Заявы падалі намесьніца галоўнага рэдактара Ірына Крыловіч, адказны сакратар Юры Сезень, фінансавы аглядальнік Уладзімер Тарасаў, загадчык аддзелу нерухомасьці Паліна Легіна, загадчык аддзелу культуры Ганна Ждановіч і карэспандэнт Аляксей Аляксандраў.
Пра гэта паведаміла Радыё Свабода Ірына Крыловіч. Паводле яе слоў, чатыры чалавекі напісалі заяву аб звальненьні з 4 траўня, а двое — з 30 красавіка, і ніхто з журналістаў не зьбіраецца адмаўляцца ад працы да гэтага часу. (Паводле заканадаўства заяву трэба падаваць ня менш як за месяц да плянаванага звальненьня. — РС).
Ірына Крыловіч таксама адзначыла, што журналісты газэты думаюць пра магчымасьць рэалізацыі новага праекту ў інтэрнэце. (У сувязі з гэтым варта заўважыць: нядаўна Крыловіч абвясьціла ў сваім Фэйсбуку, што выкупіла дамэн belrynok.by.)
Крызіс у рэдакцыі газэты «Белорусы и рынок» быў выкліканы зьменай складу акцыянэраў ЗАТ «Мэдыярынак», якое выступае заснавальнікам штотыднёвіка «Белорусы и рынок». Стваральнік, распрацоўнік канцэпцыі і галоўны рэдактар Вячаслаў Хадасоўскі, які кіраваў газэтай на працягу ўсіх 25 гадоў існаваньня, прадаў большую частку сваіх акцыяў некалькім прыватным асобам, у ліку якіх — генэральны дырэктар «Эўрарадыё» Зьміцер Новікаў. Новыя акцыянэры прызначылі новага галоўнага рэдактара — былую рэдактарку часопіса «Белорусское сельское хозяйство» Валянціну Вештарт. Сам Вячаслаў Хадасоўскі атрымаў сымбалічную пасаду шэф-рэдактара.
Новая галоўная рэдактарка Валянціна Вештарт адразу абвясьціла пра перафарматаваньне выданьня — у прыватнасьці, пра тое, што будзе адмаўляцца ад палітычных тэмаў і скасуе адпаведны аддзел, а таксама ўвядзе іншыя падыходы да працы. Журналісты з гэтым прынцыпова ня згодныя.
У мінулы чацьвер калектыў рэдакцыі апублікаваў адкрыты зварот да акцыянэраў «Мэдыярынку», у якім выказаў недавер галоўнаму рэдактару. Пасьля гэтага галоўны акцыянэр «Мэдыярынку» Зьміцер Новікаў у інтэрвію Радыё Свабода заявіў, што не зьбіраецца звальняць Вештарт, і паабяцаў дзейнічаць жорстка.