Глод: Я адразу хачу зьвярнуць увагу на тое, што свае высновы першы намесьнік міністра агучыў у прафэсійным часопісе «Фінансы, улік, аўдыт». Гэта выданьне самога Міністэрства фінансаў, скіраванае на спэцыфічную аўдыторыю. Таму і выступаць у ім можна больш шчыра і адкрыта, не «глянцуючы» рэчаіснасьць.
Спадар Ермаловіч кажа, што за словамі «сацыяльна арыентаваная дзяржава» — а Беларусь так сябе пазыцыянуе — стаяць вялікія выдаткі бюджэту на фінансаваньне насельніцтва. І гэта ня толькі традыцыйныя адукацыя, ахова здароўя, культура, спорт, але і транспарт, жыльлёва-камунальная гаспадарка, агракомплекс.
Аднак, піша высокі дзяржаўны чыноўнік, свае жаданьні трэба сувымяраць з наяўнымі магчымасьцямі. І канстатуе: «На жаль, у Беларусі для нарошчваньня сацыяльных абавязаньняў рэзэрвы практычна вычарпаныя». Абмежаваньні закрануць тэмпы павышэньня заробкаў, павелічэньня пэнсіяў, дапамог, стыпэндыяў.
Аплату часткі паслуг, якія насельніцтву аказвае дзяржава, перакладуць на само насельніцтва.
Чаму так атрымліваецца, зразумела. Складаная сытуацыя ў эканоміцы не дазваляе многім прадпрыемствам працаваць з плюсам. Днямі сталі вядомыя прадпрыемствы, якія панесьлі найбольшыя страты за першы квартал гэтага году. Сярод іх Беларускі мэталюргічны завод, МАЗ, МТЗ ды некаторыя іншыя, якія традыцыйна завуць гігантамі прамысловасьці. Таму ўлады і зьбіраюцца скарачаць частку бюджэту. А гэта азначае, што аплату часткі паслуг, якія насельніцтву аказвае дзяржава, перакладуць на само насельніцтва.
Інтарэсы аграрнага комплексу, прамысловасьці ў той жа Палаце прадстаўнікоў, якая зацьвярджае бюджэт, лабіруе значная колькасьць дэпутатаў. А вось за насельніцтва пастаяць фактычна няма каму.
Паглядзіце, што робіцца цяпер у Францыі, дзе ўрад пайшоў на непапулярныя меры. Там адзіным фронтам супраць выступілі прафсаюзы. У нас ад афіцыйных прафсаюзаў падобных крокаў не дачакаесься. Ёсьць незалежныя прафсаюзы. Іх лідэры, асабліва Генадзь Фядыніч, прадракаюць ужо гэтай восеньню масавыя выступы працоўных. Прынамсі, нядаўна ён казаў: «За свае законныя правы трэба змагацца, іх трэба адстойваць... Ня варта забываць, чым небясьпечна сьціскаць спружыну — рана ці позна яна выпрастаецца ў зваротным кірунку».
Эканаміст Яраслаў Раманчук прадракае, што насельніцтву варта рыхтавацца да максымальнага заробку ў памеры 200 даляраў і пэнсіі меншай за 100 даляраў. Пры гэтым кошты і беспрацоўе будуць расьці. Вось такі несуцяшальны падыход.
На маіх і на вашых, Алег і Віталь, вачах праходзілі хваляваньні працоўных на пачатку 1990-х гадоў. Але тады рот рабочым ніхто не «зашываў», журналістаў так не заціскалі. І ўсё ж, на вашу думку, калегі, ці можна чакаць восеньскай хвалі масавага абурэньня насельніцтва Беларусі?
Грузьдзіловіч: Калі казаць пра скон Савецкага Саюзу, варта ўспомніць, як ламаюцца сыстэмы. Ёсьць такі закон, што сыстэма не разбураецца адначасова ўся, тут патрэбнае супадзеньне, рэзананс тых працэсаў, якія адбываюцца звонку сыстэмы і ўнутры.
Калі гэта будзе адначасова, то сапраўды можна чакаць падзеньня, як адбылося ў 91-м годзе. Савецкі Саюз быў у вельмі складанай сытуацыі змаганьня з усёй сусьветнай сыстэмай, і вось гэта да чаго прывяло.
Што да Беларусі, тут няма супадзеньня. Так, сапраўды, пагаршаецца сытуацыя па ўсіх чыньніках. Яна пагаршаецца ў эканоміцы. Але няма выхаду, каналізацыі грамадзкіх пратэстаў. Зрэшты, усё гэта пакуль непадобна да рэзанансных падзеяў 91-га году. Па-першае, якія сацыяльныя групы ў нас больш за ўсё пацярпяць ад крызісу? Гэта пэнсіянэры, бюджэтнікі, якіх чакаюць вельмі нізкія заробкі, і працаўнікі сельскай гаспадаркі — людзі, якія цяпер атрымліваюць сама больш 100 даляраў, а то і менш. І церпяць, бо ў іх агарод, у іх традыцыйныя спосабы здабыцьця грошай.
Пэнсіянэры ня маюць ніякага выйсьця для свайго незадавальненьня. Тое самае бюджэтнікі.
І вось яны будуць цярпець і далей. Пэнсіянэры ня маюць ніякага выйсьця для свайго незадавальненьня. Тое самае бюджэтнікі. Мая жонка працуе ва ўнівэрсытэце, там ёсьць выкладчыца, якая з Мар’інай горкі прыяжджае ўжо 20 гадоў туды працаваць за 2 мільёны. Яна і будзе прыяжджаць. Ну, а ў палітычным сэнсе сілаў, якія б зламалі гэтую палітычную сыстэму, яе разварушылі, цяпер ня бачна. Ня будзе масавых пратэстаў, якія прывядуць да сацыяльнага выбуху. Забурэньні будуць, але масавага пратэсту ня будзе.
Дадамо да гэтага беларускую славутую цярплівасьць. Нядаўна я чытаў матэрыялы пра рэпрэсіі 30-х гадоў. Гомельскі дасьледчык зрабіў выснову, што ў той час у нейкім раёне запраўлялі справамі некалькі асабістаў, якія маглі каго заўгодна адправіць у турму і пакараць. Усе цярпелі. Неверагодныя рэчы цярпелі. А тут гэтыя беларускія 100 даляраў і пэнсіі 50 даляраў — выцерпяць.
Цыганкоў: Я таксама стаўлюся да пэрспэктывы сацыяльных пратэстаў вельмі скептычна, і не таму, што мне хочацца быць скептыкам, але зыходзячы з аб’ектыўнага аналізу цяперашняй сытуацыі.
У 1991 годзе людзей на вуліцы выводзіла гістарычна ўнікальнае і непаўторнае спалучэньне многіх прычынаў. У пратэстным руху зьядналіся палітычныя, сацыяльныя, ідэйныя і нават побытавыя матывы.
Перш за ўсё, гэта быў ідэйна-палітычны пратэст. Людзі хацелі зьмены прагнілай і непапулярнай савецкай улады, хацелі свабоды выказваньняў і дзеяньняў. Другая галоўная прычына масавых выступаў даволі традыцыйная — эканамічныя патрабаваньні. Але людзі хацелі ня толькі большых заробкаў, як цяпер, але на фоне дэфіцыту і нястачы самых элемэнтарных прадуктаў патрабавалі поўных таварамі крамаў, магчымасьці весьці свой бізнэс. Пагадзіцеся, цяпер сытуацыя зусім іншая — тавараў хапае, трэба толькі грошы, каб іх купіць.
Іншы прынцыповы матыў — патрабаваньне незалежнасьці Беларусі і нацыянальнага адраджэньня. Відавочна, асобаў з нацыянальнай сьвядомасьцю, а тым больш зь незалежніцкімі памкненьнямі тады было яшчэ ня так і шмат. Але гэта быў «перадавы атрад», інтэлігенцыя, людзі, якія вялі за сабой іншых.
Яшчэ адзін чыньнік, які цалкам неактуальны цяпер, — для многіх асноўная прэтэнзія да савецкай дзяржавы была ў немагчымасьці «свабоднага ўезду і выезду», эміграцыі. Цяпер гэтая магчымасьць адчыненая.
Шмат якія матывы для пратэстных выступаў, якія былі ў 1991 годзе, сёньня альбо цалкам не актуальныя, альбо зьменшылі сваю вастрыню.
Карацей, як бачым з гэтага пераліку, шмат якія матывы для пратэстных выступаў, якія былі ў 1991 годзе, сёньня альбо цалкам не актуальныя, альбо зьменшылі сваю вастрыню.
Калі ж казаць выключна пра рабочы рух, то і тут шмат чаго зьмянілася. Перш за ўсё, ад 1991 году рабочых у Беларусі стала проста колькасна нашмат меней. Дакладную статыстыку цяжка знайсьці, але відавочна, што скарачэньне рабочай клясы ў сталіцы адбылося як мінімум у 2–3 разы.
Больш за тое, зьмяніўся і якасны склад пралетарыяту. Яшчэ ў канцы 80-х на заводах па рабочых спэцыяльнасьцях часам працавалі людзі з вышэйшай адукацыяй. За гэтыя 25 гадоў усё лепшае даўно перайшло ў прыватны сэктар, дзе больш матывацыі, але таксама і больш дысцыпліны і адказнасьці.
Так што, зыходзячы з усіх гэтых прычынаў, на сёньня нейкі сацыяльны выбух выглядае малаімаверным. Больш магчымымі мне ўяўляюцца нейкія лякальныя пратэсты. Якія могуць быць і даволі рэзкімі і вострымі.