшніх Радашкавічах беларушчына?



Радашкавічы, як ні намагалася ўлада прышчапіць назву РадашкОвічы, у вуснах старажылаў так і засталіся Радашкавічамі. Што праўда, старажылаў мястэчка становіцца з кожным годам усё меней і меней. Мястэчка, нягледзячы на вялікі цагляны завод і Вялейскі канал, захавала сваю старажытную пляніроўку і забудову. Вузкія вуліцы былога габрэйскага гета — гатовыя дэкарацыі для гістарычнага кіно.



Вялікі белы касьцёл надае мястэчку эўрапейскі выгляд. А на вуліцы Браніслава Тарашкевіча захаваўся дом, дзе жыў сам Браніслаў Тарашкевіч. У былым флігелі жыве Ірына Ніжанкоўская. Дачка Веры Ніжанкоўскай, жонкі Браніслава Тарашкевіча.



Ірына: “Была пастанова Вярхоўнага Савету яшчэ БССР, каб тут зрабіць музэй”.

Карэспандэнт: “Гэта плянаваўся музэй Тарашкевіча?”

Ірына: “Музэй заходняй Беларусі. Усёй”.



Але пляны засталіся плянамі. Дом даўно заселены. Але гэта не адзіная радашкавіцкая страта. Калісьці на галоўнай вуліцы стаяў помнік Янку Купалу. Слова спадарыні Ірыне.

Ірына: “Купаліха сама выбірала месца. Прыяжджала цёця Ўладзя. Там нават аўтастанцыя стаяла. Яна за свой кошт перанесла аўтастанцыю. Там паставілі гэты помнік. І вось на стагодзьдзе Купалы, якраз прыяжджаў Лявон Луцкевіч, мы зьбіраліся зь ім ехаць у Вязынку. Глядзім — што такое? Няма помніка. Разьбілі помнік, бо аўтар гэтага помніка зьехаў у Ізраіль. І таму гэты помнік разьбілі. Гэта ж дзікунства”.

Навюткі бюст Купалы знаходзіцца на галоўнай вуліцы мястэчка — Савецкай. Але больш савецкіх назваў я тут не сустрэў.



Ірына: “У 90-я гады ўзяліся і вуліцы перайменавалі. Былой Віленскай, была Камуністычная, ізноў вярнулі Віленскую. Дубровенскую вярнулі, была 17-га верасьня. Зарэчная — Камсамольская. Толькі Савецкую не зьмянілі”.

Карэспандэнт: “Як гэта вам удалося?”

Ірына: “У нас дэмакратычная ўлада была ў 90-я. Дэпутатаў шмат было дэмакратычных у гарсавеце нашым”.

На вуліцы Дубровенскай жыве адна зь нешматлікіх старажылак мястэчка Гелена Дулепская. Нягледзячы на свой дзявяты дзясятак, кабета захоўвае выдатную форму.



Дулепская: “Мала вуліц было. А цяпер многа набудавалася, многа людзей прыбыла.Чужых людзей. Нашых мясцовых тут мала засталося. Была тут стражніца, былі тут вайскоўцы. Бедна мы жылі, нас было чацьвёра дзяцей.

Карэспандэнт: “А вы ня памятаеце такога Браніслава Тарашкевіча?”

Дулепская: “Тарашкевіч быў чалавек харошы!”

Карэспандэнт: “Вы яго памятаеце?”

Дулепская: “Я яго праз туман памятаю. Расстралялі яго. Толькі зь беднымі людзьмі дружыў. Ён дапамагаў бедным. Любіў бедных”.

За часамі нямецкай акупацыі спадарыня Гелена брала непасрэдны ўдзел у партызанскім руху. Але з-за сьціпласьці да гэтае пары так і не аформіла сваё вэтэранства. Колькі такіх сьціплых па ўсёй Беларусі...

Дулепская: “Я не падумала, што надта будзе добра, калі я вазьму нейкія даведкі ад удзельнікаў. Мы гранаты перадавалі. Я паеду ў паліцыю нямецкую. Я паеду, а тая, якая есьці ім варыла, дык яна падрыхтуе гранату, у шалуху паложа, а я вязу. І баялася. Бацька аднойчы пабіў. “Ты хочаш, каб нас расстралялі?”

Карэспандэнт: “Вы ўдзельніца падпольля...”

Дулепская: “Так, але ў мяне няма ніякіх дакумэнтаў. Мы былі сувязныя. Швагра быў у партызанах”.

А на вуліцы Віленскай жыве іншая старажылка. 70-гадовая цётка Ганна з тых актыўных пэнсіянэрак, хто ня толькі выпісвае “Народную волю” і слухае “Свабоду”, але і разносіць пачутае па вушах і розумах суседак.



Ганна: “Цяпер за ўсіх балееш. Таму што ён усіх гэтых садзіць. З разумнага дурня зробіць і пасадзіць у дурдом, як гэтага былога дырэктара заводу халадзільнікаў. А Казулін бедненькі. Я так наплакалася, калі хавалі Ірыну, не магла. Ён жа зьдзекуецца бязбожна. На мой розум бабскі дурны, калі б тады, калі пайшоў Казулін, і падняўся Мілінкевіч, можа, што-небудзь і было б”.

Унучка цёткі Ганны вучыцца ў Вільні, у ЭГУ. Больш за ўсё старая баіцца беларуска-расейскай інтэграцыі.

Ганна: “Кім мы там будзем? Нашто яны нам? У нас людзі працавітыя, зямля, лес, рыба, усё ў нас ёсьць. Мы будзем сабе гаспадарыць, а ён лезе невядома куды. Нашто яны? І дураць. Ужо Саюз гэны. Ужо некаму плацяць грошы”.

Але больш за ўсё я хацеў знайсьці ў Радашкавічах маладых адраджэнцаў. Бо лічу, што той зарад беларускасьці, які тут быў запалены ў міжваенным часе, ня мог сысьці бязь сьледу. І я ня быў расчараваны. Людзі, чыё юнацтва прыпала на пачатак 90-х гадоў — пакаленьне асаблівае. Электрык Алесь Блізьнюк і будаўнік Максім Ключнік — яскравыя яго прадстаўнікі. Іх адрозьнівае жывая беларуская мова, неабыякавасьць да ўсяго, што адбываецца з краінай, і жаданьне мысьліць. Алесь, напрыклад, лічыць, што падзел Беларусі на Заходнюю і Ўсходнюю праходзіць не па старой польскай мяжы, а па граніцы балтыйска-чарнаморскага водападзелу. Цікавая тэорыя.



Алесь: “Ёсьць такое паняцьце “мяжа”. Мяжа ў псыхалёгіі людзей. Як вы ўсе ведаеце, ёсьць тут водападзел. Паміж рэкамі заходнімі і ўсходнімі. І вось гэты водападзел адрозьнівае людзей. Чалавек складаецца на 98 адсоткаў з вады. І які станоўчы зарад ці адмоўны зарад і дае вынік. Калі вы падыходзіце да ўсходніка, то ён панура “здароў, — скажа, — блін”. А як да заходніка: “Добры дзень!”

Калі б я прыехаў у Радашкавічы ў 2000-м годзе, я бы мог злавіць на FM-хвалі незалежную саматужную радыёстанцыю, якую змайстравалі сябры. На юрыдычнай мове гэта называецца радыёхуліганствам. На маю ж думку, гэта самая сапраўдная культурніцкая партызанка. Слова Максіму.



Максім: “У нас былі знаёмыя радысты, якія ўмелі гэта ўсё зрабіць сваімі рукамі. З дапамогай паяльніка.”

Алесь: “Мы ім давалі касэты. І яны ставілі...”

Карэспандэнт: “Вы ахоплівалі Радашкавічы сваім падпольным FM-ам. А што вы там круцілі?”

Максім: “Самую лепшую музыку”.

Алесь: “Зьніч”, “НРМ”, “Крама”, “Жыгімонт Ваза”, вершыкі ўласныя былі там”.

Карэспандэнт: “Быў рэзананс?”

Алесь: “Рэзананс? Падыходзіць аднойчы да нас міліцыянт. “Хлопцы, вы глядзіце там. Мы таксама слухаем”. Пасьля гэтага гэта справа і скончылася.

Карэспандэнт: “А што ў сёньняшніх умовах можа зрабіць беларускі чалавек?”

Максім: “Выхоўваць дзяцей, і выхоўваць дзяцей так, каб у будучыні яны маглі нешта зрабіць. Так, як выхаваеш дзяцей сваіх, так яны будуць жыць у будучыні. Такая будзе будучыня і для ўсіх. Мы ў гэты час зрабіць… Нават тое, што мы выйдзем на вуліцу. Мы пакажам, што мы ёсьць. Мы ёсьць такія, неабыякавыя. Што мы ёсьць такія нязгодныя. Але будучыня выхоўваецца намі ад таго, як мы выхоўваем сваіх дзяцей”.

Карэспандэнт: “Вельмі глыбокая думка”.

Максім: “Ужо сыну майму паўтара месяцы. Дачцэ маёй — тры годзікі і чатыры месяцы. І яна, дачка мая, ужо гаворыць на роднай мове. Усё залежыць ад самага пачатку станаўленьня чалавека. На якой мове ён будзе гаварыць ад самага пачатку, на той мове ён будзе і думаць у будучыні. Проста мовы не бывае. Мова — са сваёй гісторыяй, са сваім жыцьцём, са сваёй радзімай”.