У Маскоўскім раённым судзе Менска вынесьлі прысуд па справе памерлага на «Валадарцы» вязьня Ігара Пцічкіна.
Фэльчар СІЗА № 1 Аляксандр Крылоў, якога прызналі вінаватым ў неналежным выкананьні службовых абавязкаў, што спрычынілася да сьмерці Ігара Пцічкіна, асуджаны на тры гады калёніі-пасяленьня. Яму таксама забаранілі пяць гадоў займаць пасады ў мэдычных установах.
Аляксандр Крылоў сваёй віны ў судзе не прызнаў і сказаў, што будзе абскарджваць прысуд. У тым ліку Аляксандр Крылоў ня згодны, што Пцічкін памёр празь ягоны дазвол прывязаць вязьня да ложка больш як на 18 гадзін.
Жана Пцічкіна, маці загінулага, заявіла пасьля абвяшчэньня выраку: «Проста знайшлі стрэлачніка. Мы будзем далей дамагацца расьсьледаваньня і пакараньня вінаватых. А калі Крылоў узяў на сябе гэта, значыць, ён ня можа сказаць праўду, інакш яго забʼюць». Пцічкіна пакуль ня ведае, ці будзе абскарджваць прысуд.
Жана Пцічкіна думае, што ейны сын прабыў прывязаным да ложка рамянямі больш за 20 гадзін, і пры гэтым яму не давалі піць і хадзіць ў прыбіральню, хоць тэмпература ў камэры была каля 32 градусаў. Таксама Жана Пцічкіна не выключае, што яе сына ў прывязаным стане зьбівалі і катавалі «ластаўкай». Маці спасылаецца на сьляды на руках сына і кровападцёкі на твары і грудзях сына.
Ігар Пцічкін памёр на «Валадарцы» ў пачатку жніўня 2013 году ўсяго пасьля некалькіх дзён арышту, які атрымаў за кіраваньне аўтамабілем у нецьвярозым стане. Паводле фэльчара Аляксандра Крылова, у арыштанта Пцічкіна пачаўся пасьлянаркатычны сындром, паводзіны сталі неадэкватнымі, і нібыта ў мэтах бясьпекі самога вязьня ды ягоных сукамэрнікаў ён распарадзіўся прывязаць Пцічкіна да ложка адмысловымі рамянямі.
Паводле большасьці экспэртаў, якіх дыпытаў суд, Ігар Пцічкін памёр ад сардэчнай недастатковасьці, якая стала вынікам шэрагу прычын, у тым ліку наркатычнай і алькагольнай залежнасьці.
Аднак сама меней два экспэрты гэта аспрэчвалі і спасылаліся на разрывы сардэчнай тканкі ды згусткі крыві ў бронхах, якія можна атрымаць толькі ад «тупога ўдару ў сардэчную вобласьць». Між тым сьледзтва вэрсію пра зьбіцьцё Ігара Пцічкіна на «Валадарцы» не пацьвердзіла.