Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Будаўнікоў у Мазыры прымусілі пагадзіцца на зьмяншэньне заробкаў. Або звальняцца 


На ААТ «Палесьсебуд»
На ААТ «Палесьсебуд»

На прадпрыемстве «Палесьсебуд», якое месьціцца ў Мазыры, рабочых змусілі напісаць дамовы на зьмяншэньне на 20 адсоткаў платы па тарыфных стаўках. Гэткім чынам будаўнічая структура мяркуе выжыць у крызісны час.

Арытмэтыка муляраў і маляроў

Акцыянэрнае таварыства «Палесьсебуд» мае ў сваёй структуры паўтара дзясятка прадпрыемстваў і арганізацыяў і вядзе будаўніча-мантажныя работы ў васьмі заходніх раёнах Гомельскай вобласьці. Усяго ў таварыстве налічваецца звыш 1700 работнікаў самых розных спэцыяльнасьцяў.

Калінкавічы. Дом на праспэкце Міру
Калінкавічы. Дом на праспэкце Міру

У Калінкавічах на праспэкце Міру мясцовыя і мазырскія будаўнікі даводзяць да ладу 50-кватэрны жылы дом. Тут і гутарым з малярамі і тынкоўшчыкамі.

«Прымушалі падпісваць угоду на зьмяншэньне тарыфаў, — тлумачыць будаўнік Аляксандар. — Не падпішаш — атрымлівай двухтыднёвую дапамогу і ідзі на ўсе чатыры бакі. І многія пайшлі. Бо заробкі ўпалі, настрой на нулі. Людзі наагул „забіваюць“ на працу».

«Вось тут мы, муляры, дарабляем ганак з пандусам. Маглі б сёньня яшчэ папрацаваць. Але навошта? Старайся не старайся, а больш як трыста рублёў з невялікімі капейкамі не атрымаеш. Раней муляры, у пераводзе на цьвёрдую валюту, каля тысячы даляраў атрымлівалі. Цяпер —150 ці крыху болей. Такая арытмэтыка», — падсумоўвае муляр перадпэнсійнага веку, які назваўся Мікалаем.

Будаўнікі зьдзіўляюцца, што працуюць яны, як і раней, кожны божы дзень, а вынік расчароўвае.

«Ніхто б у тую Расею не паехаў, каб хоць пяцьсот рублёў зараблялі. А так застаюцца ў будаўнічых арганізацыях толькі старэйшыя альбо тыя, хто ня можа зь нейкіх прычынаў сям’ю пакінуць. Астатнія звальняюцца і зьяжджаюць альбо шукаюць нейкую іншую працу».

І мужчыны-муляры, і жанчыны-тынкоўшчыцы, якія завяршаюць работу над дзесяціпавярховым домам, у адзін голас цьвердзяць, што сытуацыя з заробкамі істотна стала пагаршацца, калі «Палесьсебуд» ачоліў генэральны дырэктар Уладзімер Кузьма.

«Мы зараблялі, калі дырэктарам быў Валер Усікаў, — тлумачыць жанчына-маляр, якая не схацела называць сябе. — І аб’екты ў нас былі, і заробкі. А цяпер усе расцэнкі парэзалі. За гэтыя 300 рублёў трэба са скуры вылузвацца. Дый працу раяць самім шукаць. Мы ж у Калінкавічы з Мазыра прыехалі, з СПМК-42. І ў Брагін, і ў Хвойнікі езьдзім».

У Мазыры будаўнікоў больш, чым працы

Генэральны дырэктар Уладзімер Кузьма ачоліў прадпрыемства «Палесьсебуд» летась. Да гэтага кіраваў «Гомельаўтадарам» і Мазырскім УМ-58.

«Прыходзілі да мяне сюды ў пагонах — рамонт у кабінэце зрабіў. А я ім кажу: „А тут хіба што-небудзь ёсьць, што рабілі ня мы? Усё нашы людзі рабілі — я ім працу даў. Стол — з „Гомельдрэву“, крэслы — з „Пінскдрэву“. Дык што ня так? Калі ў кіраўніка будзе кабінэт занядбаны, тады мы яго пачуем?“»

Кузьма тлумачыць, што ягоныя перасоўныя мэханізаваныя калёны, які знаходзяцца ў Жыткавічах, Акцябрскім, Калінкавічах, Брагіне, Ельску, загружаны напалову. Усяго «Палесьсебуд» мае сёлета толькі 80 адсоткаў аб’ёмаў у параўнаньні з папярэднім годам. Эканамічная сытуацыя не спрыяе будаўніцтву:

«Цяпер скарачаюць нават упраўленьні капітальнага будаўніцтва ў райвыканкамах, і мы аптымізуем свае падразьдзяленьні: Ельскую ПМК далучылі да Мазырскай № 106, Брагінскую і Хвойніцкую — да Калінкавіцкай № 101. Пакінулі ў райцэнтрах толькі будаўнічыя ўчасткі. Адпаведна эканамічным паказьнікам скарачаем і пэрсанал, і ў першую чаргу — інжынэрна-тэхнічны. Рабочым прапануем набываць сумежныя спэцыяльнасьці, па прынцыпе „майстар-хаўс“. Вядома, хто знаходзіць сабе лепшую працу ці ня хоча перавучвацца, тыя пакідаюць арганізацыю».

Кіраўнік пацьвярджае, што ў акцыянэрным таварыстве сапраўды панізілі тарыфныя стаўкі, каб выжыць.

«Зэканоміць цяпер можна найперш на заробках і крыху на лягістыцы — больш няма на чым. Да чэрвеня падтрымлівалі ўзровень заробкаў, нават калі якая ПМК не зарабляла патрэбную суму. Цяпер такой магчымасьці ня маем.

Страчваем значныя грошы, каб выйграць тэндэр. Ня скінеш дваццаць адсоткаў ад кошту аб’екту — не атрымаеш заказу. Дваццаць пяць мільярдаў недэнамінаваных рублёў страцілі толькі на тэндэрах. Але ж даём працу, даём магчымасьць зарабіць. Калі ты кіроўца, прывёз на будоўлю матэрыял, то не сядзі, чакаючы, пакуль разгрузяць — дапамажы бардзюр укласьці ці яшчэ што. Прараб запіша, не прападзе праца. Калі ты майстар, то кельму вазьмі, кубамэтар ці два сьцяны ўзьвядзі. Вось і прыробак».

У Мазыры, на думку Ўладзімера Кузьмы, ужо зашмат будаўнікоў на значна скарочаныя аб’ёмы будаўніча-мантажных работ. Апроч «Палесьсебуду», існуе домабудаўнічы камбінат, трэст № 6, дзьве прыватныя будаўнічыя фірмы. Вяртаецца назад і «бартэр» — гэты натуральны від тавараабмену ў стасунках з заказчыкамі і субпадрадчыкамі, не падмацаваны грашыма. І сьведчыць гэта, вядома ж, пра падзеньне плацежаздольнасьці беларускіх суб’ектаў гаспадараньня. Шараговыя грамадзяне таксама не багацеюць.
«Мы не сядзім склаўшы рукі. Спрабуем будаваць і камэрцыйнае жыльлё, каб зарабіць альбо разьлічыцца па бартэры. Але прадаць нават кватэру становіцца з кожным разам усё складаней», — заяўляе генэральны дырэктар.

І дадае, што ў цяперашняй няпростай эканамічнай сытуацыі імкнецца ўсімі магчымымі спосабамі трымаць сваю арганізацыю «на паверхні», а ў інтэрнэце пішуць пра яго ўсякую ўсячыну: «Пачытайце».

Мазырскі суд тры гады таму спаганяў з Уладзімера Кузьмы 35 мільёнаў рублёў маёмаснай шкоды на карысьць УМ-58, якую ён ачольваў.

У лістападзе 2014 году Камітэт дзяржкантролю па Гомельскай вобласьці выявіў у дзейнасьці РУП «Гомельаўтадар», якім кіраваў на той час Кузьма, значныя рэзэрвы эканоміі бюджэтных сродкаў на будаўніцтве аўтадарогі М-5 Менск — Гомель. Выдаткі на будаўніцтва гэтай магістралі праз высілкі кантралёраў скарацілі на 22,3 мільярда рублёў.

Дарэчы, у хуткім часе пасьля той праверкі Ўладзімер Кузьма і вярнуўся ў Мазыр, дзе атрымаў пасаду генэральнага дырэктара «Палесьсебуду».

Дом як надзея, але не для ўсіх

У мазырскім мікрараёне Нараўшчызна «Палесьсебуд» сіламі ПМК-106 пачынае ўзводзіць 40-кватэрны камэрцыйны дом, каб падмацаваць сваё фінансавае становішча. Як тое атрымаецца, загадваць складана з прычыны цяжкай агульнай эканамічнай сытуацыі.

Мазыр. Тут паўстане камэрцыйны дом
Мазыр. Тут паўстане камэрцыйны дом

Пакуль на будоўлі вядуць закладку фундамэнту.

Цясьляр Канстанцін, які мае за плячыма трыццацігадовы будаўнічы стаж, таксама падпісваў угоду на зьмяншэньне тарыфных ставак.
«Калі б не падпісаў, то праз два тыдні быў бы на вуліцы. Адразу папярэдзілі. А дзе цяпер працу знойдзеш, калі ўсюды скарачэньні? Не заробіш і 250 рублёў, якія тут маю», — скрушна разважае цясьляр, шукаючы ў складзіку інструмэнтаў патрэбныя.

Прыкладна гэтак жа адклікаецца на сытуацыю і рабочы Аляксандар, заняты на выгрузцы бэтону:

«Даводзіцца трываць — сыстэма ўсюды аднолькавая, ва ўсіх будаўнічых арганізацыях. Няма належнага фронту работ. Раней гаспадарчых пабудоваў больш узводзілася, усякіх іншых аб’ектаў. І зараблялі ў тры разы болей. Мне б трэба было крэдыт узяць на большую кватэру, бо жыву з сям’ёю ў аднапакаёўцы. А ня возьмеш — аддаваць няма чым».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG