Прэсавы сакратар Дзярждэпартамэнту ЗША Шон Маккормак выступіў з заявай аб падзеях апошніх дзён у Беларусі.
"Мы асуджаем сёньняшнія жорсткія захады супраць незалежных мэдыяў у Беларусі, падчас якіх без законных падставаў былі затрыманыя 30 незалежных журналістаў у 12 гарадах, - гаворыцца ў заяве. - Гэта адбылося пасьля брутальнага разгону мірных шэсьцяў у Менску 25 сакавіка, які суправаджаўся дзясяткамі затрыманьняў. Рэжым Аляксандра Лукашэнкі зноў выявіў сябе як грубая аўтарытарная дыктатура, якая адкрыта парушае правы чалавека і фундамэнтальныя свабоды".
Дзярждэпартамэнт заклікае беларускія ўлады неадкладна вызваліць ўсіх тых, хто быў арыштаваны і зьняволены, забясьпечыць, каб усім пацярпелым была аказаная належная мэдычная дапамога, і прыцягнуць усіх вінаватых да адказнасьці. "Мы таксама заклікаем Беларусь спыніць цкаваньне ацалелых незалежных СМІ, якія надалей стараюцца асьвятляць падзеі ў Беларусі, і паважаць свабоду сходаў, выказваньняў і незалежных мас-мэдыяў у Беларусі", - заявіў Шон Маккормак.