Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пазьняк: З альбому пра стары Менск цэнзура зрабіла кнігу пра Менск новы


Блогер Darriuss апублікаваў 20 здымкаў з фотаальбому Зянона Пазьняка «Мінск» 1968 году выданьня. На думку блогера, Пазьняка ў 60-я гады цікавіў новы Менск. У інтэрвію Радыё Свабода Зянон Пазьняк расказаў пра сапраўдныя абставіны падрыхтоўкі таго выданьня.

Абламейка: Зянон Станіслававіч, якія мэты вы ставілі тады пры падрыхтоўцы альбому «Мінск»?

Пазьняк: Я да гэтага альбому падыйшоў вельмі сур’ёзна, бо з 1964 году займаўся старым Менскам. І я паставіў задачу паказаць стары Менск — Нямігу, Верхні горад і тое, што засталося ад Ніжняга рынку. Я ўсё гэта сфатаграфаваў, і ўсё гэта было здадзена ў выдавецтва «Беларусь». І тут пачалася вялікая вайна, было аж некалькі макетаў, таму што гэты альбом насілі ў ЦК КПБ, і яго там рэзалі. І было што амаль зусім ужо зарэзалі, але потым зноў вярнуліся. І вось тое, што там засталося ад Старога гораду, гэта тое, што ўдалося адваяваць. А фактычна задумка была такая: зрабіць гістарычны Менск.

Абламейка: Блогер пры рэпублікацыі здымкаў з вашага альбому заўважыў, што вас тады, відаць, цікавіла новая архітэктура...

Пазьняк: Што датычыць новай архітэктуры. Безумоўна, такія знакавыя будынкі, больш-менш стылёвыя, якія выяўлялі пэўную эпоху, стыль, я сфатаграфаваў, бо гэта было аблічча таго гораду, і цяпер яно ўжо гістарычнае. Так што думаю, што і ня дарам гэта было зьнятае. Але падыход мой быў такі: галоўнае — паказаць гістарычны Менск. Але гэта калі і ўдалося, то на адзін працэнт ці на паўпрацэнта. Таму што цэнзура была вельмі жорсткая.

Абламейка: Мы ў рэдакцыі зьвярнулі ўвагу на прыгожыя абліччы людзей на менскіх вуліцах, у прыватнасьці дзяўчат...

Пазьняк: Яшчэ тады, апрача старога Менску, мяне цікавілі людзі. Там праявіўся мой такі моладзевы рамантычны погляд на сьвет. Зрэшты, я з гэтым поглядам і цяпер жыву. Тут супярэчнасьці няма. На маю просьбу мне нядаўна зрабілі копіі здымкаў з таго альбома (самой кнігі я ня маю, усё засталося ў Менску) дык я гляджу, што той альбом цяпер пачаў набываць нейкую гістарычную вартасьць. А наконт дзяўчат, дык там яшчэ і не такія прыгожыя былі...Парэзалі ўсё.

Абламейка: А што цэнзуравалі ня толькі старую архітэктуру, але і выявы людзей?

Пазьняк: Вядома. Наогул, цэнзура была беспрэцэдэнтная. Прымушалі адусюль прыбраць крыжы, напрыклад. У альбоме пра Браслаўшчыну быў здымак партала касьцёлу. Выставілі ўльтыматум: альбо гэтага здымку ня будзе, альбо зарэтушаваць крыж. Давялося пагадзіцца зарэтушаваць крыж у разэтцы, каб застаўся сам архітэктурны партал. Так вось зьдзекаваліся. Выйсьця не было, трэба было ісьці на такія кампрамісы, каб хоць нешта ўратаваць.



Больш фатаздымкаў з альбому Зянона Пазьняка «Мінск» (1968) можна ўбачыць ТУТ.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG