Беларусы амаль цалкам сабралі грошы на праект помніка Тадэвушу Касьцюшку, прапанаваны Глебам Лабадзенкам: за бліжэйшыя тры дні трэба дазьбіраць менш за тысячу рублёў, 6% патрэбнай сумы. Беларускія праекты здольныя зьбіраць дзясяткі тысяч даляраў — беларусы ахвотна даюць грошы на музыку, кнігі, відэагульні, спорт, СМІ і дабрачыннасьць.
Акурат цяпер актыўныя больш за 2000 праектаў. Свабода называе некаторыя папулярныя і нацыянальна-арыентаваныя праекты.
Сталая падпіска на добрыя справы
Нядаўна часопіс «Імёны», з дапамогай якога ўжо сабралі звыш 400 тысяч рублёў на дабрачыннасьць, запрацаваў з новым для Беларусі відам краўдфандынгу, раней прадстаўленым на Talaka.by: ня разавая плата, а рэгулярныя штомесячныя платы на добрыя справы.
Аўтаматычнымі ахвяраваньнямі на суму ад 3 рублёў штомесяц можна зрабіць, напрыклад, на прытулак для жанчын і дзяцей, якія сталі ахвярамі хатняга гвалту, на выязную службу дзіцячага госьпісу, на дзейнасьць самога часопіса і на іншыя праекты.
«ЦЭХ»: «Яны не дачакаюцца»
У пачатку лістапада менскую культурную прастору «ЦЭХ» зноў выселілі без тлумачэньня прычынаў. Цяпер «ЦЭХ» знаходзіцца ў няпэўным стане і просіць фінансавай падтрымкі, але прызнаецца: ня можа нічога абяцаць у адказ на ахвяраваньне, акрамя як «застацца і надалей працаваць».
Мапа БНР «у кожны дом»
25 сакавіка 2017 году споўніцца 100 год абвяшчэньню незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. Студыя imago.by прапанавала выдаць наклад папяровых копіяў гістарычнае мапы з пазначэньнем межаў, у якіх абвяшчалася БНР.
Атрымаць копію мапы можна за суму ад 5 рублёў.
Навіны па-беларуску
Горадзенскі беларускамоўны партал працуе ўжо 10 год — спачатку пад назвай «Твой стыль», цяпер як Hrodna.life. Партал называе сябе «адзіным у Горадні выданьнем зь місіяй». Але прызнаецца: беларускамоўнаму выданьню ў Беларусі цяжка выжыць. Таму прапануе аформіць розныя віды падпіскі: напрыклад, за 5 рублёў на месяц можна атрымаць фірмовы кубак, за 10 рублёў — прагляд сайту без рэклямы, за 40 рублёў — запрасіць любімага журналіста на каву ці піва.
Таксама грошы на сваю працу цяпер зьбірае сайт «Крыніца.інфо» — хрысьціянскі беларускамоўны партал. Збор прайшоў ня надта пасьпяхова: застаўся 1 дзень, а сабраная толькі чвэрць патрэбнае сумы. На краўдфандынгу жыве расейскамоўны (але беларусацэнтрычны) гісторыка-палітычны блог 1863x.com — пастаянна зьбірае сродкі і штомесяц дае справаздачы аб сваіх посьпехах.
Кіно па-беларуску
Таксама штомесячныя платы прапануюць рабіць для праекту «Беларускія ўікэнды», у межах якога замежныя фільмы перакладаюць на беларускую мову і дэманструюць у кінатэатрах. Нядаўна адбылася нават першая ў гісторыі сучаснай Беларусі масавая прэм’ера замежнага фільму ў беларускім перакладзе. За 10 рублёў на месяц можна атрымаць запрашальны квіток на кожны фільм праекту (штомесяц перакладаюць новы фільм), за большыя сумы — электронныя вэрсіі агучваньня, фірмовыя саколкі і нават удзел у агучваньні.
Асобна зьбіраюць сродкі на беларускамоўную вэрсію фільму «Жоўты пясочак» паводле апавяданьня Васіля Быкава, які адмовіліся паказваць на БТ і ў бальшыні кінатэатраў.
Відэа для ўсёй сям’і па-беларуску
Хоць беларускамоўных відэа багата на розных сэрвісах (тым жа Youtube), нейкай асобнай кнопкі «паказаць толькі па-беларуску» нідзе няма. Нават у беларускай дзяржаўнай тэлевізіі няма асобнага беларускамоўнага тэлеканалу. Ёсьць толькі незалежны «Белсат». Стварыць беларускамоўны дзяржаўны тэлеканал прапануе дэпутатка Алена Анісім.
А тым часам праграміст Аляксандар Ворвуль прапануе сабраць 12 тысяч рублёў на сайт, дзе будуць публікавацца выключна беларускамоўныя відэа для сямейнага прагляду.
Дзіцячыя кнігі па-беларуску
На сайце Ulej.by цяпер зьбіраюць сродкі на выданьне дзьвюх кніг. Прыватнае выдавецтва «Галіяфы» зьбірае грошы на дзіцячую кнігу «Дзьве авечкі» Вольгі Гапеевай, папярэдняя кніга якой — «Сумны суп» — была названая Кнігай 2015 году.
А выдавецтва «Адукацыя і выхаваньне» зьбірае грошы на беларускамоўнае выданьне кнігі «Князь полацкі Ўсяслаў па празваньні Чарадзей». Раней кніга выйшла ў гэтым дзяржаўным выдавецтве «звычайным» шляхам па-расейску, а чаму беларускую вэрсію трэба фінансаваць праз краўдфандынг, не ўдакладняецца.
Бясплатныя курсы беларускай мовы
Праект «Мова Нанова» працягвае дзейнасьць у 11 беларускіх гарадах, але для арганізацыі бясплатных курсаў грошы патрэбныя самім арганізатарам на арэнду памяшканьня і тэхнічнае абсталяваньне, а таксама на пачатак працы ў новых гарадах. За 5 рублёў на месяц можна атрымаць у падарунак студэнцкі білет курсаў, паводле якога дае зьніжкі амаль сотня фірмаў і крамаў, за 20 рублёў на месяц — яшчэ і падпіска на ўсе беларускамоўныя кнігі выдавецтва «Мэдыял» і разавыя падарункі.
Бясплатны «Сьпеўны сход»
Таксама працягвае дейнасьць — і зьбірае на яе грошы — «Сьпеўны сход» пад кіраўніцтвам Сержука Доўгушава. Двойчы на месяц кожны ахвочы можа павучыцца фальклёрным сьпевам, у тым ліку з удзелам вядомых музыкаў. За 20 рублёў на месяц можна атрымаць майстар-клясу вакалу, за 50 рублёў на месяц — яшчэ і квіткі на ўсе канцэрты Доўгушава і гурту Vuraj.
«Дударскі клюб» — цяпер таксама бясплатны
Раней канцэрты «Дударскага клюбу» былі «ўмоўна бясплатнымі»: бары давалі памяшканьне, куды слухачоў пускалі, калі купяць нешта на пэўную суму. Цяпер «Дударскі клюб» хочуць зрабіць з цалкам вольным уваходам — на гэта трэба сабраць 4 тысячы рублёў. За ахвяраваньне ў 5 рублёў абяцаюць нават пацалунак ад дудара ці дударкі.
P.S.
Па-ранейшаму ў Беларусі дзейнічае краўдфандынгавы праект з прынцыпова іншай схемай: на MaeSens.by не ахвяруюць грошы наўпрост, а купляюць на аўкцыёнах сустрэчы зь цікавымі людзьмі, а выручаныя грошы ўжо ідуць на дабрачыннасьць. А Офіс за дэмакратычную Беларусь цяпер набірае людзей на праграму навучаньня сацыяльнаму прадпрымальніцтву, дзе будуць вучыць у тым ліку краўдфандынгу.