Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Партызанскі <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />


Пасёлак Партызанскі Вілейскага раёну. Эфір 20 сакавіка.


На нямецкай геаграфічнай мапе 1749 году, прысьвечанай Вялікаму Княству Літоўскаму, каля мястэчка Ільля, пазначана вёска Гута. Больш за дзьвесьце пяцьдзесят гадоў тут выраблялі шкляны посуд. Гута “Залесьсе” нарошчвала свае магутнасьці ў Расейскай Імпэрыі. У часы міжваеннай Рэчы Паспалітай майстры з “Залесься” працавалі ў Кракаве і Варшаве. За савецкім часам гуту цалкам пераабсталявалі. Але ў незалежнай Рэспубліцы Беларусі легендарная гута цалкам спыніла сваю працу. Адбылося гэта ў 2000 годзе.



Пасёлак Партызанскі, дзе месьціцца гута “Залесьсе”, адразу зачароўвае позірк падарожніка. Але не прыгажосьцю старажытных муроў. Сярод звычайнай аднапавярховай забудовы шэрым монстрам узвышаецца спаруда мёртвага шклозаводу. У высокім корпусе павыбіваныя шыбы. Высокі цагляны комін, каб не разваліўся, сьцягнуты мэталічнымі абручамі. Абшарпаныя сьцены і поўная цішыня. Пакуль я фатаграфаваў мёртвы завод, ды мяне падышла маладая кабета. І яе адказ на маё пытаньне “Як жыцьцё” мяне нямала зьдзівіў.



Кабета: “Выдатна! Ну, як выдатна? Завод стаў, гэта кепска. Але людзі не бяднеюць усё роўна. У кожнага па машыне, а то і па дзьве. Разумееце, сэнс у чым?”

Карэспандэнт: “Не. Абсалютна не разумею. А ў чым сакрэт?”

Кабета: “На заробкі ўсе падаліся. Шмат хто паехаў у Расею. Заробкі засталіся. Ну а што тут? Толькі жанчыны засталіся”.

Карэспандэнт: “І што гэта значыць? Сем’і...”

Кабета: “Чакаюць. Як з войска”.

Паколькі пасёлак ад 1959 году мае назву Партызанскі, дык ягоныя насельнікі называюцца партызанцы і партызанкі. Муж — на расейскім працоўным фронце. Няўжо большасьць мясцовых кабет радуецца такому сямейнаму становішчу, як гэтая маладая партызанка? Мяне супакоілі настаўніцы ў школе, якія выйшлі пагаманіць на перапынку.

Жанчына: “Прабачце, калі ласка. Муж у Расеі — гэта прыемна? Калі дома трое дзетак і мама зь імі, а? А муж езьдзіць вахтавым мэтадам на два-тры тыдні туды. Прыяжджае дамоў, на нейкія восем дзён паказваецца. А дома кароўка, гаспадарка. Прыемна гэта? Нічога прыемнага я ня бачу”.

Жанчына: “Цяпер моладзь выяжджае. Закінулі нас. Нідзе пра нас ніхто не клапоціцца. Закінулі, бокам аб’яжджаюць нас”.

Карэспандэнт: “А многа мужыкоў езьдзяць у Расею?”

Жанчына: “Што ні сям’я, то мужык у Расеі. Куды толькі можна кінуцца, туды людзі і кідаюцца. Хто як можа”.

Але ў Расею едуць ня ўсе. Бо Партызанскі стаіць абкружаны лесам. І напаўдзяржаўныя лесапілкі працуюць напоўніцу. Пётар Кудрашоў, былы шклавар, працуе на адной зь іх. Калісьці на гуце за савецкім часам ён атрымліваў 280 рублёў. Але сумуе Пётр не па заробках. Яму крыўдна за любімую прафэсію.

Foto Partyzanski3



Карэспандэнт: “Вы шкадуеце? Вы сумуеце па заводзе, па той працы?”

Пётр: “Канечне. Столькі працаваў. Гэта такая работа, што адысьці ад яе не адыйдзеш. Шклавар павінен прысутнічаць кожную хвіліну. Усё рабілі — бутэлькі гарэлачныя, белае шкло, каньячныя бутэлькі, з-пад шампанскага”.

Карэспандэнт: “І што, яны сталі непатрэбныя?”

Пётр: “Атрымалася, так”.

Пакуль адна частка мужчын працуе за мяжой і на тартаках, дык чым займаюцца астатнія, здагадацца няцяжка, гледзячы на іхнія твары. Але разгаварыўшыся з партызанцам Віктарам, 50-гадовым барадачом, вельмі падобным да разбойніка з расейскіх кінаказак, я быў прыемна зьдзіўлены. Якіх толькі жыцьцёвых сюжэтаў ня знойдзеш у нашых мястэчках!



Віктар: “П’юць. Многа п’юць. Я дваццаць гадоў жанаты быў, столькі ня піў, як тут. А сама большае, у Гамбургу я жыў, у Нямеччыне, там больш за ўсё. Там ляжыць з працягнутай рукой на тратуары. Накідалі пфэнінгаў. Ён падняўся, пайшоў, піва купіў і зноў ляжыць”.

Карэспандэнт: “А доўга вы там былі?”

Віктар: “Два гады. Зь сям’ёй там быў”.

Яшчэ нядаўна Віктар быў сталічным бізнэсмэнам. Меў сваю долю на адной з аўтастаянак, меў некалькі гандлёвых павільёнаў на рынках. Але ўсё загубіла ягонае жаналюбства. Усё пакінуўшы абражанай жонцы, Віктар вярнуўся на радзіму бацькоў. Стаў партызанцам.

Віктар: “Праблемы. Суды-перасуды, я не пасьпяваю штрафы плаціць. Судовыя выдаткі, адвакацкія. Пакінуў ёй машыну, гараж, дачу. Трохпакаёвая кватэра засталася там”.

Карэспандэнт: “Які лёс”.

Віктар: “Марны”.

Карэспандэнт: “Вы ж яшчэ не стары чалавек. Здаровы. Усё яшчэ можна і паправіць”.

Віктар: “Папраўляю. Да дзевак хаджу, як і хадзіў. Тут мужыкі бухаюць, ніхто баб ня трахае. Я кажу, што я тут — наняўся, у пасёлак прыехаў? Мне за ўсіх трэба аддувацца? Ну, а так — думаю трусоў разводзіць...”

У 1911 годзе ў газэце “Наша Ніва” Янка Купала пад псэўданімам “нягутнік” пісаў адсюль наступнае:

“Нядаўна мне прыйшлося пабываць у тутэйшай гуце “Залесьсе”, каторую завуць яшчэ Ільскай... Заработкі гутнікаў болей-меней такія бываюць: майстра бярэ паштучна і выганяе ў месяц руб. 35—50 — як каторы; памочнікі майстра бяруць падзённа 50—80 кап. Формаўшчыкі (што ціскаюць форму) зарабляюць 15—20 кап. у дзень... Як бачым, найболей зарабляюць майстры, але калі ўзяць пад увагу, колькі такая праца вымае духу і ўкарачвае веку... дык тая аплата зусім малая. Але і пры ёй можна было б як-колечы жыць... каб адміністрацыя была б крышку акуратнейшай і зьвяртала ўвагу на людзей, што для яе карысьці працуюць... Працуе ў гуце больш як 300 чалавек”.

Мой наступны суразмоўца, 80-гадовы Сяргей Лашук, прайшоў шлях ад фармоўшчыка да майстра. Ён патомны шклавар. І ягоны бацька, і ягоны дзед працавалі на гуце.



Карэспандэнт: “Сяргей Іосіфавіч, вам баліць сэрца за завод?”

Сяргей: “Вырас тут. Чаму ж не баліць. Пяцьдзесят адзін год адпрацаваў”.

Карэспандэнт: “А што за палякамі рабілі на гэтым шклозаводзе?”

Сяргей: “Бутэлькі паўлітровыя рабілі, аптэкарскія бутэлечкі. Усё ж уручную. Бутэлечкі загіналі так, конусам. Дзюбачку рабілі, заглыбленьне. Чарніліцы-непралівайкі. Доўгі прут награваўся ў печы — і ва ўнутр”.

Карэспандэнт: “Работнікі гуты жылі багата?”

Сяргей: “Пры цары вялікая булка каштавала тры капейкі. Хто рабіў, канечне, багата. А пры Польшчы яшчэ як багата. Касьцюмы якія добрыя былі.А што ў вёсцы з гэтай зямлі? Вэлясыпэда не маглі мужыкі купіць. А ў гутнікаў на маёй памяці, прыяжджалі... “Нёман” быў ровар, гарадзенскага завода. Сьпіцы моцныя былі, ня гэткія, як цяпер”.

Невялікая дэталь ад старога шклавара пра 1939 год.

Сяргей: “Асвабадзілі сямнаццатага верасьня і адразу з НКВД паставілі чалавека, каб глядзеў, як з трубы дым ідзе”.

Пэнсіянэрка Надзея Вераб’ёва – чалавек у Партызанскім знакаміты. Гэтая хударлявая бабулька з украінскай касіцай, заплеценай вакол галавы, не дае спакою ні мясцоваму, ні сталічнаму начальству. Гуту загубілі плястыкавая бутэлька і папяровы пакет. Але спроба варыць шкло ў новых умовах была зроблена ў 2000 годзе. Слова спадарыні Надзеі.



Надзея: “На гэты рамонт завода я пралазіла ўсю дакумэнтацыю. На гэты рамонт адпусьцілі тры мільярды. Трэцяя частка толькі засталася. І гэтая трэцяя частка пайшла на нямецкае абсталяваньне. А цяпер начамі яго збываюць на мэталалом. Тыя, каторыя былі вінаватыя ва ўсім, тыя змыліся хутка. Знайшлі працу ў Менску, за Менскам, дзе хочаш. Людзі ж баяцца, а мне няма чаго губляць. Дачцэ і ўнучцы кулакоў. Сядзіць дванаццаць утрыманцаў на гэтым заводзе. Атрымліваюць зарплату. Што яны робяць? Дванаццаць чалавек. Дырэктар, кладаўшчык, чатыры вартаўнікі, прыбіральшчыцы, шафёр, бухгальтар”.

На жаль, сёньняшні дырэктар гуты не знайшоў магчымасьці сустрэцца з вашым пакорным слугой. Але затое партызанка Надзея Вераб’ёва правяла мяне, пад выглядам унучка, на тэрыторыю завода. Гэта варта бачыць. У адным кутку завода робяць драўляныя паддоны. Астатняя тэрыторыя — дэкарацыя для фільму пра будучыню нашай няшчаснай плянэты пасьля атамнай вайны. Увагу прыцягнула гара бутэлек.



Надзея: “Там банкі, якія ўжо былі нягодныя. А цяпер п’яніцы нашы зьбіраюць іх і носяць у крамы”.

Надзея: “Вось мэталалом, які будуць нейкім чынам... Яны яго ўжо многа выгрузілі. Трэба ж неяк загнаць. Фатаграфуйце”.



Карэспандэнт: “І тут робяцца гэтыя драўляныя паддоны”.

Надзея: “Драўляныя паддоны. Дваццаць адзін чалавек рабочых і сем кіраўнікоў. Уяўляеце?”

Карэспандэнт: “Дваццаць адзін чалавек?”

Надзея: “Рабочых. І сем кіраўнікоў”.



Мяне вельмі ўсьцешылі гэтыя дзьве лічбы. На дваццаць аднаго рабочага – сем кіраўнікоў. Пакуль лік на карысьць рабочых. Але ці доўга ён прытрымаецца, улічваючы заробак у трыста тысяч рублёў? І што будзе, калі на аднаго рабочага будзе прыходзіцца некалькі кіраўнікоў? Ці пракорміць беларускі мужык двух генэралаў? Ці ўсё ж пойдзе партызаніць?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG