Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журба за калючым дротам: як на Радаўніцу езьдзяць у Чарнобыльскую зону


Вёска Кажушкі
Вёска Кажушкі

На Радаўніцу вялікая тэрыторыя Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалягічнага запаведніка, больш вядомая як Чарнобыльская зона, па-сапраўднаму ажывае. З усёй Беларусі, а часам нават і бліжняга замежжа, «ў зону» на могілкі кіруюцца перасяленцы ды іхнія сваякі, каб ушанаваць памяць памерлых продкаў.

«Брама неўміручасьці» ў Новым Пакроўску

Ад райцэнтру Хойнікі да кантрольна-прапускнога пункту «Навапакроўск» дваццаць пяць хвілінаў нясьпешнай язды. Пункт гэты, як і ўсе іншыя, у звычайныя дні закрывае ўезд у адселеныя пасьля катастрофы на ЧАЭС вёскі панадпрыпяцкай зоны.

КПП «Навапакроўск»
КПП «Навапакроўск»

З 14 па 17 красавіка, калі завяршаецца Велікодны тыдзень і беларусы рыхтуюцца да Радаўніцы, Адміністрацыя зонаў адчужэньня і адсяленьня МНС Беларусі адчыняе КПП для бесьперашкоднага наведваньня могілак. Адмысловага пропуску ў гэтыя дні не патрабуецца — варта толькі зарэгістравацца пры ўезьдзе.

«Ужо каля сотні машын праехалі за два дні», — кажа дзяжурны КПП «Навапакроўск». Пазначыўшы ў рэгістрацыйную кнігу зьвесткі пра транспарт, дзяжурны выдае невялічкі чатырохкутнік кардону з пісанай на ім ад рукі лічбаю, накшталт нумарка ў гардэробе.

Працэдура рэгістрацыі займае літаральна дзьве-тры хвіліны, і вароты з знакам «Стоп» адчыняюцца ў неруш. Паабапал шашы пацягнуліся хмызы ды беразьняк з пачарнелымі ад агню стваламі. Праз паўдзясятка кілямэтраў дарога ўпіраецца ў разьвіліну з указальнікам улева і ўправа: «Кажушкі — Тульгавічы». У абодва бакі спрэс згарэлы сасоньнік. Мэтраў на 30-50 ад дарогі бульдозэры спляжылі яго ў даўжэзныя лаўжы. За імі, лаўжамі, усё яшчэ стаяць тысячы абгарэлых карабельных соснаў.

«Агонь могілкі не зачапіў»

Першыя па шляху на Тульгавічы — могілкі былой вёскі Ламачы. Дазімэтар паказвае на могілках 1,2 мілірэнтгэна — у сотню разоў больш за звычайнага фону. Да аварыі на ЧАЭС у Ламачах жылі 38 сямей. Шмат хто з тутэйшых жыхароў насіў прозьвішча Лапуста.

Ульляна Мартыненка на Ламачоўскіх могілках
Ульляна Мартыненка на Ламачоўскіх могілках

«Вось бачыце, наўкола лес гарэў, а могілкі нашыя агонь не зачапіў. А чаму? Бацька мой набожным чалавекам быў, маліўся, і агонь могілкі не зачапіў. Нейкая ж сіла ёсьць, калі агонь абышоў гэтае месца», — лічыць Ульляна Мартыненка, у дзявоцтве Лапуста.

У Ламачы Ўльляна прыехала з сынам. Сама яна жыве ў Хойніках, а сын, былы вайсковец, у Баранавічах.

«Да бацькі й дзеда мы прыехалі наўперад, — расказвае яна. — Зона ж адкрытая і надвор’е спрыяе. Агароджу падфарбуем, магілку прыбярэм. А то ж на самую Радаўніцу сыноптыкі дождж прагназуюць. На Радаўніцу паедзем ужо на бліжэйшыя могілкі, у Малішаў — там у мяне маці і сын пахаваныя».

Бацьку свайго й родныя мясьціны, якія пасьля Чарнобылю апынуліся за калючым дротам, 73-гадовая Ўльляна згадвае з удзячнасьцю і пашанай.

«Раздольле тут якое было! Прыпяць! Я апошняй у сям’і нарадзілася. Бацьку ўжо 56-ць было, як я нарадзілася. Мы зь ім і ў лес хадзілі, і рыбу на Прыпяці лавілі. Добры быў чалавек, спагадлівы. Нават цыганоў у хату пускаў, прыгашчаў іх, хоць іншыя асьцерагаліся», — кажа Ўльляна, якая сама тры дзесяцігодзьдзі адпрацавала на хлебазаводзе ў Хойніках.

Сямейны мэмарыял

Вёска Тульгавічы вядомая ў Вялікім Княстве Літоўскім яшчэ з 15-га стагодзьдзя. Яшчэ ў трыццатыя гады мінулага стагодзьдзя ў вёсцы, апроч кузьні і паравога млыну, існавала й свая сталеплавільня. Вялікае паселішча з сярэднявечнай гісторыяй перастала існаваць у сярэдзіне 1990-х. Засталіся толькі зарослыя кустоўем ды дзікім хмелем кінутыя хаты.

Тульгавічы — мёртвая вёска ў Чарнобыльскай зоне
Тульгавічы — мёртвая вёска ў Чарнобыльскай зоне

Улетку 1986 году, калі ўжо выбухнула атамная станцыя ў Чарнобылі, тут давялося бачыць атару калгасных авечак. Іх ня ведалі куды падзець — воўна ў авечак увабрала столькі радыяцыі.

Заставалася ў вёсцы і невялікая частка «адказьнікоў», якія наадрэз адмовіліся пакідаць свае сядзібы альбо вярталіся пасьля перасяленьня. У іх ліку быў і Іван Шамянок з жонкаю — толькі тры ці чатыры гады таму, калі жонка памерла, яго забрала ў Хойнікі дачка.

Уладзімер Казлоў сустрэў на могілках сябра Васіля Акуленку
Уладзімер Казлоў сустрэў на могілках сябра Васіля Акуленку

«Кожны год прыяжджаем з жонкаю і сынам, уся радня ў мяне тут — бацька, маці, бабуля, брат, цётка, — расказвае ўраджэнец Тульгавічаў, 67-гадовы інжынэр-будаўнік Уладзімер Казлоў, які прыехаў з сям’ёю ў зону з Калінкавічаў. — Падграбаем, папраўляем магілкі, успамінаем. Ім пачастунак на сподачку пакідаем. Чарку возьмем. А памінальная вячэра ўжо дома па вяртаньні

У мяне сэрца сьціскаецца, калі я прыяжджаю сюды і гляджу на ўсё гэтае запусьценьне. Такі край загубілі гэтай радыяцыяй. Хата наша яшчэ стаіць па-над рэчкай Віць. Я ж тут вырас, басяком гойсаў, у рэчцы купаўся з хлопцамі».

«Чарнобыль у баляках сядзіць»

Перасяленец Мікалай прыехаў з жонкай і сынам да родных магіл зь Менску. Мінула чвэрць стагодзьдзя, як перабраўся туды. Кажа, што ўсе ягоныя ўнукі ўжо нарадзіліся ў сталіцы.

«Улады цяпер імкнуцца Чарнобыль ня згадваць. Льготаў для пацярпелых, па сутнасьці, не засталося — ні таго дадатковага адпачынку з аплатай, ні санаторнай пуцёўкі, ні зьніжак на камунальныя», — Мікалай махае кавенькай, даючы зразумець, што размовы на гэтую тэму яму ўяўляюцца цалкам марнымі.

Але Чарнобыль нікуды ня зьнікнуў, кажа ён:

«Едзем сюды і бачым, як яго тут сьцерагуць. Але ён ня толькі тут. Ён жа яшчэ і ў нашых баляках сядзіць, падарожнічае з намі».

Пяць магілаў на тульгавіцкім пагосьце наведвала ў нядзелю 85-гадовая Галіна Міхед. Седзячы на подсьцілцы на зямлі, бабуля дзеліць купленыя штучныя кветкі на пяць купак.

Галіна Міхед з нябогай Надзеяй
Галіна Міхед з нябогай Надзеяй

«У мяне тут бацька, маці, дзьве сястры і брат ляжаць. Прыехалі зь нябогаю ім пакланіцца, кветкі прывезьлі, велікодныя яйкі, пірага. Пагутару са сваімі — і лягчэй на душы. Я ўжо й сама сюды зьбіраюся», — як пра нешта будзённае й даўно вырашанае кажа бабуля Галіна.

Яе нябога, сестрына дачка Надзея Акуленка з Хойнікаў, заўважае, што апошнім часам усё менш памерлых прывозяць на пахаваньне ў зону.

«У гэтай зоне ў нас дзьве журбы: бацькі на могілках і кінутыя родныя хаты, дзе на кожным кроку радыяцыя, — канстатуе Надзея Акуленка. — І хоць сьвятары кажуць, што лепшая памяць пра памерлых — гэта малітва ў царкве, але ж і могілкі трэба наведваць. Гэта і памяць, і традыцыя».

Кажушкі падобныя да Хатыні

Вёска Кажушкі месьціцца на левабярэжжы Прыпяці кілямэтраў за дзесяць ад Тульгавіч. Паабапал гравійкі цягнецца да самай вёскі такі ж згарэлы сасоньнік, як і ў бок Тульгавіч. Што зь ім рабіць, мусіць, ніхто толкам ня ведае, уключна з акадэмічным Інстытутам лесу, які мае на сваёй тэрыторыі Гомельшчына.

Абгарэлыя дрэвы выкарчаваны і адсунуты бульдозэрамі ад дарогі. За імі — мёртвы абвуглены лес на дзясяткі гектараў.

Кажушкі, печы бяз хатаў
Кажушкі, печы бяз хатаў

Саміх Кажушкоў таксама няма — толькі напаўразбураныя цагляныя печы з рэшткамі комінаў. Ды яшчэ прывідамі высяцца калгасныя камяніцы — збожжасушыльны комплекс, фэрма, гаражы ды майстэрня для рамонту тэхнікі. Ад апошняй засталіся калёны з жалезабэтоннымі бэлькамі. У чэрвені 2015 году тут пракаціўся моцны пажар. Што ці хто стаўся таму віною, да гэтага часу ня высьветлена. Ківаюць найбольш на браканьераў.

Па шляху на могілкі, трапляюцца машыны зь менскімі, гомельскімі ды расейскімі нумарамі. Могілкі ў Кажушках, у адрозьненьне ад панурага навакольля, выглядаюць дагледжанымі. І хоць час набліжаецца да 16-й гадзіны, на могілках шчыруюць сваякі з роду Данчанкаў — падграбаюць, упрыгожваюць магілы кветкамі, кладуць на сподачкі фарбаваныя яйкі, скібкі пірагу ды цукеркі. Велікодны пачастунак памерлым — сакральны рытуал.

Пачастунак памерлым
Пачастунак памерлым

«Мы прыехалі сюды з братам, яго жонкаю і сынам, — кажа Ада Данчанка, якая перасялілася ў вёску Шыічы Калінкавіцкага раёну, куды ўлетку 1986 году пераехала бальшыня жыхароў Кажушкаў. — Тут у нас маці й бацька пахаваныя. Яны жадалі спачываць у сваёй зямлі — мы іх і прывезьлі сюды на пахаваньне.

Пра катастрофу на ЧАЭС бацькі нашы, канечне, ведалі. А пра пажар — не. Тата памёр у 2010 годзе, мама — у 2014-м. Расказвалі, што вёска наша яшчэ ў вайну моцна пацярпела — немцы яе спалілі. Але ж адбудавалі яе нашыя бацькі й дзяды. А пасьля Чарнобылю вёска, відаць, ужо не паўстане ніколі».

Ада Данчанка
Ада Данчанка

На момант катастрофы ў Кажушках жылі 214 сем’яў. Да ЧАЭС адсюль сорак кілямэтраў, але зямля і тут з-за радыяцыі сталася непрыдатнай для жыцьця.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG