Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь яшчэ больш адстала ад Украіны ў Рэйтынгу сацыяльнага разьвіцьця


Рэйтынг сацыяльнага разьвіцьця-2017
Рэйтынг сацыяльнага разьвіцьця-2017

Апублікаваны чарговы Рэйтынг сацыяльнага разьвіцьця (Social progress index), распрацаваны пад кіраўніцтвам прафэсара Гарварду і кіраўніка The Social Progress Imperative Майкла Портэра.

У 2017 годзе Беларусь паднялася ў рэйтынгу на адну пазыцыю, з 66-й на 65-ю са 128. Але Беларусь павялічыла адставаньне па суме паказьнікаў ад суседняй Украіны, якая сёлета на 64-м месцы. Сёлета ў Беларусі 67,8 бала, ва Ўкраіны — 68,35, а яшчэ ў 2014 годзе разрыў быў толькі ў 0,16 бала.

Арганізацыя Social Progress Imperative, што складае рэйтынг, вызначае паняцьце сацыяльнага прагрэсу як «здольнасьць грамадзтва задавальняць асноўныя патрэбы сваіх грамадзян; вытвараць структурныя элемэнты, якія дазваляюць грамадзянам і групам насельніцтва павышаць і падтрымліваць якасьць іх жыцьця; стварыць такія ўмовы для ўсіх людзей, у якіх яны могуць цалкам раскрыць свой патэнцыял».

На першым месцы ў сьвеце Данія, ад яе зь мінімальным адрывам адстаюць Фінляндыя, Ісьляндыя, Нарвэгія, Швайцарыя, Канада, Нідэрлянды і Швэцыя.

Суседзі Беларусі ў рэйтынгу — Парагвай, Турэччына, Тайлянд, Дамініканская рэспубліка і Ўкраіна (60-64 месцы) і Паўднёвая Афрыка, Расея, Філіпіны, Балівія і Эль-Сальвадор (66-70 месцы). Заходні геаграфічны сусед Польшча на 32 месцы, паўночныя суседзі Літва, Латвія і Эстонія адпаведна на 35, 34 і 23 месцах.

Асабліва слабымі месцамі Беларусі называюцца даступнасьць недарагога жытла, агульны паказьнік здароўя, чаканая працягласьць жыцьця, заўчасныя сьмерці дзяцей ад неінфэкцыйных захворваньняў, колькасьць суіцыдаў на душу насельніцтва (з гэтым асабліва кепска, 125-е месца ў сьвеце), агульная якасьць навакольнага асяродзьдзя, забруджаньне паветра, біяразнастайнасьць, выкіды парніковых газаў, агульны ўзровень правоў чалавека, палітычныя правы, свабода выражэньня думкі і свабода асацыяцыяў, свабода прэсы, права на прыватную ўласнасьць, свабода жыцьцёвага выбару, свабода рэлігіі, талерантнасьць да эмігрантаў і сэксуальных меншасьцей.

Затое Беларусь у рэйтынгу мае добрыя паказьнікі ў доступе да харчоў і электрычнасьці, малы ўзровень гвалтоўных злачынстваў, добры доступ да базавай і сярэдняй адукацыі, роўны для розных палоў доступ да адукацыі, высокае пранікненьне мабільнай сувязі, добрую рэлігійную талерантнасьць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG