Алу Раманчык судзьдзя Віталь Каўбеня аштрафаваў на 15 базавых (345 рублёў)
Паводле непацьверджанай інфармацыі, затрыманы Ўладзь Яроменак.
Лагвінца павезьлі ў лякарню
У судзе Маскоўскага раёну пачалі разглядаць адміністрацыйную справу, пачатую супраць Алеся Лагвінца па артыкуле 17.1 (дробнае хуліганства).
У суд выклікалі хуткую для Алеся Лагвінца і абвясьцілі перапынак. Пазьней стала вядома, што яго павезьлі ў 9-ю лякарню.
Паводле актывісткі Аліны Нагорнай, Лагвінца білі пры затрыманьні.
Алеся Лагвінца затрымалі з 22-гадовым сынам Антосем, калі яны выходзілі з кватэры на вуліцы Касманаўтаў.
Суд Маладэчанскага раёну прызнаў рэдактарку сайту Kraj.by Сьвятлану Цішко вінаватай у парушэньні парадку арганізацыі масавых мерапрыемстваў. Журналістку пакаралі штрафам у 20 базавых велічыняў(460 рублёў) за артыкул пра акцыю «недармаедаў», якім яна нібыта заклікала людзей да ўдзелу ў несанкцыянаванай акцыі.
Бабруйск. З затрыманымі на ганку Бабруйскага суду актывістамі ў пракуратуры правялі індывідуальную размову, папярэдзіўшы кожнага аб тым, што вядома, што яны займаюцца падрыхтоўкай мітынгу 26 сакавіка. Размаўляў з кожным асабіста намесьнік пракурора. Затрыманы з сабакам журналіст Віктар Качан пайшоў скардзіцца на затрыманьні журналістаў — і іх адпусьцілі без размоваў.
Пра перанос суду над Галінай Сьмірновай сказаў актывістам толькі падпалкоўнік Рудзько. Але ў ізалятары перадачу для яе не прымаюць, кажуць «пачакайце, пакуль нічога невядома».
Бабруйск. Затрыманага раней Уладзімера Лазарава выпусьцілі. Галіну Сьмірнову выпусьцілі з ізалятара з рэчамі да суду 24 сакавіка. Але потым яе прывезьлі на размову ў пракуратуру і туды ж выклікалі праваабаронцу Алега Жалнова.
Павал Юхневіч паведаміў у фэйсбуку пра сваё затрыманьне.
Журналіста-фрылансэра Яўгена Меркіса судзьдзя Віталь Каўбеня пакараў штрафам у 30 базавых (690 рублёў).
Яго абвінавацілі ў працы без акрэдытацыі і ў незаконным вырабе прадукцыі СМІ для замежнага тэлеканалу «Белсат».
Меркіс адмовіўся даваць тлумачэньні, бо даваў іх у міліцыі. Судзьдзя не дапусьціў да удзелу ў працэсе прадстаўніка Меркіса Леаніда Судаленку.
Пратакол адносна Аляксандра Процкі суд у Гомелі накіраваў на дапрацоўку, яго вінавацілі ў распаўсюдзе ўлётак да 25 сакавіка.
Маладэчна. Затрыманы Павал Сяргей (актывіст «Пошуга»), ягоны брат Валеры Сяргей і жонка брата Кацярына Сяргей.
Павал Сяргей хаваўся ад перасьледу ў братавай кватэры. У сцэнары затрыманьня былі выкарыстаны аўтамабілі МНС, людзі ў цывільным і міліцыянты.
- By КВ
Іван Кавальчук — новы затрыманы
Брат Івана Аляксей Кавальчук паведаміў Свабодзе, што Івана затрымалі на падыходзе да інтэрната БНТУ каля станцыі мэтро «Пятроўшчына». У інтэрнацкім пакоі зрабілі ператрус «людзі ў цывільным». Знайшлі чырвона-чорны сьцяг, берцы, каску, літаратуру пра зброю. Іван Кавальчук мае як хобі дыгерства, удзельнічае ў рыцарскім клюбе.
- By ПД
Натальлю Папкову будуць судзіць 24 сакавіка за «Марш недармаедаў» у Берасьці
Ленінскі суд Берасьця перанёс разгляд справы Натальлі Папковай на 24 сакавіка, бо яна заявіла хадайніцтва аб неабходнасьці заключэньня дамовы з адвакатам.
Адну зь лідэраў берасьцейскіх пратэстаў Натальлю Папкову затрымалі 22 сакавіка на вакзале ў Берасьці, калі яна мелася зьяжджаць у Менск для ўдзелу ў акцыі 25 сакавіка. Натальлю зьвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаванай масавай акцыі — «Маршы недармаедаў», які адбыўся 5 сакавіка ў Берасьці.
Судовае паседжаньне пачалося сёньня ўвечары, аднак яго давялося перанесьці, бо актывістка заявіла хадайніцтва, што ёй трэба час, каб заключыць дамову з адвакатам.
Разгляд справы Натальлі Папковай адбудзецца 24 сакавіка ў 11.30 у Ленінскім судзе Берасьця. Да суду яе вызвалілі з-пад варты.
Як сказаў Свабодзе берасьцейскі праваабаронца Ўладзімер Вялічкін, ён ня мае сумневу, што Натальлі прысудзяць суткі:
«Канстытуцыя гарантуе яе права на ўдзел у мірных сходах, яна і ўдзельнічала. Яна мае права выказваць свае думкі. За што ж тут караць? Гэта ўсё робіцца менавіта для таго, каб запалохаць насельніцтва, каб пра сваю бяду не гаварылі ўголас».
Актывістка «Маладой Беларусі» Натальля Папкова — адна зь лідэраў пратэстаў «недармаедаў» у Берасьці.
3 сакавіка, перад трэцім «Маршам недармаедаў» у Берасьці (прызначаным на 5 сакавіка), яе затрымалі і зьмясьцілі ў псыхіятрычную лякарню, быццам бы пасьля скаргі суседзяў, што яна хоча скончыць жыцьцё самагубствам.
Пасьля вызваленьня ў інтэрвію Свабодзе Натальля сказала, што думак пра самагубства ў яе не ўзьнікала.
Актывіст Павал Юхневіч знаходзіцца ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсьціна. Суд над ім мае адбыцца заўтра.
Паўла Юхневіча затрымалі каля 19.00 23 сакавіка. Пра сваё затрыманьне ён сам паведаміў у фэйсбуку.
Вітаўт Сіўчык, сын затрыманага сёньня актывіста Вячаслава Сіўчыка, паведаміў на сваёй старонцы ў фэйсбуку што бацьку «знайшлі» ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на вуліцы Акрэсьціна ў Менску, але пра яго стан нічога невядома. Лідэр руху «Разам» Вячаслаў Сіўчык затрыманы падчас жалобнай цырымоніі на пахаваньні свайго дзядзькі, яго забралі ў аўтобусе, які ехаў на могілкі ў Навінкі пад Менскам.
У Чачэрску затрыманы да суду Арцём Кавалёў. Ён дастаўлены ў Чачэрскі РАУС. Пра гэта паведамляе на сваёй старонцы ў фэйсбуку праваабаронца Леанід Судаленка. Малады чалавек зь бел-чырвона-белым сьцягам быў у жывым эфіры Свабоды з «Маршу недармаедаў» у Гомлі 19 лютага.