Пасьля двух дзён перапынку армяне зноў выйшлі на масавыя акцыі пратэсту ў Ерэване і іншых гарадах. Лідэр пратэстаў Нікол Пашыньян настойвае на тым, каб кіроўная Рэспубліканская партыя «стала суаўтарам перамогі народу».
Раней пратэстоўцы дамагліся адстаўкі прэм’ер-міністра Сэржа Саргсьяна, які да таго быў прэзыдэнтам 10 год, а таксама адмовы ад высоўваньня кандыдатуры ад Рэспубліканскай партыі і падтрымкі пратэстаў фракцыямі «Блёк Царук’ян» і «Дашнакцуцюн», якія раней дыстанцыяваліся ад мітынгаў.
Нікол Пашыньян настойвае на тым, каб на выбарах новага прэм’ера, прызначаных на 1 траўня, Рэспубліканская партыя падтрымала ягоную кандыдатуру як «кандыдата ад народу». Ён заклікаў ладзіць мірныя мітынгі надалей, у тым ліку ў дзень выбараў.