Сёньня ўвечары ў Менску ў сядзібе БНФ Лявон Баршчэўскі прэзэнтаваў укладзены ім 28-моўны беларуска-лацінска-эўрапейскі слоўнік.
Гэтае ўнікальнае ў гісторыі сусьветнае лінгвістыкі выданьне знаны перакладчык, пэдагог і палітык падарыў ня толькі ўсім зацікаўленым у перакладах зь беларускае, але і сам сабе на сваё пяцідзесяцігодзьдзе, якое ён і сьвяткаваў сёньня.
Юбіляр падрыхтаваў для прысутных адмысловы тэст. Ён чытаў на ўсіх мовах, укладзеных у слоўніку, тэкст першага артыкулу Дэклярацыі правоў чалавека і прасіў назваць, якая гэта мова.
Лаціну прысутныя пазналі. Не памыліліся з ангельскай, нямецкай, француcкай, гішпанскай мовамі. Але нават баўгарскую зблыталі з чэскай, ня кажучы ўжо пра дацкую, нарвэскую ці мальтыйскую.
Складальнік кажа, што задаволены – попыт на ягоны слоўнік будзе.
Прэзэнтаваны сёньня варыянт слоўніка прызначаны для замежных карыстальнікаў, але днямі выйдзе ягонае другое выданьне, адмыслова адаптаванае для беларусаў.
Ідэя стварэньня беларуска-эўрапейскага слоўніка ў спадара Баршчэўскага нарадзілася ў 2004 годзе падчас наведваньня адной з кнігарняў Прагі.
“Да болю было крыўдна, што там на паліцах стаяў нават чэска-суахілі слоўнік, я не кажу ўжо пра чэска-партугальскі ці чэска-кітайскі і ўсякія іншыя. А чэска-беларускага слоўніка там не было”.
Тады Лявон Баршчэўскі і задумаў свой, напачатку 23-моўны. У працэсе працы ён дадаў яшчэ пяць моваў. Такога слоўніка, па словах стваральніка, яшчэ ў сьвеце не было.
Значэньне гэтае працы спадара Баршчэўскага цяжка пераацаніць. Кансультант выданьня па лацінскай частцы Алесь Жлутка:
“Упершыню ў Эўропе выйшаў слоўнік, які ахоплівае як малавядомыя мовы, так і такія, як нямецкая ці ангельская – цэнтральныя мовы Эўразьвязу”.
Адзін з выдаўцоў слоўніка літаратар Уладзімер Сіўчыкаў лічыць, што гэтая ўнікальная праца разьлічаная на дэмакратычную пэрспэктыву Беларусі.
“Я думаю, што вы ўсе здагадваецеся, што ў кантэксьце маюцца на ўвазе ня толькі мовы, калі гаворыцца пра багаты эўрапейскі сьвет. Тут маецца на ўвазе і Эўразьвяз, а гэта тое аб’яднаньне, у якім рана ці позна, мы ўсе тут упэўненыя, Беларусь апынецца”.
А стваральнік слоўніка тым часам працягваў экзамэнаваць прысутных. Гэтым разам на веданьне ірляндзкай.