Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Японца Масатосі асудзілі да 7 гадоў калёніі за «агентурную дзейнасьць». Амбасада Японіі адрэагавала


У Менскім гарадзкім судзе агучылі прысуд палітзняволенаму Наканісі Масатосі — сем гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штраф у памеры 500 базавых велічыняў (21 тысяча рублёў).

Пра гэта паведаміў праваабарончы цэнтар «Вясна».

Палітвязьню прызначылі максымальны тэрмін зьняволеньня. Яго абвінавацілі ў «агентурнай дзейнасьці» (арт. 358-1 КК) з 2018-га па 2024-ы гады. Працэс у закрытым рэжыме з 14 студзеня вяла судзьдзя Анжэла Касьцюкевіч.

Наканісі — грамадзянін Японіі. Яго затрымалі яшчэ ў ліпені 2024 году, але падрабязнасьці яго перасьледу распавялі ў сюжэце БТ толькі ў верасьні. Сьцьвярджалася, што японец «ажыцьцяўляў збор і перадачу на адрас японскай спэцслужбы разьведвальнай інфармацыі вайсковага характару».

«З моманту ўзьнікненьня дадзенага інцыдэнту ўрад падтрымліваў сувязь з беларускім бокам, у тым ліку заклікаў да неадкладнага вызваленьня. З пункту гледжаньня абароны нашых грамадзян мы працягнем прымаць адпаведныя захады», — заявіла амбасада ў камэнтары японскай тэлерадыёкампаніі NHK.

Неадкладна вызваліць асуджанага ў Беларусі грамадзяніна Японіі Наканісі Масатасі заклікала Сьвятлана Ціханоўская.

«Выкладчык універсытэта быў абвінавачаны ў „зборы разьведвальнай інфармацыі“. Як і іншыя палітычныя зьняволеныя, ён падвяргаецца дэгуманізацыі з боку прапаганды рэжыму», — напісала яна на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х.

  • Паводле праваабаронцаў, з пачатку выбарчай кампаніі 2020 году як мінімум 75 іншаземцаў трапілі пад палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі. Некаторых украінскіх грамадзян удалося вызваліць праз абмен. Так, пяць чалавек былі перададзеныя Ўкраіне ў абмен на расейскіх палонных. Рыка Крыгер, грамадзянін Нямеччыны, якому ў Беларусі прысудзілі сьмяротнае пакараньне, быў перададзены Нямеччыне ў рамках вялікага абмену вязьнямі, калі зь нямецкай турмы быў вызвалены афіцэр Фэдэральнай службы бясьпекі Расеі Вадзім Красікаў.
  • Сярод тых, хто застаецца за кратамі, мінімум 13 украінцаў, якіх асудзілі пераважна за «агентурную дзейнасьць», шпіянаж, камэнтары і «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці». Таксама ў турмах знаходзяцца ня менш за восем расіян, асуджаных па розных артыкулах. Чатыры палякі атрымалі жорсткія прысуды, трое зь іх — больш за 10 гадоў зьняволеньня. Сярод палітвязьняў таксама чацьвёра латышоў, адзін зь іх быў накіраваны на прымусовае псыхіятрычнае лячэньне. Па адным зьняволеным ёсьць зь Літвы, Эстоніі, ЗША, Японіі і Швэцыі. Акрамя таго, у сьпісах ёсьць адзін замежнік, чыя краіна грамадзянства невядомая.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG