Памер золатавалютных рэзэрваў (ЗВР) Беларусі паводле стану на 1 кастрычніка склаў 7 мільярдаў 266 мільёнаў даляраў. Пра гэта паведамляе Нацыянальны банк.
У верасьні прырост склаў 273 мільёны даляраў. Ад пачатку сёлетняга году — 2 мільярды 339 мільёнаў, альбо 47,5%.
Экспэрт «Лібэральнага клюбу» Антон Болтачка ў камэнтары Свабодзе вылучыў тры аспэкты гэтага паведамленьня.
Гэта не заробленыя грошы, іх узялі ў крэдыт
«Рост золатавалютных рэзэрваў шмат у чым забясьпечаны так званымі даўгавымі інструмэнтамі. То бок гэта крэдыты Расейскай Фэдэрацыі і сродкі ад разьмяшчэньня валютных аблігацыяў. Таму трэба прызнаць, што павелічэньне ЗВР носіць часовы характар. Крэдытныя рэсурсы трэба будзе вяртаць. Таму я магу прагназаваць, што ЗВР з гэткім самым посьпехам, як яны павялічыліся, могуць быць і зьменшаныя. Валюту трэба зарабляць, а не пазычаць».
Для спакойнага жыцьця трэба ня 7, а 10 мільярдаў
«У фінансавым сьвеце ёсьць такое правіла: золатавалютныя рэзэрвы краіны павінен быць ня меншыя за тыя грошы, якія яна траціць на закуп імпарту за тры месяцы. У нас ЗВР меншы, таму ёсьць да чаго імкнуцца. Памятаю, і былы старшыня праўленьня Нацбанку, і цяперашні называлі лічбу ў 10 мільярдаў даляраў. Адпаведна, неабходна дадаць да таго, што ёсьць сёньня, яшчэ 3 мільярды. Толькі пасьля гэтага можна казаць пра пэўную ўпэўненасьць і стабільнасьць».
Звычайны чалавек пакуль можа быць спакойны
«Што гэтыя лічбы кажуць звычайнаму беларусу? Тое, што ў выпадку нейкіх зьнешніх узрушэньняў ва ўладаў ёсьць сродкі, каб мінімізаваць наступствы такіх узрушэньняў. Наяўнасьць ЗВР, хоць яна і даўгавая, дазваляе Нацбанку кіраваць сытуацыяй. Нават калі і адбудзецца крызіс — унутраны альбо зьнешні, напрыклад у Расейскай Фэдэрацыі».