Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Залатую літару» ад Глобуса атрымае Андрусь Горват


Адам Глобус
Адам Глобус

Прэмію «Залатая літара — 2016», якую заснаваў літаратар і мастак Адам Глобус, сёлета атрымае Андрусь Горват за кнігу «Радзіва «Прудок».

«Калі аўтар закладае ўласнае жыцьцё ў кнігу — гэта вельмі важна. Гэта ня выдуманае, гэта наша з вамі жыцьцё», — так тлумачыць свой выбар спадар Глобус. Заснавальнік прэміі «Залатая літара» адказаў на пытаньні Свабоды.

— Вакол літаратурных прэмій апошнім часам разгортваюцца самыя сапраўдныя жарсьці. Цалкам непрадказальна прэмію Гедройця атрымаў Макс Шчур за кнігу «Завяршыць гештальт». Прэмію «Кніга году 2016» нечакана для чытачоў, якія таксама ўдзельнічалі ў галасаваньні, атрымала Наста Кудасава за зборнік паэзіі «Маё невымаўля», хоць чытачы аддалі сваю перавагу іншым аўтарам, у тым ліку і Андрэю Горвату. Вось гэтыя прыклады неяк паўплывалі на ваш выбар?

— Мая прэмія, каму хачу — таму даю. А што тычыцца шуміхі вакол прэміяў — на мяне мала хто ўплывае. Я адрозьніваюся ад усіх іншых, хто дае прэміі, тым, што я ўсе кніжкі абавязкова чытаю. Я ўважлівы чытач, прачытаў кніжку і лічу, што яна вартая гэтай прэміі. Я заўсёды на баку чытачоў, і паколькі «Радыё «Прудок» — гэта новы фэномэн, новае слова ў беларускай літаратуры, вырашыў прысудзіць прэмію Горвату. Я кнігу прачытаў, я сам яе выбраў, хай гэта прагучыць эгаістычна.

Калі аўтар закладае ўласнае жыцьцё ў кнігу — гэта вельмі важна. Гэта ня выдуманае, гэта наша з вамі жыцьцё. Наш тэатар Янкі Купалы, нашы «Людзі на балоце», нашы нобэлеўскія прэміі — гэта ўсё наша.

А кніжка значна лепшая за ўласна яго блог. Вось у Горвата ёсьць блог, і ўсім здаецца, што ён блог аформіў у кніжку. Не! Кніжка — гэта зусім іншы фэномэн. Гэта адрэдагаванае, выбранае, лепшае з блогу. Добра чытаецца. Сьвежа, актуальна.

— А якая па ліку гэта прэмія?

— Гэта ўжо чатырнаццатая прэмія «Залатая літара». Бывае, з выбарам я памыляюся. Апошнім часам даваў прэмію надзейным людзям, а цяпер вырашыў прысудзіць дэбютнай кнізе. Звычайна я абвяшчаю ляўрэата 25 сакавіка, у Дзень Волі, але ўжо вызначыўся і вырашыў не рабіць з гэтага сакрэту.

— А калі будзе сама імпрэза, урачыстая цырымонія?

— Мы яшчэ ня зьвязваліся, не абгаворвалі. Але ўзнагарода знойдзе героя. Я ніколі не раблю вялікай помпы з самой імпрэзы. Звычайна выпіваем кубачак кавы — можа, нават у кафэтэрыі ўнівэрсаму «Цэнтральны». Падарую Андрусю сваю кніжку, можа, ён штосьці знойдзе там. Пра суму казаць ня буду — яшчэ падатковую інспэкцыю зацікаўлю.

Сёлета, акрамя Андруся Горвата з «Радыё «Прудок», Адам Глобус разглядаў кандыдатуры наступных аўтараў:

  • Леніна Міронава («Мікола Селяшчук. Добры чараўнік зь Беларусі»);
  • Анатоль Астапенка («Міхась Стральцоў. Гросмайстар беларускага слова»);
  • Сяргей Харэўскі («Асмалоўка: дамы і мары»);
  • Віктар Корбут («Ад Мінска да Вільні. Гісторыя Беларусі ў журналісцкіх нататках»);
  • Дзьмітры Сурскі («Тутэйшы дызайн. Асобы. Рэчы»).

У розныя гады ляўрэатамі «Залатой літары» былі Ўладзімер Арлоў, Валянцін Акудовіч, Сяргей Харэўскі, Андрэй Хадановіч, Ігар Бабкоў, Міраслаў Адамчык, Севярын Квяткоўскі, Андрэй Федарэнка, Леанід Галубовіч ды іншыя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG