Судзьдзя Гомельскага раёну Вольга Фядосава 4 кастрычніка прызнала журналістку-фрылансэрку Ларысу Шчыракову вінаватай у незаконным вырабе прадукцыі СМІ без акрэдытацыі для польскага спадарожнікавага тэлеканалу «Белсат» і аштрафавала яе на 35 базавых (805 рублёў).
Адміністрацыйную справу на журналістку завялі за відэаздымкі, якія скарыстаў тэлеканал «Белсат» — пра гаротны стан мясцовага аўтарынку «Асаўцы». Суд пераносіўся ў зьвязку з выклікам дадатковага сьведкі.
Шчыракова ў судзе віны сваёй не прызнала.
«Працуе канвэер для пакараньня незалежных журналістаў, і ў першую чаргу тых, хто супрацоўнічае з тэлеканалам „Белсат“. Улады мэтанакіравана змагаюцца з альтэрнатыўнай „карцінкай“ пра рэаліі нашага жыцьця, інакш кажучы, змагаюцца са свабодай слова, з канстытуцыйным правам грамадзян на збор і распаўсюд інфармацыі», — сказала Ларыса Шчыракова.
Сёньня ж судзьдзя Чыгуначнага раёну Гомля Яўген Шаршнёў разгледзеў іншую адміністрацыйную справу адносна Ларысы Шчыраковай.
У пратаколе, які быў складзены ўчастковым інспэктарам Чыгуначнага РАУС Яўгенам Нерушавым, напісана, што нібыта 9 жніўня Шчыракова «ажыцьцявіла публікацыю відэасюжэту на сайце каналу „Белсат“ у праграме „Аб’ектыў“ з правядзеньнем інтэрвіяваньня грамадзян па вуліцы Цімафеенкі ў Гомлі». Назва матэрыялу ў пратаколе не пазначана. За гэты дзень на сайце «Белсату» няма публікацыі з вуліцы Цімафеенкі.
Суд адбываўся без удзелу журналісткі, бо яна амаль у той жа час была занятая ў судзе Гомельскага раёну.
Судзьдзя Шаршнёў вырашыў адправіць адміністрацыйную справу на дапрацоўку ў УУС Гомельскага аблвыканкаму.
Сёлета суды Гомельскай вобласьці ўжо шэсьць разоў каралі Ларысу Шчыракову за фрылансэрскую дзейнасьць. Сума прысуджаных ёй штрафаў агулам перавысіла 4 тысячы рублёў.