Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заробкі беларусаў зноў зьменшыліся


Пра гэта 25 траўня паведаміў Нацыянальны статыстычны камітэт Беларусі.

Паводле афіцыйных дадзеных, у красавіку 2015 году рэальны заробак з улікам спажывецкіх цэнаў на тавары і паслугі скараціўся на 0,1% параўнальна з сакавіком. А ад пачатку году зьмяншэньне складае ўжо 3,2%.

Такая дынаміка рэальнага заробку ў нашай краіне цалкам залежыць ад дынамікі інфляцыі, — адзначае ў камэнтары Свабодзе экспэрт Лібэральнага клюбу Антон Болтачка:

Антон Болтачка
Антон Болтачка

«Штомесячная інфляцыя апошнім часам у нас запаволілася. І якраз гэта дазваляе рэальным заробкам ня падаць хуткімі тэмпамі. Яны зьніжаюцца пераважна пад ціскам фінансавага стану прадпрыемстваў.

Такі трэнд па заробках у Беларусі вызначаецца словамі кіраўніка дзяржавы. То бок гэта курс на захаваньне таго ўзроўню аплаты працы, які быў раней. Пра падвышэньне ўжо гаворка не ідзе. Галоўным робіцца — ня даць заробкам да канца сёлетняга году значна зьменшыцца параўнальна з роўнем пачатку 2015-га».

Дрэнны стан спраў у прамысловасьці ўлады прызнаюць. Фактычна гэта пацьвярджаюць і заробкі ў галіне, якія параўнальна зь першымі чатырма месяцамі 2014 году зьменшыліся тут амаль на 10%. Аднак яшчэ большае падзеньне сёлета статыстыка фіксуе ў будаўніцтве — тут заробкі скараціліся на 15,2%.

Фінансавы стан будаўнічай галіны цяпер далёка не найлепшы, — тлумачыць Антон Болтачка:

«Нягледзячы на тое, што ў эксплюатацыю здаецца пэўная колькасьць квадратных мэтраў жыльля, часта ў лік гэтых мэтраў ідуць праекты, якія былі запушчаныя раней, але не дайшлі да стадыі запуску ў эксплюатацыю. Цяпер жа новыя пляцоўкі закладаюцца радзей, новых праектаў становіцца ўсё меней. Попыт на прафэсіяналаў у галіне падае. Заробкі — таксама».

Зь месяца ў месяц статыстыка пацьвярджае, што найлепшыя заробкі ў Беларусі атрымліваюць тыя, хто працуе ў галіне «фінансавая дзейнасьць», найгоршыя — у адукацыі. Так, у красавіку намінальны заробак фінансістаў склаў 11 мільёнаў 721 тысячу рублёў, працаўнікоў адукацыі — 4 мільёны 828 тысяч.

Паводле Антона Болтачкі, гэта — адлюстраваньне той структуры эканомікі, якая існуе цяпер у Беларусі. І пакуль ня будзе структурных зьмяненьняў ва ўсёй эканоміцы, гэтая прапорцыя будзе захоўвацца. «Магчыма, нейкія непрынцыповыя зьмяненьні ў суадносінах максымальнага і мінімальнага сярэдняга заробку па галінах могуць і адбывацца. Але сама градацыя, сам падзел на найбольшае і на найменшае будуць тымі ж».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG